Доўг Памяці

 

Доўг Памяці

Общество
25.02.2021
647
“Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна свая” – пад такім дэвізам прайшоў урок у гісторыка-краязнаўчым музеі “Наш гонар” СШ №1. Яго прысвяцілі сваім настаўнікам, якія прайшлі дарогамі вайны, а пасля працавалі настаўнікамі ў старэйшай школе горада.  

20210222_135317.jpg

Да мерапрыемства дзеці грунтоўна рыхтаваліся. Завязалі перапіску з роднымі настаўнікаў-франтавікоў, папоўнілі аднайменны з музейнай экспазіцыяй фотаальбом “Праз іх лёс прайшла вайна” і нават запрасілі на сустрэчу былых вучняў, якія памятаюць сваіх педагогаў. Атрымалася жывая сустрэча пакаленняў, якая тонкай, але трывалай ніткай звязала ўсіх разам.

З вялікім гонарам і пашанай гаварылі вучні пра Рамана Калістратавіча Рамановіча і Міхаіла Лук’янавіча Далбешкіна, Аляксандра Мітрафанавіча Ватаева, Мікалая Сцяпанавіча Грышко, Генадзя Захаравіча Сідаровіча, Васіля Рыгоравіча Навумава, Людмілу Рыгораўну  Габовіч і Ніну Сяргееўну Максіменка.

Жывую памяць пра Міхаіла Лук’янавіча Далбешкіна данёс да дзяцей я сам. Міхаіл Лук’янавіч быў маім класным кіраўніком, настаўнікам хіміі , біялогіі і дырэктарам школы. Сваім прыкладам на ўроках і ў пазакласнай рабоце ён выхоўваў у нас прагу да ведаў, працавітасць, настойлівасць, павагу да старэйшых, любоў да роднага краю, вадзіў нас у паходы і на экскурсіі. Ён часта гаварыў, каб мы імкнуліся рыхтаваць сябе да сталага самастойнага жыцця з самага дзяцінства, каб імкнуліся быць патрэбнымі людзям, Радзіме. “Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна свая, і не на словах, а на справе”, - зазначаў Міхаіл Лук’янавіч.

Я з гонарам распавёў вучням і пра сваіх родных: бацьку Сцяпана Сцяпанавіча Шчаснага і дзядзьку Міхаіла Сцяпанавіча. Сцяпан Шчасны прайшоў воінам-сапёрам аж да Берліна, удзельнічаў у фарсіраванні рэк Віслы, Одэр, у вызваленні Варшавы. Абодва былі цяжка паранены. З франтавымі асколкамі ім давялося жыць, працаваць, гадаваць дзяцей. У мірныя пасляваенныя гады ветэраны добрасумленна працавалі ў калгасе, выгадавалі добрых дзяцей. Вучні аказаліся ў глыбокім задуменні, калі ўбачылі ўзнагароды, якія з’яўляюцца рэліквіяй нашай сям’і. Трэба ўбачыць і адчуць хваляванні сённяшняга пакалення, якое цяжка чым здзівіць.

 Завяршыўся ўрок зваротам да юнага пакалення, які пакінула былая ўдзельніца вайны, дырэктар СШ №1 Людміла Рыгораўна Габовіч.

Менавіта ў сям’і і школе  фарміруюцца важныя  для станаўлення асобы  каштоўнасці, як абавязак, гонар, сумленне, ідзе асэнсаванае ўсведамленне неабходнасці быць патрэбным грамадству. 

Завязаны вузялок непарыўнай ніткі памяці мы смела назвалі Доўгам Памяці. Ён, як і малітва, – праз усё жыццё! Сапраўды, гісторыя – настаўніца жыцця.