Дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу «За што я люблю родную зямлю» ў ясляў-сада №9
26 сакавіка ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук узнагароджвалі пераможцаў I рэспубліканскага конкурсу «За што я люблю родную зямлю». Прысвечаны Году малой радзімы, ён быў абвешчаны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі яшчэ мінулым летам. Усяго за два месяцы - ліпень і жнівень - арганізатары атрымалі творчыя працы больш чым ад 840 чалавек з усёй Беларусі.
Да ўдзелу ў конкурсе прымаліся арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні і іншыя творчыя працы, напісаныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь індывідуальна або ў суаўтарстве, якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і не публікаваліся.
Сярод пераможцаў аказалася выхавальнік дашкольнай адукацыі Анастасія Маршалак, якая атрымала Дыплом пераможцы ў намінацыі "Магутная сіла паэзіі”. На суд журы быў прадстаўлены верш “Квітней, мая радзіма, любая, квітней!..” Галоўная ідэя твора – паважаць і захоўваць усе тое, што было створана нашымі продкамі.
Як адзначыў старшыня Прэзідыума НАН РБ У. Гусакоў: “Конкурс не толькі адлюстраваў пачуцці глыбокай любові да роднага краю, але дазволіў нам убачыць па-новаму сваё далейшае і цяперашняе. У няпросты гістарычны час, калі наша грамадства выпрабоўваюць на трываласць эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, эпідэміялагічныя фактары, нашы людзі здолелі тварыць, марыць, увасабляць свае пачуцці ў мастацкай творчасці, што надае работам асаблівае эмацыянальнае гучанне і нават напаўняе іх асаблівым патрыятычным пафасам”.