Што прапануе смаргонскі ГУМ для школьнікаў?
- Мы прапануем шырокі асартымент тавараў для школьнікаў: адзенне, тавары галантарэйнага шэрагу і канцылярскія прыналежнасці. Магазін рэалізуе і вучэбна-метадычную літаратуру, - адзначае намеснік дырэктара ААТ “Рубін” Алена Кірыленка. - У нас прадстаўлены касцюмы рознай камплектацыі. Распрацаваны калекцыі “Школа дзелавога стылю”. Мы прапануем штаны, спадніцы, жакеты, блузкі, кашулі. Ёсць і сарафаны, але яны менш запатрабаваныя.
У большасці ўстаноў адукацыі Смаргонскага раёна існуе свой дрэс-код: у асноўным, акцэнт робіцца на камізэлькі, якія ў кожнай школы свае. Яны адрозніваюцца па колеры і фасоне. У ГУМе ёсць камізэлькі для навучэнцаў гімназіі і ўсіх гарадскіх школ, а таксама Вішнеўскай, Войстамскай, Жодзішкаўскай, Залескай, Крэўскай і Сінькоўскай школ. Тут можна купіць і нашыўкі (лагатыпы школ) на камізэлькі.
Гандлёвыя рады ГУМа даволі багатыя. Штотыдзень тут новае паступленне тавару. Беларускія вытворцы дзіцячага адзення прапануюць вырабы, выкананыя з аднатонных тканін, а таксама тканін у клетку і палоску. Выкарыстаны розныя віды аздаблення: гіпюр, скура, металічная фурнітура.
Пакуль у дзіцячым аддзеле ГУМа нешматлюдна. “Не адцягваем падрыхтоўку да школы на апошнія дні. Спакойна, без мітусні можна ўсё прымераць, - кажа Тэрэза Крывецкая з Жупран. – Сын Стас ідзе ўжо ў трэці клас. І мы кожны год прыязджаем у Смаргонь за пакупкамі. Купляем тут усё неабходнае”.
Прыглядаецца да тавару ў ГУМе і Зоя Судакова, у якой два сыны-пяцікласнікі. “Звычайна ўсё, што трэба да навучальнага года, купляем тут і ў магазіне “Эдэм”, - зазначае Зоя.
На працягу месяца ГУМ праводзіць акцыі на асобныя віды тавараў. Да прыкладу, зніжкі дзейнічаюць на швейнае адзенне для хлопчыкаў (касцюмы, пінжакі) вытворчасці ААТ “БелКрэда” (30%) і ААТ “Жлобінская швейная фабрыка” (25%).
Да таго ж на працягу ўсяго жніўня для шматдзетных сем’яў і сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, дзейнічае 15-працэнтная зніжка на ўсе тавары для школы. Каб зрабіць пакупку са зніжкай, неабходна прад’явіць адпаведны дакумент (пасведчанне шматдзетнай сям’і або пасведчанне інваліда).
Самы вялікі распродаж (адзіны дзень сніжак) у ГУМе адбудзецца 22 жніўня.
Па падліках спецыялістаў, кошт аптымальнай экіпіроўкі для школьніка малодшых класаў складае ад 270, для старшакласніка – ад 350 рублёў. Сюды ўваходзяць адзенне, абутак, галантарэйныя тавары і школьныя прыналежнасці.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.