Мастакі карыстаюцца фарбамі, але пішуць душой

 

Мастакі карыстаюцца фарбамі, але пішуць душой

Общество
03.09.2021
1727
Нядаўна Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей выдаў першы нумар часопіса «Кола жывапісу», які прысвечаны мастаку Валянціну Варанішчу. Прапаноўваем чытачам газеты «Светлы шлях» пазнаёміцца з некаторымі цікавымі фактамі біяграфіі Валянціна Фадзеевіча, якія змешчаны ў новым выданні.

воронище.jpg

З успамінаў мастака

Пачатак. «Нарадзіўся я ў Смаргоні на вуліцы Вілейскай. Зараз гэта вуліца Камінскага. Вучыўся ў другой школе. Скончыў 10 класаў. Потым быў прызваны ў армію, ва Украіну. Ракетныя, стратэгічныя войскі. Служба была клас! Ну як, клас? Дамоў хацелася. І я ж паралельна завочна вучыўся ў мастацкім універсітэце імя Крупскай у Маскве. А ў арміі быць мастаком - гэта жах! Там за тыдзень сорак партрэтаў трэба было намаляваць. Шэсць партрэтаў у дзень! Маляваў. Вядро фарбы дадуць: адной, другой, трэцяй – і давай працаваць! І мне так надакучыла гэта маляванне, што пасля службы пайшоў токарам на ліцейны завод рабіць. Далі мне станок. А каб ён праваліўся, той станок! Я масла заліў, а яно ўсё выцекла.

- Як тачыць? – пытаю.

- Разбірай станок!

- Калі я яго разбяру, потым не сабяру! Там 106 шасцярней.

Я паглядзеў, сплюнуў і сказаў, што больш на работу не прыду.

Потым яны даведаліся, што я ў арміі быў мастаком, вучуся на мастака, малюю. І гавораць: «Намалюй ты насценгазету!». Я гавару: «Няма, чым маляваць!».

Тады мы пайшлі на мэблевую фабрыку, яна ж па суседстве з ліцейным заводам, там была майстэрня і мастак працаваў.

І так ён там крэмзае, так крэмзае! Ну хоць ты яму рукі паадрывай! Мне стала брыдка ад таго, што я ўмею маляваць, а не працую мастаком, а ён не ўмее, а працуе! І я кінуў такарню сваю і пайшоў у майстэрню”.

Майстэрні. «Працуючы ў майстэрнях (а іх у мяне за ўвесь час было каля васьмі), меў шматлікія заказы. Самыя складаныя і разам з тым цікавыя – гэта праца над музеямі. Сольская школа, Войстамская, Ардашынская, музей Лесу ў Смаргонскім лясніцтве з чучаламі жывёл і птушак, музей Другой сусветнай вайны ў Доме піянераў. Магчыма, таму і карцін шмат пра гісторыю стварыў сам. Быў у мяне добры сябра-гісторык Віктар Шоць. Ён часта заходзіў да мяне ў майстэрню - і з яго ідэі атрымліваўся сюжэт да карціны.

Яшчэ ў мяне была брыгада па інтэр’ерах. Рабілі па Смаргонскім раёне інтэр’еры дыскатэк, палявых станаў, клубаў. Я маляваў эскізы і па іх рабіў інтэр’еры. А гэта былі і падвесныя столі, і роспіс сцен, і маляваныя карціны на шкле… За работу плацілі добрыя грошы! ».

Выставы. «Самая першая мая выстава была ў будынку музея ў 1985 годзе. Тады толькі пачалі з Кальвінскага збора рабіць музей. Я ж с самага пачатку афармляў экспазіцыі выстаў. Лічыўся мастаком аддзела культуры. Начальнікам была Соф’я Лазар. Артысты ездзілі с канцэртамі і выставамі па вёсках. Выстаўлялі мае работы, Трохалевай…

Сярод маіх карцін мноства пейзажаў - рэальных краявідаў Смаргоншчыны, а таксама прыдуманых і ператвораных у кампазіцыю. Калі палічыць, то прыкладна паўтары-дзве тысячы пейзажаў стварыў. Але канкрэтнай лічбы не ведаю, бо ніколі іх не падлічваў».

Сёння Валянціну Фадзеевічу Варанішчу спаўняецца 70 гадоў. Мы віншуем з юбілеем смаргонскага мастака. Жадаем юбіляру, каб вакол яго заўсёды былі надзейныя сябры, а жыццё напаўнялася  новымі прыемнымі ўражаннямі.

Матэрыялы да друку падрыхтаваў мастак Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзмітрый ЯРМАК.