“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму…”

 

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму…”

Общество
21.02.2022
824
Мяне, беларуса, надзвычай радуе, што 21 лютага – Дзень роднай мовы – традыцыйна прапісаўся ў нашым нацыянальным календары. Гэта думка грэее сэрца ў  халодныя зімовыя дні. Родная – значыць, любімая, дарагая, самая-самая, а любімай не здраджваюць, не ахайваюць, не робяць балюча…

1.png

Яшчэ ў маленстве я запомніў павучальныя  словы Івана Мележа: “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як  нельга не паважаць родны народ”. У юнацтве прачытаў яго бессмяротную трылогію “Палеская хроніка” – зразумеў моц і водар нацыянальнага слоўца.

Радуе, што бібліятэкі, навучальныя і культуралагічныя ўстановы прысвячаюць гэтаму патрыятычнаму святу кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Акрыляе душу, што ў гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі праходзяць шматлікія тэматычныя мерапрыемствы, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты, майстар-класы і лекцыі. Музеі краіны арганізоўваюць публічныя чытанні беларускамоўных твораў пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі, грамадскімі дзеячамі. Традыцыйнымі сталі дыктоўкі  паводле эпахальных і значных твораў нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Я часта бываю ў школах і не магу не заўважыць, якія змястоўныя і прыгожыя ў нас кабінеты беларускай мовы і літаратуры! Хочацца сказаць вялікі дзякуй філолагам сінявокай Беларусі! Нездарма Янка Сіпакоў сцвярджаў: “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам”.

Я перакананы, што дзякуючы менавіта такім святам, добразычлівым і эмацыянальным, ціхім і хатнім, штогод  павялічваецца колькасць аматараў беларускай мовы, літаратуры, культуры не толькі сярод навучэнцаў, але і сярод  педагогаў, бацькоў, усіх неабыякавых беларусаў.  Цікава, што ў нас ёсць  назвы  населеных пунктаў, у якія  ўваходзяць імёны: Любань, Ліда, Барысаў, Асіповічы,  Клімавічы, Давід-Гарадок, Раманавічы, Петрыкаў. А ёсць такія, у якіх прысутнічаюць назвы  жывёл і раслін: Дуброўна, Баранавічы, Слонім, Лепель, Гомель, Бярозаўка…

Сёння ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы. Гэта свята – цудоўная нагода для носьбітаў роднай мовы яшчэ раз задумацца пра  тую адзіную, якую мы завём матчынай, на якой размаўлялі нашы продкі. Настаўнікі Бацькаўшчыны прыкладаюць вялікія намаганні, каб беларуская мова пастаянна  пашыралася і квітнела вясёлкай.

Сёлета мы святкуем 140-годдзе знакамітых сяброў-класікаў, стваральнікаў сучаснай літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Святкуем, каб “людзьмі звацца”.

Давайце чытаць беларускіх класікаў, глядзець беларускія пастаноўкі ў тэатрах. І тады вы ўвесь час будзеце здзіўляцца багаццю роднай мовы.

Так, у нашай дзяржаве дзве дзяржаўныя мовы. Аднак у гэты дзень  галоўным аб’ектам увагі для многіх становіцца мова тытульнай нацыі  – беларуская. Не сакрэт, што ў ХХІ стагоддзі, як і ў ХХ стагоддзі, наша мова здолела праявіць даволі  высокую ступень жыццёвасці. Сёння яна актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку: рэкламу, інтэрнэт-прастору. А гэта ўжо сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне беларусаў актыўна ёю карыстацца.

Канешне, мова жывая, пакуль  на ёй гавораць. Так, мы вывучаем мову ў школе, нядрэнна разумеем беларускія слоўцы, аднак чамусьці мала хто на ёй можа свабодна, лёгка, без памылак гаварыць.  Называюцца і прычыны гэтага: не ведаю, не ўмею,  саромеюся, гэта нейкі дыялект… Гэта сведчыць пра дрэнную адукаванасць і выхаванасць чалавека, бо такія скептыкі і па-руску не могуць прыгожа звязаць двух слоў.  

Дык давайце ў Дзень мовы  зменім свае негатыўныя адносіны да мовы, нарэшце адважымся і пачнём гутарыць па-свойму. Спачатку на працягу аднаго дня, потым на працягу года, дзесяцігоддзяў. Усё жыццё! Прыйшоў час станавіцца сапраўднымі і свядомымі беларусамі.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.