“Праца падлівае алей у лямпу жыцця”. Юбілей адзначае дырэктар філіяла №7 “Смаргоньсілікатабетон” Алена Ярмак

 

“Праца падлівае алей у лямпу жыцця”. Юбілей адзначае дырэктар філіяла №7 “Смаргоньсілікатабетон” Алена Ярмак

Общество
20.04.2022
1526
“Селф мэйд” (у перакладзе з англійскай мовы – сябе зрабіў). У сучасным свеце так называюць людзей, якія дабіліся поспеху самастойна, без дапамогі іншых. Яны мэтанакіраваныя і заўсёды даводзяць справу да канца. Несумненна, гэта азначэнне можна аднесці да нашай гераіні – Алены Ярмак, дырэктара філіяла №7 “Смаргоньсілікатабетон”.

IMG_3066.jpg


“Не дазваляй душы ленавацца…”

Алена Янаўна нарадзілася на Лідчыне, у сям’і, у якой, без перабольшання, існаваў культ працы. “Мае бацькі былі паляводамі, дома трымалі вялікую гаспадарку. Калі яны адпачывалі, адказаць цяжка. І чацвярых дзяцей да работы прывучалі з ранніх гадоў. А яшчэ яны выхоўвалі нас паміж сабой дружыць, паважліва ставіцца да старасці,  быць добрасумленнымі, справядлівымі, жыць без падману, паклёпу, не браць чужога, дзяліцца з іншымі тым, што ў цябе ёсць. Вучылі не толькі словам, але і справай, уласным прыкладам. Бацькі ніколі не патрабавалі ад нас высокіх адзнак у школе, але ўнутранае “я” не дазваляла паслаблення ў вучобе, - расказвае Алена Ярмак. – У сям’і было заведзена, што да новага навучальнага года не толькі бацькі, але і дзеці самі рыхтаваліся. За лета я зарабляла грошы на школьныя прыналежнасці, спартыўны касцюм. Разам з мамай палола калгаснае жыта, ячмень, суседзям дапамагала пасвіць кароў. Свой першы рубель  зарабіла ў восем гадоў – пасла кароў пажылых суседзяў, дзеці якіх жылі далёка і не маглі часта прыязджаць да бацькоў”.

Неўзабаве “поле дзейнасці” Алены пашырылася. Яна навучылася даглядаць за хатняй жывёлай, даіць кароў, разам з мамай шчыравала на праполцы калгасных буракоў.

“Калі сталі набіраць групы ў вучэбна-вытворчым камбінаце, дзяўчатам-старшакласніцам прапанавалі запісвацца ў повары, хлопцам – у механізатары. Але я вырашыла, што ў повары не пайду, гэтай справе можна і без курсаў навучыцца. Запісалася ў механізатары, аказалася адзінай дзяўчынай у групе, але мяне гэта не бянтэжыла. Я любіла спазнаваць новае, - усміхаецца мая суразмоўца. – Напэўна, нядзіўна, што ў 19 гадоў, калі я ўжо была студэнткай, пайшла памочнікам камбайнера да брата. Брат быў малады, але адказны, вопытны работнік. Яму даверылі новенькі “Дон”, і мы цэлы сезон ад цямна да цямна адпрацавалі на хлебнай ніве. Занялі ў раёне першае месца. Пасля гэтага брат яшчэ шмат сезонаў быў у перадавіках”.


Па сходках кар’ернай лесвіцы

Калі стала пытанне вызначацца з будучай прафесіяй, Алена моцна не вагалася – падала дакументы ў політэхнічны інстытут на спецыяльнасць інжынер-тэхнолаг-будаўнік. Яе заўсёды цікавілі дакладныя навукі. Рашаць задачы магла нават у дарозе. “Ад школы да хаты было пяць кіламетраў, перад выхадам чытаю ўмовы задачы, пакуль іду, прадумваю варыянты рашэння, а дома застаецца занатаваць іх у сшытак”, - удакладняе мая суразмоўца. А я пра сябе дзіўлюся: калі б такія вясковыя самародкі мелі тыя магчымасці для развіцця сваіх здольнасцей, якія ёсць у сучасных дзяцей, кім бы яны выраслі? Прафесарамі, акадэмікамі?..

І прыкладна такое ж пытанне задае сама Алена Янаўна, калі расказвае пра захапленне спортам: “Усе мы былі вельмі спартыўнымі. І мае браты, і сястра, і я. Лёгкая атлетыка, лыжы, настольны тэніс, шахматы … Ездзілі на спаборніцтвы, добра выступалі. І гэта пры тым, што спецыяльна з намі ніхто не займаўся. А якія б паказвалі вынікі, калі б дадаткова трэніраваліся? Праўда, адзін мой брат пайшоў у спорт, прафесійна займаўся хакеем на траве, выступаў за зборную Беларусі”.

Пасля заканчэння інстытута, у 1989 годзе, Алена атрымала размеркаванне ў Смаргонь, на сілікатны завод. Першы месяц работы стаў своеасаблівым курсам маладога байца: дыпламаванага спецыяліста паставілі дыспетчарам вытворчай службы. “Мой першы рабочы дзень аказаўся… ноччу, - прыпамінае жанчына. - Я выйшла ў начную змену. У мае абавязкі ўваходзіла адсочваць, як выконваецца план на вытворчасці, калі з’яўляюцца праблемы, неадкладна паведамляць пра іх у адпаведныя службы. Так, гэта работа не патрабавала нейкіх спецыяльных ведаў, якія даюць ў ВНУ, але для мяне аказалася карыснай. Я знаёмілася з заводам, з яго структурнымі падраздзяленнямі, з людзьмі”.

Праз месяц маладога спецыяліста перавялі ў цэх ячэістага бетону інжынерам-тэхнолагам. На вытворчасці былі пэўныя цяжкасці, не хапала людзей, кульгала дысцыпліна. Часам Алене даводзілася асвойваць тое, чым займаліся рабочыя, напрыклад, дазіраваць сыравіну і кампаненты для вытворчасці ячэістага бетону. Неўзабаве яна магла, пры неабходнасці, замяняць дазіроўшчыка.

Сваю другую палавіну Алена Янаўна таксама знайшла на заводзе. Гэта быў службовы раман. За Віктара, які цяпер тут працуе намеснікам галоўнага інжынера па ахове працы, яна выйшла замуж у 1990 годзе. У сям’і нарадзіўся хлопчык. Пасля дэкрэтнага адпачынку,  у 1995 годзе, Алена зноў выйшла на работу.


Не пасаваць перад цяжкасцямі

 “Ліхія 90-ыя” адлюстраваліся і на рабоце сілікатнага завода. Маладая жанчына трапіла пад скарачэнне. “Шукаць іншае месца працы я не рашылася: найперш мне было сорамна перад бацькамі, таму імкнулася застацца на прадпрыемстве. Праз гады магу адназначна сказаць: я правільна зрабіла, што не кінула завод, хаця многія мае аднакурснікі – паспяховыя студэнты, перакваліфікаваліся. Будаўнічая галіна пазбавілася моцных спецыялістаў”, - з жалем зазначае мая суразмоўца.

Тады Алене Ярмак прапанавалі пасаду аператара ў машынаразліковым бюро. Вышэйшай адукацыі тут не патрабавалася, а вось матэматычныя навыкі – яшчэ як спатрэбіліся. Хутка Алена Янаўна стала ўнікаць у работу бухгалтэрыі, яе паставілі налічваць зарплату. Паступіла на завочнае аддзяленне БДУ, дзе атрымала чырвоны дыплом бухгалтара-эканаміста.

Падчас вучобы ў ВНУ яна ўжо была вядучым бухгалтарам, асвоіла сістэму падаткаабкладання. Калі прадпрыемства стала акцыянерным таварыствам, ёй давялося рабіць справаздачы, у якіх адлюстроўваліся ўсе паказчыкі завода. Яна вучылася іх аналізаваць, шукаць магчымасці, як гэтыя паказчыкі палепшыць.

Неўзабаве было прынята рашэнне сіліканты завод аб’яднаць з “Забудовай”. Алене Янаўне далі адказнае заданне: за кароткі тэрмін аформіць крэдыт у банку. Гэта быў новы выклік для нашай гераіні, і яна з ім паспяхова справілася. У выніку – ёй прапанавалі  ўзначаліць фінансавы аддзел. “На той час я яшчэ была студэнткай-завочніцай. Прапанову дырэктара прыняла як крэдыт даверу. Старалася апраўдаць яго чаканні. Шмат працавала, часта заставалася пасля работы, дадому брала дакументы. Кіраўніцтва мне давярала прадстаўляць інтарэсы прадпрыемства на самых розных узроўнях, у тым ліку і на рэспубліцы”, - робіць важны акцэнт мая субяседніца.

Наступныя сем гадоў Алена Янаўна была  намеснікам дырэктара па эканоміцы і фінансах. “Не падвесці кіраўніка”, - гэта думка рухала мной увесь час, асабліва калі даводзілася вырашаць пытанні вытворчасці ў Міністэрстве прамысловасці, Савеце міністраў, - кажа Алена Ярмак і тут жа ўдакладняе: - дзе б я не працавала, увесь час праяўляла патрабавальнасць да сябе і да сваіх падначаленых. Гаварыла і гавару пра тое, што кожны з нас завод павінен успрымаць, як нешта роднае, сваё, і да сваіх абавязкаў мець адпаведныя адносіны. Толькі тады будзе вынік, якім мы зможам ганарыцца”.


“Слава ў руках працы” (Леанарда да Вінчы)

У лістападзе 2012 года Алену Янаўну прызначылі выконваць абавязкі дырэктара завода. Яна ўспрыняла гэту інфармацыю, як часовую меру. Прайшло пяць месяцаў, новага дырэктар так і не з’явіўся, а аднойчы ў Гродна намеснік старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дзяшко ў адрас Алены Ярмак прамовіў: “Згаджайцеся на кіраўніцтва і працуйце”. “Для мяне гэта прапанова аказалася нечаканай, - зазначае субяседніца. - Я захвалявалася: ці змагу справіцца з тымі задачамі, якія перада мной будуць пастаўлены? На што Уладзімір Іосіфавіч адказаў: “Пра гэта думаць не трэба – час пакажа”. Адступаць не было куды… Раней я была ўпэўнена, што кіраваць заводам можа толькі мужчына. Цяпер у мяне іншае меркаванне”.

Планку, якую паставіла дырэктар для сябе і падначаленых, стараецца трымаць і сёння. Нельга сказаць, што на прадпрыемстве няма праблем. Сур’ёзная канкурэнцыя на рынках збыту, пэўны дэфіцыт у высокапрафесійных кадрах… “Тым не менш на заводзе ёсць людзі нераўнадушныя, якія любяць прадпрыемства, сваю справу, аддана працуюць. Гэта і ветэраны, і моладзь – цудоўная, адукаваная. І раней, калі мы былі ў складзе ААТ “Кранаснасельскбудматэрыялы”, і цяпер - у складзе холдынга “Беларуская цэментная кампанія” – наш філіял займае лідзіруючае месца сярод іншых па ўсіх паказчыках. Як наказвалі мне бацькі, так і я кажу людзям завода – толькі аддана працуючы, мы можам ісці наперад, паляпшаць свой дабрабыт. У нас усё будзе добра”.


Надзейны тыл

Відавочна, што мая гераіня – працаголік. Тым не менш не работай адзінай напоўнена яе жыццё. Вольны час з мужам праводзіць на дачы, куды любіць прыязджаць сын Вадзім з нявесткай. Хлопец жыве ў Мінску, працуе ў IT-сферы.

На мой погляд, гэта моцны, надзейны тыл нашай гераіні. Калі Алена Янаўна сказала мужу пра сваё будучае дырэктарства, ён адказаў: “Не магу табе нешта параіць, вырашай сама, але буду дапамагаць і падтрымліваць”. Ён заўсёды з паразуменнем прымаў усе нюансы жончынай работы.

“Мы ніколі не дзялілі хатнія абавязкі на жаночыя і мужчынскія, мы ўсё рабілі і робім разам”, - і гэта сапраўды можна лічыць сакрэтам сямейнага даўгалецця. А што тычыцца выхавання сына, то Алена Янаўна лічыць: важна не колькі часу ты праводзіш з дзіцем, а наколькі якасна. “Я заўсёды старалася быць  у курсе спраў Вадзіма. Калі трэба, дапамагала з урокам, цікавілася яго вольным часам. Вельмі рада, што асабістае жыццё сына складваецца добра. Спадзяюся, мець новы статус – бабулі. Для мяне гэта будзе абсалютнае шчасце”.

20 красавіка Алена Ярмак адзначае юбілей. Віншуем Вас, Алена Янаўна! Шчыра зычым працоўных поспехаў, асабістага шчасця і дабрабыту.  

З юбілеем Алену Ярмак павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук, намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Таццяна Шчэберака і старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч.

IMG_3168.jpg

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і Дзяніса ЯРОЎСКАГА.