“Булачкі пяклі па бабуліным рэцэпце”. Смаргонскія вернікі асвячаюць велікодныя стравы
Каля касцёла Святога Міхала Арханёла вернікаў вітаў ксёндз Здзіслаў Ведэр: “Мы з радасцю перажываем Уваскрасенне Хрыстова – самы ўрачысты дзень на працягу года. Няхай гэта радасць будзе не толькі ад таго, што мы сям’ёй ці сем’ямі сустракаемся разам, але і ад таго, што імкнемся перажываць гэта свята ў глыбокім яднанні з Богам, стараемся быць вернымі яму, дзякуем за тыя даброты, якія атрымалі ад Бога”.
У гэты дзень у касцёл сям’я Кот прыйшла ў поўным складзе.
Гаспадыня сям’і Анастасія расказала: “Адзначаць Вялікдзень будзем вялікай кампаніяй: разам з дзецьмі, а таксама з бацькамі – і мужа, і маімі. Да святочнага стала падрыхтавалі печыва. Пірагі пяклі па рэцэпце з інтэрнэта, а рэцэптам булачак маці мужа падзялілася са мной. Яго яна пераняла ў сваёй маці, якая жыла ў вёсцы Сялец Вішнеўскага сельсавета. Бабулі няма ў жывых, а булачкі па яе рэцэпце атрымаліся вельмі смачнымі”.
У Ірыны Сальвановіч у руках – надзвычай прыгожы кошык, адразу прыцягвае ўвагу і павышае настрой. Не маглі прайсці міма, каб не пацікавіцца, як яна рыхтавалася да Вялікадня.
“Найперш усёй сям’ёй мы схадзілі да споведзі, наведалі рэкалекцыі ў касцёле, маліліся, - удакладніла Ірына. - Непасрэдна перад святам – традыцыйная ўборка ў хаце. А пасля пірагі пяклі, яйкі фарбавалі. У нядзелю абавязкова ўсёй сям’ёй – муж, сын і я – пойдзем на ранішнюю імшу”.
Люцыя Марукевіч адзначыла, што на працягу многіх гадоў на Вялікдзень збіралася шмат людзей у Ракаўцах, у хаце яе мамы, якая была вельмі веруючым чалавекам. Нават у гады поўнага адмаўлення рэлігіі наведвала касцёл. Нядаўна мама пайшла ў іншы свет. На гэты раз упершыню сям’я Марукевіч будзе адзначаць свята дома.
“Прыедуць сыны, нявестка, унук, - пералічвае гасцей Люцыя Станіславаўна. “Мы жылі ў Ракаўцах, а ў касцёл хадзілі ў Баруны. Помню, як за наведванне касцёла ў школе падчас лінейкі на нас сварыліся. Добра, што цяпер мы можам свабодна хадзіць у святыню. Вера ў Бога патрэбна людзям. Яна вучыць добрым адносінам да людзей, цярпенню, уменню дараваць”, - зазначыла Люцыя Марукевіч.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара