СШ №7 увайшла ў топ-10 па колькасці выстаўленых адзнак на платформе Знай.бай
Сучасныя тэхналогіі імкліва пранікаюць практычна ва ўсе сферы нашага жыцця. Не застаецца ў баку ад гэтай тэндэнцыі і адукацыя.
З 2017 года сярэдняя школа № 7 Смаргоні далучылася да рэспубліканскага праекту “Электронная школа", пачаўшы ўводзіць у адукацыйны працэс онлайн-сэрвісы “Электронны дзённік/Электронны журнал”. Першапачаткова праца вялася на платформе Schools.by.
У верасні бягучага навучальнага года педагогі, бацькі і навучэнцы школы адмовіліся ад вядзення папяровых дзённікаў на карысць адзінай платформы электронных сэрвісаў для адукацыі Знай.бай. Гэты дадатак з'яўляецца альтэрнатыўнай заменай папяровага дзённіка і журнала. Хатнія заданні, тэмы ўрокаў, адзнакі, каментары, заўвагі і іншая інфармацыя аўтаматычна загружаецца з электроннага “Класнага журнала”, які вядзе настаўнік. Навучэнцам такім чынам прасцей даведвацца пра хатняе заданне, калі яны не запісалі яго ці прапусцілі занятак. Бацькі бачаць, якую адзнаку іх дзіця атрымала, ці прысутнічала на ўроках. Настаўнікі маюць доступ да інфармацыі аб сваіх вучнях, а таксама да звестак аб іх паспяховасці.
На дадзены момант на электроннай платформе Знай.бай у нашай школе зарэгістраваны 73 педагогі, 875 навучэнцаў і 1137 бацькоў.
Платформа Знай.бай падвяла вынікі працы ў 3-й чвэрці. Згодна з імі наша школа ўвайшла ў топ-10 па колькасці выстаўленых адзнак. Такому выніку спрыяў высокі ўзровень тэхнічнага абсталявання: ва ўсіх навучальных кабінетах школы на працоўным месцы настаўніка усталяваны камп’ютар або ноўтбук з выхадам у інтэрнэт. Дзякуючы своечасоваму выстаўленню адзнак і запісу каментароў бацькі маюць магчымасць “па гарачых слядах” рэагаваць на іх і карэктаваць паводзіны сваіх дзяцей. А гэта спрыяе павышэнню агульнай паспяховасці.
“Няма большай мудрасці, чым своечасовасць”, – пісаў філосаф Фрэнсіс Бэкан. Дзякуючы платформе Знай.бай гэтай мудрасці прытрымлівацца нескладана.