З крыніц народных, жыватворных: Уладальнікі народнага скарбу

 

З крыніц народных, жыватворных: Уладальнікі народнага скарбу

Общество
22.04.2021
1437
Рэчы, аздобленыя тканым, вышываным, разьбяным ці маляваным дэкорам альбо проста прыгожыя,  дзякуючы ўмелай форме і зграбнаму сілуэту прынята адносіць да народнага дэкаратыўнага мастацтва. Пра яго і гаварылі на творчай сустрэчы з народнымі майстрамі Рэспублікі Беларусь па лозапляценні Людмілай і Аляксандрам Мускімі, а таксама з майстрыхай па вышыванні Зоф’яй Войткай.

IMG_6938.JPG

Людзі ў любы час, нават самы складаны, імкнуліся да прыгажосці.  Ствараючы нейкую рэч, стараліся, каб яна была не толькі зручнай, але і прыгожай. Зазірнем у мінулае… Жыллё і мэбля, адзенне і прадметы побыту, посуд і прылады працы  вылучаюцца не толькі прадуманасцю, практычнасцю, але і прыгажосцю, зграбнасцю, завершанасцю форм. Таму нядзіўна, што такія вырабы становяцца сапраўднымі творамі мастацтва, хоць асноўнае іх прызначэнне – практычнае выкарыстанне.

IMG_6946.JPG

IMG_6977.JPG

IMG_6978.JPG

Ладзілі мерапрыемства супрацоўнікі Залескага Дома рамёстваў сумесна са Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем. Загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Зеновіч, прадстаўляючы герояў імпрэзы, не шкадавала добрых слоў у іх адрас, захаплялася іх талентам і натхнёнасцю. Яна прадставіла публіцы кнігі, якія пабачылі свет летась: “Народныя майстры Рэспублікі Беларусь” (дзе ёсць інфармацыя пра Мускіх) і “Самародкі” (а там ужо і пра вышывальшчыцу, і пра лозапляцельшчыкаў). А ў бліжэйшы час павінна з’явіцца кніга пра Дамы рамёстваў Гродзеншчыны. Такім чынам, інфармацыя пра майстроў народнай творчасці збіраецца і з любоўю захоўваецца.

IMG_6958.JPG

Майстры Мускія зазначылі, што лозапляценнем займаюцца вось ужо 27 гадоў. Да гэтай справы далучылі ў свой час дзяцей, а цяпер і ўнукаў паціху прывучаюць. А яшчэ лозапляцельшчыкі ўпэўнены, што няма межаў для ўдасканалення і што іх лепшая карзіна яшчэ не сплецена.

IMG_6963.JPG

IMG_6964.JPG

На сустрэчы прысутнічалі людзі сталага пакалення і юныя смаргонцы, вучні гімназіі. Менавіта да гімназістаў звярнулася Зоф’я Войтка, даючы своеасаблівы жыццёвы і творчы наказ: “Дзеці, бярыце і нясіце па жыцці тое, чаму вас вучаць вашы педагогі. Мяне вышываць навучыла мая настаўніца па працоўным навучанні Марыя Ільнішна Радзішэўская. З дзіцячых гадоў я не выпускаю з рук іголку з ніткай”.

IMG_6949.JPG

Вышыванне падтрымлівала Зоф’ю ў самыя складаныя часы жыцця. Падтрымаў рамесніцу ў 2018 годзе і аддзел дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, які выдзеліў Зоф’і субсідыю на развіццё рамесніцкай дзейнасці. Тамара Рамановіч, загадчыца аддзела службы занятасці, высока ацаніла работы майстрыхі па вышыванні, зазначыла, што дзяржава і далей гатова падтрымліваць творчыя пачынанні рамеснікаў.  

IMG_6972.JPG

IMG_6985.JPG

IMG_7007.JPG

Напрыканцы сустрэчы Зоф’я Войтка, Людміла і Аляксандр Мускія правялі для ўсіх жадаючых майстар-класы.

 Загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Зеновіч запэўніла, што такія творчыя сустрэчы ў Смаргоні будуць ладзіцца рэгулярна. Смаргоншчына багата на творчых людзей, у якіх ёсць, чым падзяліцца з іншымі.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: