“Галоўнае – каб твае справы не разыходзіліся са словамі”

 

“Галоўнае – каб твае справы не разыходзіліся са словамі”

Общество
19.02.2022
1065
Гэтыя словы належаць былому першаму сакратару Смаргонскага райкама, пазней - гаркама Камуністычнай партыі Беларусі, кавалеру медаля “За працоўную адзнаку”, заснавальніку  раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Іосіфу Велькашынскаму. 19 лютага ён адзначыць 75-годдзе.

Напярэдадні юбілейнай даты мы сабралі афарызмы, якія належаць вядомаму смаргонцу, і на іх аснове пастараліся зрабіць гэты нарыс.

“Вышэй за ўсё – гэта людскасць. Калі чалавек цябе абразіў, прамаўчы. Пройдзе час – і ён адумаецца, прабачэння папросіць”, - першая запаведзь, якую Юзік атрымаў ад сваёй бабулі Юзі і стараўся прытрымлівацца яе ўсё жыццё. Бабуля была яго галоўнай выхавацелькай, бо бацькі шмат працавалі.

“Дзяцей трэба выхоўваць у працы”. Так выхоўвалі яго бацькі – і мой суразмоўца бачыць у гэтым станоўчыя моманты. Іосіф Велькашынскі нарадзіўся на Лідчыне, у вёсцы Зарачаны. Яго бацькі працавалі ў калгасе: мама – даяркай, бацька – загадваў фермай. На дапамогу маці прыходзілі і дзеці. Даілі кароў, раздавалі жывёле кармы. Будучы школьнікам, на вучэбна-вытворчым камбінаце Іосіф атрымаў правы трактарыста-машыніста. Летам працаваў памочнікам камбайнера.

Праўда, у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут яго дарога прывяла не адразу. Іосіф разглядаў прафесіі ваеннага і доктара. Абставіны склаліся так, што ён стаў дыпламаваным заатэхнікам.

IMG_8247.JPG

IMG_8253.JPG

“Калі чалавек твой, ты гэта адразу зразумееш”, - думка, якую выказаў юбіляр, тычыцца асабістага жыцця нашага героя. На першым курсе інстытута ён звярнуў увага на высокую, статную, чарнявую Зіну, выдатніцу, актыўную ўдзельніцу грамадскага жыцця, вакалістку з цудоўным голасам. У агітбрыгадзе яны дуэтам спявалі “Старый клён”.

IMG_8244.JPG

Іосіф таксама паспяхова вучыўся, прымаў удзел у навуковых канферэнцыях¸ з дакладамі выступаў у Белгарадскім і Ленінградскім сельгасінстытутах, напрыканцы вучобы атрымаў рэкамендацыі на паступленне ў аспірантуру. Многія з хлопцаў хацелі сустракацца з Зінай, але яна выбрала Юзіка. На чацвёртым курсе маладыя людзі пажаніліся.

IMG_8243.JPG

“Не трэба шкадаваць аб страчаных магчымасцях. Усё, што ні робіцца, – да лепшага”.

У адзін год (1969) Іосіф з жонкай атрымалі дыпломы. Зінаідзе прапанавалі працу на кафедры сельгасінстутыта, Іосіфу – у сельгасупраўленні аблвыканкама. “У прынцыпе, мы былі задаволеныя. Але хутка пасля размеркавання сітуацыя змянілася, - зазначыў Іосіф Феліксавіч. - Сядзім у пакоі інтэрната, стук у дзверы – заходзіць мужчына ў чорным, расшпільвае гузікі, а ў яго ўсе грудзі ў медалях. Ім аказаўся старшыня перадавога ў Беларусі калгаса імя Калініна Карэліцкага раёна Аляксандр Зантовіч. Без доўгіх прадмоваў прапаноўвае нам з жонкай працу, добрую зарплату і галоўнае – жыллё, кватэру ў доме, які будуецца.

Мы нядоўга вагаліся. Паехалі, паглядзелі на ўмовы працы, на новы дом, дзе будаўнікі ўжо сцялілі падлогу, на цудоўны клуб – і неўзабаве сталі жыхарамі вёскі Малюшычы. За сцяной у нашым васьмікватэрным доме пасяліўся з сям’ёй культработнік Адам Русак, мастацкі кіраўнік хору, які наведвалі і мы з жонкай. За тры гады хор атрымаў званне “народны”, некалькі разоў мы нават выступалі на тэлебачанні.

IMG_8275.JPG

Праз чатыры гады Іосіфа Феліксавіча прызначылі намеснікам старшыні калгаса імя Калініна, а яшчэ праз чатыры – дырэктарам свінаводчага комплексу калгаса імя Чарняхоўскага. “Партыя сказала: “Ехаць!” – і я паехаў”. Мы пасяліліся ў вёсцы Турэц. Калі гаварыць дакладна, то комплексу на той час не было, толькі пляцоўку пад яго выдзелілі. Я павінен быў кіраваць будаўніцтвам. За два з паловай гады аб’ект (на 24 тысяч галоў) узвялі і атрымалі першую прадукцыю, - удакладніў суразмоўца. - На раённай партыйнай справаздачна-выбарчай канферэнцыі мне першаму далі слова, і я паведаміў, што 500 тон мяса з новага комплексу было здадзена на Слонімскі мясакамбінат. Неўзабаве пасля канферэнцыі мне прапанавалі месца  начальніка райсельгасупраўлення Карэліцкага райвыканкама. Па развіцці сельскай гаспадаркі тады Карэліцкі раён быў лепшым у рэспубліцы. Па выніках работы 1983 года мы атрымалі 16 пераходных знамёнаў (абласных, рэспубліканскіх, саюзных). У Маскве мне ўручылі Сярэбраны медаль ВДНГ СССР. Хутка я стаў другім сакратаром Карэліцкага райкама КПБ, на гэтай пасадзе адпрацаваў дзевяць месяцаў”.

IMG_8301.JPG

“Смаргонь для мяне стала другой радзімай”. “Калі мне прапанавалі пасаду першага сакратара Смаргонскага райкама КПБ, я засумняваўся. Пра Смаргонь не ведаў нічога. У 1984 годзе ў высокага кіраўніцтва былі вялізныя планы на гэты горад. Павінна было пачацца  будаўніцтва агрэгатнага завода і ліцейна-кузнечнага, планавалася, што на кожным  прадпрыемстве будуць працаваць па 15 тысяч чалавек. А 22-тысячная Смаргонь ператворыцца  да 2000 года ў горад-стотысячнік.

Новы выклік я прыняў. За шэсць гадоў на Смаргоншчыне, лічу, многае зрабіў са сваёй камандай. Не толькі ў прамысловасці, але і ў сельскай гаспадарцы, сацыяльнай, культурнай, адукацыйнай сферах. Будаваўся не толькі агрэгатны завод, узводзіліся шматкватэрныя дамы, пятая і шостая школы, школа-сад на Маладзёжцы, два дзіцячыя сады ў Каранях… Вёска таксама адраджалася – прырастала новым жыллём, сельскагаспадарчымі і культурнымі аб’ектамі, шмат увагі ўдзялялася рэканструкцыі памяшканняў. А першым аб’ектам, які быў пабудаваны ў Смаргоні па маёй ініцыятыве, стала гарадская лазня. Па выніках 1988 года Смаргонскі раён атрымаў першае месца ў Рэспубліканскім  спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці. 

На жаль, многага ажыццявіць не ўдалося. У студзені 1987 года  на пленуме ЦК КПСС перабудова была аб’яўлена галоўным кірункам развіцця дзяржавы. Як паказаў час, тыя перамены былі не да лепшага”.

IMG_8283.JPG

IMG_8294.JPG

IMG_8307.JPG

IMG_8315.JPG

 “Самому сабе не дазваляў адносіцца раўнадушна да работы. І людзей такіх цаніў, даваў магчымасць ім развівацца, у тым ліку ў якасці кіраўнікоў”.

“Для кожнага кіраўніка важна мець добрую каманду аднадумцаў, людзей мэтанакіраваных і прыстойных. Таму нядзіўна, што сярод кіраўніцтва Смаргоншчыны аказаліся і людзі з карэліцкай зямлі. Усе яны, на мой погляд, шчыра працавалі дзеля развіцця нашага рэгіёна, пакінулі добры след у смаргонскай гісторыі і ў сэрцах людзей”, - упэўнены мой суразмоўца.

 Калі камуністычная партыя перастала існаваць, мне прапаноўвалі работу ў Гродне, у аблвыканкаме, але ехаць у вялікі горад у мяне жадання не было. Я палюбіў Смаргонь усім сваім сэрцам”, - прызнаўся Іосіф Феліксавіч.

У 1990 годзе яшчэ была надзея на тое, што Смаргонь стане статысячным горадам. З гэтай нагоды з’явілася ідэя стварыць аграфірму “Вілія”, якая б забяспечвала смаргонцаў плодаагароднінай прадукцыяй. Выдзелілі 500 гектараў прыгарадных зямель. На працягу шасці гадоў Іосіф Велькашынскі ўзначальваў аграфірму, пасля – тры з паловай быў начальнікам райсельгасупраўлення Смаргонскага райвыканкама. 

Гаррайінспекцыя прыродных рэсурсаў і па ахове навакольнага асяроддзя – апошняе месцам працы Іосіфа Велькашынскага. Тут ён адшчыраваў 12 гадоў.

“У многіх з нас ёсць настаўнік па жыцці”. Для мяне такім чалавекам стаў Аляксей Яновіч. Ён мой зямляк. Мы нават адну школу скончылі, але лёс з Аляксеем Аляксандравічам звёў мяне на Карэліччыне, дзе ён быў першым сакратаром Карэліцкага райкама КПБ. Потым стаў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, загадчыкам сельгасаддзела ЦК, старшынёй Магілёўскага аблвыканкама, першым намеснікам начальніка сакратарыята Вярхоўнага Савета СССР, намеснікам пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, начальнікам упраўлення аграпрамысловага комплексу апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Нават калі Аляксей Аляксандравіч працаваў у Крамлі, мы сустракаліся, ён дапамагаў мне вырашаць многія рабочыя пытанні. Цікава, што ў адпачынак ён пайшоў толькі пару месяцаў таму, у 82 гады. Вельмі сумленны, разумны, працавіты чалавек. Мы і дагэтуль з ім маем стасункі”.

Азіраючыся на перажытае, на падзеі і людзей, з якімі звёў лёс нашага суразмоўцу, Іосіф Феліксавіч прамаўляе: “Людзі на Смаргоншчыне такія ж выдатныя, як на і на ўсёй  Гродзеншчыне, але са знакам “плюс”.  Гэты выраз таксама можна размясціць у падборцы яго афарызмаў.

“Раённая арганізацыя “Белая Русь” пачалася з Велькашынскага”. “І гэта чыстая праўда, - усміхаецца мой суразмоўца. – Спачатку ў кожнай вобласці стваралася грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, а ў 2007 годзе абласныя аддзяленні былі аб’яднаны ў рэспубліканскую арганізацыю. Стварыць і ўзначаліць раённую арганізацыю мне прапанавалі былы галоўны ўрач Смаргонскай бальніцы Святаслаў Савіцкі (тады ён працаваў у Гродне) і намесніца старшыні аблвыканкама Марыя Бірукова, якая была ў складзе прэзідыума абласнога грамадскага аб’яднання. Узначальваў на той час Гродзенскае аб’яднанне рэктар майго роднага Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс. Безумоўна, я падтрымаў ініцыятыву. Маю пасведчанне члена Смаргонскага раённага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” пад №1”.   

“Не заглядаць моцна ў “пузырь” і заўсёды знаходзіць прычыну ў сабе”, - па-народнаму проста і мудра сфармуляваў сакрэт свайго сямейнага даўгалецця Іосіф Феліксавіч.

Сёлета, 27 мая, Іосіф і Зінаіда Велькашынскія будуць адзначаць 55-годдзе сумеснага жыцця. Двое дзяцей, двое унукаў і двое праўнукаў – іх галоўнае багацце.

“Для мяне Зінаіда Васільеўна заўсёды была моцным тылам. Яна – лідар па натуры не давіла мяне сваім аўтарытэтам і заўсёды падтрымлівала ва ўсіх маіх пачынаннях. Усе мае поспехі – дзякуючы ёй”, - у словах суразмоўцы адчуваецца вялікі гонар за жонку.

Велькошинский.jpg

Што тычыцца выхавання дзяцей, то хочацца прывесці яшчэ адно выказвання юбіляра: “Выхоўваць дзяцей трэба асабістым прыкладам. Калі бачыш, што ў сям’і твайго дзіцяці курс правільны, то не трэба ўмешвацца, у тым ліку і ў адносіны з нявесткамі-зяцямі, ламаць іх на свой капыл”.

За плячыма ў Іосіфа Велькашынскага напоўненае падзеямі, напружанае жыццё. Але ж кожнаму чалавеку неабходна мець аддушыну, каб хоць на некаторы час пакінуць вір жыцця, адпачыць, а потым зноў – за справу.

“Пчолы для мяне – усё! Гэта такі арганізаваны свет, што ні адна навука яго не разгадае”. Так, пчалярства, якім “заразіў” Іосіфа Феліксавіча былы карэспандэнт “Светлага шляху” Альберт Кумішча, стала яго галоўнай аддушынай. Любіць ён і рыбалку, у тым ліку  зімовую, калектыўнае паляванне на капытных, садоўніцтва (у яго садзе – сартавыя яблыкі і грушы). “У нас каля дома ўчастак 17 сотак, але жонка мне выдзяляе толькі сотку пад бульбу. Астатняе яе “вотчына”- кветкі, кусты, агарод. А я шчырую да летніку ў вёсцы Волькаўшчына. Там пасека, тры зарыбленыя сажалкі, участак, непадалёку ад хаты – Свірскае возера. Гэта рай на зямлі, дзе я вельмі люблю бываць і куды прыязджаюць мае родныя і сябры”.

IMG_8322.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Іосіфа ВЕЛЬКАШЫНСКАГА.