Вечарына памяці Расціслава Шчаснага прайшла ў гісторыка-краязнаўчым музеі
Па ініцыятыве заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Церабуна, былога вучня СШ №1, запланавалі да 40 дзён пасля смерці правесці вечарыну памяці. На жаль, эпідэміялагічная сітуацыя па каранавірусе зрабіла карэкціроўку ў планах. Вечарыну давялося перанесці на больш позні тэрмін.
У гісторыка-краязнаўчым музеі 3 сакавіка сабраліся людзі, для каго Расціслаў Сцяпанавіч быў дарагім чалавекам і педагогам.
Пра тое, якім ён быў братам, расказала сястра Зінаіда.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся былыя калегі – настаўнікі Алена Страх з Баярска, Аляксандр Міхалкоўскі з Залесся, а таксама са Смаргоні – Віталь Лукашэвіч, Ларыса Рогач, Вольга Гакуць і Валянціна Богуш, метадыст РВМК Вольга Цуканава і дырэктар СШ №1 Аксана Дунай.
Прагучаў таксама аўдыёзапіс-успамін ад настаўніцы Тамары Пашкевіч, якая разам працавала з Расціславам Шчасным у Лакачоўскай школе, і відэазапіс ад выпускніка 2021 года СШ №1, курсанта ваеннай акадэміі Уладзіслава Антонава, які пад кіраўніцтвам педагога займаўся ў школе навукова-даследчай работай па гісторыі.
Расціслаў Сцяпанавіч быў чалавекам актыўным, сяброўскім, меў стасункі з гісторыка-краязнаўчым музеем, рэдакцыяй газеты “Светлы шлях”, таму нядзіўна, што да выступоўцаў далучыліся навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна і карэспандэнт газеты Галіна Антонава, а таксама Уладзімір Церабун, з якім Расціслаў Шчасны сябраваў на працягу доўгіх гадоў.
Разгорнуты рэпартаж з вечарыны памяці чытайце ў друкаванай версіі газеты “Светлы шлях”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.