Вандроўка з краязнаўцам. Людзі “залатога ўзросту” наведалі Жодзішкі
18 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў. З гэтай нагоды актыўныя людзі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту на базе УТЦСАН “Цёплы дом” разам са мной адправіліся ў гістарычную вандроўку па роднай Смаргоншчыне, наведалі аграгарадок Жодзішкі.
Такія сумесныя падарожжы ўжо становяцца добрай традыцыяй (летась мы наведалі сядзібу Францішка Багушэвіча ў Кушлянах). Чаму менавіта Жодзішкі? Жодзішкаўская зямля багатая на гісторыка-культурныя каштоўнасці. Толькі ў самім аграгарадку знаходзяцца 4 помнікі архітэктуры, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, жодзішкаўскай святыні, касцёлу Прасвятой Троіцы, сёлета спаўняецца 410 год.
Падарожнікі з вялікай цікавасцю ў сценах старажытнай святыні слухалі пра шматвяковую гісторыю храма і жодзішкаўскага краю. Любаваліся роспісамі Пётра Сергіевіча, зробленымі ў касцёле ў 1937 годзе. Далей вандроўнікаў чакала экскурсія ад краязнаўцы, гісторыка, паэта, барда Алега Мізулы. Мы наведалі помнік архітэктуры ў стылі барока. Гісторыя былога езуіцкага калегіума, якую апавядаў краязнаўца, пад шум дажджу гучала загадкава і захапляльна. Падарожнікі нават змаглі трапіць у падвальнае памяшканне, са сцен якога, здавалася, “дыхае” гісторыя.
Тры гадзіны праляцелі як адно імгненне. Напрыканцы ўдзельнікаў экскурсіі чакаў гарачы пасілак у аграэкасядзібе “Вялес” і невялікі канцэрт ад гаспадара.
Усе вандроўнікі былі аднадушныя ў меркаванні: патрэбна ведаць гісторыю свайго краю, а такія падарожжы, знаёмствы з цікавымі людзьмі, месцамі, гістарычнымі помнікамі вельмі важныя і неабходныя, бо тыя сляды, па якіх прайшліся вандроўнікі, вядуць у мінулае, якое ўжо ніколі не вернецца, але назаўсёды застанецца ў нашай свядомасці, а значыць, будзе ўплываць на будучае.
Наталля ЧУДАКОЎСКАЯ,
метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны РЦК.