Цымас па-яўрэйску

 

Цымас па-яўрэйску

Общество
05.12.2020
794

Для сённяшніх смаргонцаў у іх пераважнай большасці не з’яўляецца сакрэтам, што доўгі час Смаргонь была яўрэйскім мястэчкам. Першая яўрэйская абшчына згадваецца ў 1628 годзе. У ХІХ стагоддзі колькасць яўрэйскага насельніцтва хутка расла, і ў пачатку ХХ стагоддзя яго колькасць дасягнула 6750 чалавек, што складала 75,5% ад усяго насельніцтва мястэчка. Тут налічвалася на той час 16 сінагог, тры вучылішчы талмуд-тора, пачатковае вучылішча, бальніца. Пасля Вялікай Айчыннай вайны смаргонская абшчына не была адноўлена. У 1989 годзе тут жыло 29 яўрэяў. У Ізраілі існуе аб’яднанне выхадцаў са Смаргоні, якія выдалі кнігу, прысвечаную гісторыі смаргонскай яўрэйскай абшчыны.

А сучасныя жыхары, асабліва старажылы, часцяком выкарыстоўваюць словы з ідыш, часам нават не ведаючы іх першапачатковага значэння. “У гэтым увесь цымус”, - кажам мы, каб падкрэсліць значнасць, каштоўнасць нечага. Пра тое, што значыць гэта слова і з чым яго ядуць, даведалася з “Кулінарнага рамана” майго даўняга сябра, пісьменніка Марата Баскіна. У ашкеназскай традыцыі цымас – абавязковы кампанент меню на яўрэйскі Новы год, лічыцца далікатэсам. А пра тое, як яго гатаваць, гэты аповед М. Баскіна.

цимес 2.jpg

Калі немцы прыйшлі ў Краснаполле, у пустыя яўрэйскія хаты засяліліся жыхары бліжэйшых да мястэчка вёсак. У дом дзядулі перабралася вялікая шматдзетная сям’я з Траўны: цёця Насця і пяцёра яе дзяцей. Дзеці былі адзін другога менш: чатыры сыны і дачушка. Мужа напачатку вайны забралі ў войска, і жанчына ў надзеі неяк пракарміць дзетак, перабралася ў мястэчка.

- Усе так рабілі, - тлумачыла яна бабулі, - казалі, што яўрэі ўжо не вернуцца. Толькі я нічога вашага не чапала. Лічыла, калі вернецеся, усё аддам!

Яна сапраўды нічога ў доме не чапала і нават выратавала дом, калі адступаючыя немцы пачалі паліць яўрэйскія хаты. Насця заставалася добрай знаёмай для бабулі, калі вярнулася назад у вёску. Ніхто не крыўдаваў. А калі прыязджала ў мястэчка, прывозячы нешта на продаж, абавязкова заходзіла да бабулі і нешта прыносіла ў падарунак: то свежыя ягады, то грыбы, то арэхі. І бабуля таксама заўжды абавязкова штосьці перадавала для яе дзяцей. Прыходзіла жанчына часта не адна, а з дачкой Галей, якой на той час было сем гадоў. Бабуля ўсаджвала іх за стол і частавала. Яшчэ і на дарогу давала. Галя вельмі любіла бабуліны прысмакі. З’яўляючыся на парозе, адразу пыталася:

- Бабуля Маша, а якія ў Вас сёння прысмакі? Цымас ёсць? Ён мне вельмі падабаецца. Салодка-салодка!

Прыходзілі нашы госці найчасцей у апошні выхадны месяца, калі ладзіўся вялікі кірмаш. І мая бабуля рыхтавала да гэтага дня вялікую каструлю цымаса.

- Галя прыйдзе, трэба яе салодкім пацешыць.

І бабуля пачынала рыхтаваць цымас. Яна чысціла дзесяць-пятнаццаць вялікіх моркваў і наразала іх тонкімі колцамі, такімі тонкімі, што я баяўся да іх дакрануцца, каб не пераламаць. На дно каструлі яна ліла дзве сталовыя лыжкі алею да яго дадавала лыжку масла. Потым запаўняла каструлю да верху морквай і палівала ўсё пяццю сталовымі лыжкамі мёду. Закрывала накрыўкаў і ставіла ў печ, далей ад агню. Пакуль морква смажылася ў алеі і мёдзе, бабуля мыла сушаныя яблыкі, грушы, чарнасліў. Іх яны брала ўдвая менш, чым морквы. Патушыўшы моркву чвэрць гадзіны, бабуля высыпала ў каструлю сухафрукты, далівала туды паўтары шклянкі вады і перамешвала ўсё драўлянай лыжкай. Затым чакала, пакуль вада закіпіць і, закрыўшы накрыўкай, адсоўвала далей ад вялікага агню. Амаль дзве гадзіны страва тушылася каля самай пячной заслонкі. Час ад часу гаспадыня зазірала ў каструлю, сочачы, каб не выкіпела ўся вада. Апошнія паўгадзіны цымас даходзіў у адкрытай каструлі. Страва павінна атрымацца ні сухой, ні вадкай. Мяккай!

Каструлю з гатовым цымасам бабуля выцягвала з печкі і ставіла на прыпечак астываць.

- Амайхул фарн байхул! (Такая страва – радасць для страўніка! – ідыш) – казала яна, любуючыся цымасам.

Потым падхоплівала лыжкай адно колца морквы і працягвала мне:

- Паспрабуй! Галоўнае ў цымасе – гэта морква! Калі добрая морква, то і ўвесь цымас добры.

Морква раставала ў роце. Як і казала Галя, было салодка-салодка! І я па-яўрэйску адказваў бабулі, што яе вельмі цешыла.

- А-а-а – майхул-майхолі-і-і! Вельмі смачна, - казаў я расцягваючы словы, як гармонік.

Казаў я так, каб пацешыць бабулю. Хаця мне больш падабаўся цымас з мясам. Толькі гэта быў ужо не цымас, а флэйш. І ў гэтага салодкага мяса быў іншы рэцэпт. А значыць, і іншая гісторыя. А гэта майса (аповед, казка - ідыш) закончылася. А штэкэлэ арайн, а штэкэле аройс із ойс! (Слова ўвайшло, слова выйшла, а час казкі сышоў! – ідыш).

Пераклала Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Статьи по теме: