Слухайце сваё. Да 60-годдзя Смаргонскага радыё

 

Слухайце сваё. Да 60-годдзя Смаргонскага радыё

Общество
23.03.2022
1161

Два разы на тыдзень слухачоў васьмі раёнаў запрашае на сустрэчу знакаміты паланэз Агінскага, які стаў візітоўкай Смаргонскага радыё.

Гісторыя мясцовага радыё пачалася ў сакавіку 1962 года, калі ўпершыню прагучалі пазыўныя і вядучы Андрэй Мускі (адказны сакратар “раёнкі”) прамовіў: “Вас вітае Смаргонскае радыё!”. Спачатку гэта былі інфармацыйныя матэрыялы з газеты “Светлы шлях”, у асноўным - пра ход сельскагаспадарчых работ у раёне. Неўзабаве спектр навін пашырыўся, і чытаць іх стала пара вядучых – намеснік рэдактара газеты “Светлы шлях” Уладзімір Таранда і карэктар Клаўдзія Барзеева. “Вялікай школай жыцця” назваў сваю працу на радыё яшчэ адзін дыктар Пятро Южык.

У 1990-х гадах на пэўны час Смаргонскае радыё замаўчала, але дзякуючы энергічнай Але Шыцікавай яно адрадзілася. За 60 гадоў змянілася некалькі пакаленняў журналістаў. Смаргонскае радыё займела сваіх прыхільнікаў, сяброў, аднадумцаў. Ад эфіру да эфіру з’яўлялася ўсё больш гацей – прадстаўнікоў розных органаў, структур, арганізацый…

IMG_9088.jpg

Радыё, якое ідзе са слухачамі па жыцці. На працягу апошніх дваццаці гадоў яго стварае Галіна Козел. Яна і рэдактар, і дыктар, і радыёжурналіст, і гукааператар, і мантажор.

Сферу дзейнасці не памяняла, а ўдасканаліла

З маленства Галя марыла быць артысткай. “Мой тата граў у народным тэатры пры Маладзечанскім Доме культуры. Пазней на гэтым падмурку быў створаны абласны драматычны тэатр, які нядаўна адзначыў 30-гадовы юбілей.  Мае бацькі і цёця ўвесь час ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці”, - успамінае Галіна Козел.

Сама на сцэну Заскавічскага клуба Галіна выйшла яшчэ ў дашкольным узросце з вершам “Не пазнаць сягоння тату”. І пасля гэтага практычна на ўсіх вясковых святах выступала.  Нядзіўна, што пасля школы накіравалася ў інстытут культуры. Пасля яго заканчэння вярнулася ў Заскавічы, узначаліла мясцовы Дом культуры. Дзесяць гадоў там адпрацавала. Пасля за мужам прыехала ў Смаргонь і ўладкавалася педагогам-арганізатарам у СШ №5.

Лёсавырашальным у яе жыцці стаў 2002 год, калі ў горадзе па ініцыятыве Алы Шыцікавай стваралася самастойная рэдакцыя смаргонскага радыё. Ала Мікалаеўна, якая ўзначаліла рэдакцыю прапанавала Галіне Козел пасаду радыёжурналіста і дыктара. “Прапанова была нечаканай, - адзначыла Галіна Віктараўна. – Я разумела, што мне давядзецца шмат вучыцца, працаваць, але цяжкасцей  ніколі не баялася, таму згадзілася. Прычым, я не памяняла сферу дзейнасці (як была ля мікрафона, так і засталася), а ўдасканаліла яе.

Разам з Алай Мікалаеўнай і гукааператарам Сяргеем Паборцавым мы апынуліся на новай прыступцы развіцця смаргонскага радыё. Стваралі інфармацыйныя і аўтарскія праграмы, працавалі ў прамым эфіры. У такім складзе мы адшчыравалі каля шасці гадоў. Потым адбылася рэарганізацыя, рэдакцыю зрабілі аддзелам радыёвяшчання газеты “Светлы шлях”, скарацілі штат. На радыё я засталася адна, але тую высокую планку, якую мы для сябе паставілі, не мела права апусціць”.

Тонкія нітачкі сувязі паміж суразмоўцамі і слухачамі

Аўтарскія праграмы Галіны Козел пачалі ўдзельнічаць у творчых конкурсах. Першая журналісцкая ўзнагарода не прымусіла сябе чакаць. Напрыканцы 2008 года Смаргонскае радыё перамагло ў рэспубліканскім творчым конкурсе на лепшую радыёперадачу па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, наркаманіі і венерычных захворванняў. Гэта дало веру ў сабе і натхніла Галіну Віктараўну яшчэ больш працаваць. З таго часу на  яе рахунку – 20 дыпломаў, якія яна атрымала ў розных творчых і журналісцкіх конкурсах. Сярод  дарагіх яе ўзнагародаў – Грамата ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (за цыкл духоўных праграм “Праменьчык веры”), дыплом пераможцы ў творчым конкурсе МУС РБ у намінацыі “Праект года” (праект “Дні і ночы” да 70-годзя Смаргонскага РАУС), чатыры дыпломы рэспубліканскага конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў РБ і супрацоўніцтва суайчыннікаў за мяжой.

У заплечніку Галіны Козел – безліч цікавых праектаў, якія не прапаноўваліся на конкурс, але мелі вялікі рэзананс сярод слухачоў. Гэта і аўтарскія праграмы пра нашых таленавітых землякоў, а таксама цыкл перадач пра тых, хто злоўжываў алкаголем, але стаў на шлях выпраўлення. Гэта і маштабны праект “Мой прадзядуля – салдат вялікай Перамогі” (за два гады на радыё было падрыхтавана больш за 75 тэматычных замалёвак, у якіх прынялі ўдзел дашкольнікі і вучні пачатковых класаў), і многія іншыя. 

“Я займаюся любімай справай. Расказваю пра людзей, пра іх клопаты і радасці, дасягненні і разважанні, - зазначае Галіна Віктараўна. - Самае галоўнае ў зносінах з імі – пачуць тое, пра што яны думаюць і што хочуць сказаць мне. Магчыма, нешта і паміж радкоў прачытаць. Без павагі і шчырага захаплення да суразмоўцы нічога не атрымаецца. Калі ствараеш праграму пра людзей, то трэба іх гісторыю абавязкова самой перажыць. Самае галоўнае ў маёй рабоце – умець знайсці тонкія нітачкі сувязі паміж суразмоўцамі і слухачамі. А найбольшая ўзнагарода – калі чую ад людзей добрыя словы ў адрас маіх праграм”.

Перадачы “Смаргонскага радыё” рыхтуюцца на беларускай і рускай мовах, выходзяць у эфір Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў дыяпазоне УКХ 67,97 МГц па аўторках і пятніцах (пачатак – у 11.40). Радыёпраграмы таксама размяшчаюцца на сайце газеты “Светлы шлях” у раздзеле “Радыё”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.