Вядомы невядомы Майсей Кульбак

 

Вядомы невядомы Майсей Кульбак

Общество
27.03.2021
3557

Сёлетні год багаты на юбілеі славутых літаратараў, сярод якіх і наш зямляк, ураджэнец Смаргоні, Майсей (Мойша) Кульбак. У свой час (20 - 30-я гады ХХ стагоддзя) ён быў досыць вядомы і паспяховы паэт, пісьменнік і драматург, які пісаў на ідыш, і творы якога перакладаліся не толькі на рускую і беларускую, але і на англійскую, нямецкую, польскую і іншыя мовы.

Дакладны дзень яго нараджэння невядомы: па адных звестках – гэта 20, па іншых – 25 сакавіка 1896 года. Яго бацька, Саламон Кульбак, быў малодшым сярод сямнаццаці братоў. Усе мужчыны ў сям’і цяжка працавалі: смалакурамі, плытнікамі, гарбарамі…

13-1-2.jpg

Бацька імкнуўся даць сыну не толькі традыцыйную для яўрэйскага хлопчыка пачатковую адукацыю, але яшчэ і вышэйшую рэлігійную. Таму ва ўзросце 13 гадоў Мойша паступае ў Валожынскую ешыву. У 1914 годзе, з надыходам фронту, спачатку яго сям’я са Смаргоні пераязджае ў Мінск, а пасля і ён далучаецца да сваякоў. Ужо ў Мінску таленавіты юнак экстэрнам здае экзамен на званне настаўніка і пачынае працоўную дзейнасць у яўрэйскім доме для сірот у Коўна (цяпер Каўнас). Далейшыя жыццёвыя пуцявіны завядуць Майсея Кульбака ў Вільню, Берлін, нарэшце, ізноў у Мінск, дзе ў час сталінскіх рэпрэсій 1937-га года абарвецца яго жыццё.

Першы мастацкі твор Майсея Кульбака верш “Зорачка” быў напісаны ў 1916 годзе і меў нейкую прароцкасць. У ім паэт згадвае жонку, што адзінока чакае яго ля акна (намёк на арышт), дзяцей, адзін з якіх – хлопчык (гэта таксама спраўдзілася).

Падрабязнасці жыцця Майсея Кульбака ў Берліне ў 1920 - 1923 гадах мала вядомыя. Пра тое, што гэта быў плённы ў творчым плане перыяд, сведчаць выдадзеныя зборнікі вершаў, раман “Месія, сын Эфраіма”. Настальгіяй прасякнуты радкі паэмы “Беларусь”, у якой з цеплынёй і любоўю паэт успамінае не толькі сваю радню, іх цяжкую працу: касьбу ўсёй сям’ёй, сплаў лесу па Віліі - але і паэтычна, кранальна апісвае мясцовыя краявіды.

У 1923 годзе Майсей Кульбак пераязджае ў Вільню. Яго адукацыя і літаратурны досвед, атрыманы ў Берліне, тагачасным цэнтры яўрэйскай літаратуры, дазваляюць займацца выкладчыцкай дзейнасцю адразу ў некалькіх яўрэйскіх навучальных установах, выступаць з лекцыямі і артыкуламі па літаратуры, стаць старшынёй Сусветнага яўрэйскага ПЭН-цэнтра. Па сведчаннях студэнтаў, Кульбак быў адным з самых харызматычных выкладчыкаў горада: “Мы з нецярплівасцю чакалі яго ўрокаў па літаратуры, паэзіі, і не мела значэння, каго мы вывучалі: ва ўсіх паэтаў быў твар нашага настаўніка. Нават стары Гамер здаваўся нам зграбным і гнуткім”. Зразумела, не толькі (і не столькі) з прычыны знешняй прывабнасці  такім папулярным быў паэт у асяродку віленскай інтэлегенцыі. Глыбіня ведаў, філасафічнасць думкі, унутраная энергетыка, а таксама таленавітасць у розных праявах – вось рысы, што прыцягвалі да Кульбака людзей, асабліва моладзь.

Адной з такіх  улюблёных у майстра прыхільніц была і яго будучая жонка. Вось як пра гэта піша іх дачка Рая: “Сярод захопленай віленскай моладзі, што не прапускала ніводнага вечара, ніводнага выступлення Майсея Кульбака была маладая дзяўчына Зэльда (Жэня) Эткіна – мая мама… Яна ў той час працавала настаўніцай у дзіцячым доме… Мама скончыла віленскую гімназію і двухгадовыя настаўніцкія курсы і ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай у Вільні, Мінску, Барысаве.

У 1924 годзе М. Кульбак ажаніўся з Зэльдай, украўшы яе амаль з-пад вянца (быў нават прызначаны дзень вяселля!) у іншага ўхажора. Гэты аўтабіяграфічны факт быў выкарыстаны Кульбаком у яго п’есе “Разбойнік Бойтрэ”, дзе галоўны герой выкрадае нявесту з вяселля. Сам жа твор заснаваны на рэальных гістарычных фактах і расказвае пра класавую барацьбу першай паловы ХІХ стагоддзя. Бойтрэ (беглы рэкрут) арганізуе беднякоў на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. П’еса была вельмі папулярная ў свой час, ставілася ў многіх яўрэйскіх тэатрах Савецкага Саюза і за мяжой. Цікавыя ўспаміны сучасніка М. Кульбака, тэатральнага артыста Вінагура пра яго знаёмства з гэтым творам:

“ - Я напісаў новую п’есу, – сказаў Кульбак. – Хачу ведаць тваё меркаванне. 

- Я ахвотна прачытаю. Рукапіс з сабой?

- Рукапісу няма. Пасядзі і паслухай.

…Больш за тры гадзіны працягвалася гэта дзіўнае чытанне па памяці. Аўтар пераказваў п’есу выразна, з інтанацыямі, напяваў песенькі пад уласны матыў, прыняты пасля рэпертуарнай камісіяй.

- Гэта класічны твор! Заўтра ж нясіце яго ў тэатр!

- Заўтра немагчыма. Тыдні праз два…

- Чаму?!

- Усё вельмі проста – сюжэт яшчэ не запісаны!

Так Майсей Кульбак ствараў усе свае творы: спачатку выношваў іх у галаве, а пасля запісваў на паперы. Самы вядомы свой твор – раман “Зельманцы” (у рускім перакладзе “Зелменяне”) – ён запісаў цягам тыдня, але гэтаму папярэднічала не менш за паўгода “стварэння”. Па ўспамінах сучаснікаў Кульбака, гэты працэс адбываўся так: “Часам Мойша з раніцы да позняга вечара ляжаў на канапе і курыў. Жэня, яго жонка, у такія хвіліны нікога да яго не пускала. У хаце размаўлялі ціха-ціха, выключалі радыё. Абед прыносілі наўпрост да канапы. І ніхто з дзяцей не павінен быў заходзіць у пакой, калі там быў бацька”.

На момант вяртання ў Мінск у 1928 годзе Майсей Кульбак быў ужо знаным пісьменнікам. Яго хораша сустрэла і літаратурная грамадскасць, і чытачы. Наперадзе былі дзевяць гадоў плённай літаратурнай працы і шчаслівага сямейнага жыцця (падрастаў сын Эля, пазней народзіцца яшчэ і дачушка Рая)…

Кульбак арганічна ўпісваецца ў літаратурны рух Савецкай Беларусі, становіцца членам Саюза пісьменнікаў, дзе з поспехам праходзяць яго літаратурныя вечары.  Пра мінскі этап жыцця паэта і пісьменніка звестак небагата. Вядома, што ён актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці сталіцы,  быў знаёмы з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Кузьмой Чорным, некаторы час працаваў у яўрэйскім сектары Акадэміі навук БССР на сціплай пасадзе стыль-рэдактара, якая ніякім чынам не адпавядала маштабу яго асобы. Адначасова займаўся перакладамі на яўрэйскую мову твораў Коласа, Купалы, Гогаля, Астроўскага… Ну і, безумоўна, пісаў… Сярод шэрагу яго работ мінскага перыяду вылучаецца раман “Зельманцы” – лепшы твор з яго пісьменніцкай біяграфіі. У ім з выразным каларытам і гумарам апісана жыццё некалькіх пакаленняў адной яўрэйскай радні, што жывуць на адным двары, абнесеным агароджаю. Гэта простыя, неадукаваныя людзі, якія з цяжкасцю ўспрымаюць новыя ідэі, новыя побытавыя рэаліі, што прыўносіць сучаснасць у іх патрыярхальны свет. Раман – свайго роду энцыклапедыя яўрэйскага жыцця пачатку мінулага стагоддзя. І сёння ён чытаецца з вялікім задавальненнем.

Жудасны для ўсёй беларускай культурнай і навуковай эліты 1937-ы катком прайшоўся і па сям’і Кульбакоў. Майсея арыштавалі 11 верасня і хутка расстралялі.

Апошняе, што ён сказаў жонцы: “Беражы дзяцей”. Але ў яе не атрымалася. Жэню арыштавалі 5 лістапада і як жонку ворага народа на 9 год этапіравалі ў вядомы АЛЖЗР (Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы). 11-гадовага Элю і трохгадовую Раю раскідалі па дзіцячых дамах. Пасля іх знайшла і забрала да сябе сястра Майсея – Тоня. У 1942 годзе фашысты расстралялі і яе, і Элю, і старых Кульбакоў. Цудам выратавалася толькі маленькая Рая: яе дзіцячы садок, які летам размяшчаўся на лецішчы каля Ратамкі, паспелі эвакуіраваць у тыл.

Майсея Кульбака рэабілітавалі ў 1956 годзе. Але спроба жонкі даведацца пра дакладную дату, абставіны і месца яго смерці выніку не далі. У Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР ёй цынічна кінулі: «Ліпень 40-га вас задаволіць?». Яе задаволіла. Жэня пайшла з жыцця ў 1973 годзе, так нічога больш і не даведаўшыся. Доўгі час у літаратуры сустракалася менавіта гэта дата смерці паэта.

Толькі ў канцы 80-х ХХ стагоддзя дачка Рая атрымала дакумент, у якім паведамлялася, што “…прыгавор прыведзены ў выкананне 29 кастрычніка 1937 года. Ранейшыя звесткі несапраўдныя. Пра месца пахавання звестак не маем”.

Не толькі жыцці забіралі ў паэтаў і пісьменнікаў ў тыя страшныя часы. Знішчалі таксама іх творы, каб ні памяці не засталося, ні згадак: канфіскоўвалі іх з бібліятэк, кнігарань, прыватных збораў і спальвалі. Так сталася і з літаратурнай спадчынай нашага земляка. Пасля вяртання з лагера Зэльда Кульбак збірала іх па драбніцах. Знайшла ўсе творы, акрамя аднаго.

Сёння з творчасцю Майсея Кульбака мы знаёмімся дзякуючы выдатным перакладам яго твораў на беларускую і рускую мовы В. Вольскага, Я. Семяжона, Э. Агняцвет, Р. Баумволь, С. Шупа.

Нягледзячы на тое, што большая частка жыцця М. Кульбака прайшла ў тутэйшай культурнай прасторы, памяць пра яго ў Беларусі  ніяк не ўшанавана. Толькі ў Вільнюсе на вул. Кармеліту ўсталявана мемарыльная дошка з надпісам на яўрэйскай і літоўскай мовах: “У гэтым доме жыў вядомы яўрэйскі паэт Мошэ Кульбак (1896 - 1937)”.