Сярод нешматлікіх партрэтаў Ліліі Трохалевай ёсць работа пад назвай “Настаўніца”. Прыгожая, стройная жанчына каля стала з сшыткамі на фоне кніг аказалася… дваюраднай сястрой маёй мамы. Пра гэта я даведалася зусім нядаўна, калі паглыбілася ў вывучэнне творчасці вядомай самабытнай мастачкі са Смаргоні.
“Васілёк у спелым жыце”
Жанчына з карціны – Алена Рудко, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Аказалася, Алена Віктараўна дружыла з Ліліяй Трохалевай.
Што магло звязаць дзвюх жанчын, паміж якімі розніца ва ўзросце – амаль два дзясяткі гадоў? “Апантанасць”, – я адказала сама сабе. Адна была заўзятай мастачкай, другая – не менш заўзятай настаўніцай. Абедзве – працавалі ў першай школе.
Ларыса НАДОЛЬСКАЯ, Лілія ТРОХАЛЕВА, Алена РУДКО.
“Клапаціцца трэба не толькі пра страўнік…”
На жаль, няма ў жывых ні Ліліі Трохалевай, ні Алены Рудко. Мастачка памерла ў 1996 годзе, яе малодшая сяброўка – у 1990.
Трыццаць гадоў прайшло пасля смерці, а Леанід Рыгоравіч, муж Алены Рудко, і дагэтуль захоўвае скарб, які на працягу жыцця збірала жонка: кнігі, фотаздымкі, газетныя выразкі, лісты, лірычныя сшыткі, рукапісы твораў…
Родам Алена была з невялічкай вёскі Навасёлкі, што паблізу Войстама. Яе бацька рана памёр, пакінуў удаву з шасцю дзецьмі. Маці змагла не толькі паставіць іх на ногі, але і выгадаваць вартымі людзьмі.
Алена паступіла ў Мінскі педінстытут. Там жа вучыўся і яе будучы муж. З Леанідам яна пазнаёмілася “на бульбе”. Раней студэнты рэгулярна дапамагалі калгасам збіраць “другі хлеб”. А пасля сталі разам займацца ў лыжнай секцыі. “Алена Віктараўна і ў Смаргоні актыўна ўдзельнічала ў лыжных спаборніцтвах. Заваёўвала сярод жанчын толькі першыя месцы”, - робіць невялікую рэмарку Леанід Рыгоравіч.
Алена і Леанід РУДКО, 1966 год
А яшчэ яе ў горадзе ведалі як чалавека, улюбёнага ў школу, дзяцей і родную мову. Дзейнасць настаўніцы не абмяжоўвалася школьнымі ўрокамі. Алена Рудко актыўна супрацоўнічала з рознымі выданнямі: “Светлы шлях”, “Літаратура і мастацтва”, “Знамя юности”, “Настаўніцкая газета”, “Народная асвета”, беластоцкая “Ніва”. Метадычныя распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, невялікія празаічныя творы, разважанні пра стан беларускай мовы ў грамадстве – далёка не ўвесь пералік таго, што дасылала яна ў выданні.
“Мне могуць сказаць, што не моўныя пытанні трэба вырашаць, калі людзям не хапае мяса, каўбасы, мыла і іншых тавараў”, - чытаю адзін з газетных артыкулаў Алены Рудко, напісаны ў 1989 годзе. І тут жа настаўніца цытуе Ніла Гілевіча: “... перабудова павінна закрануць і эканоміку, і гісторыю, і культуру, і мову. Клапаціцца трэба не толькі пра страўнік, але і пра непустую душу”.
На адной хвалі
Настаўніца шмат часу аддавала пазакласнай рабоце, клубу “Роднае слова”, пасяджэнні якога праходзілі не толькі ў школе, але і ў ДК, і ў гарадской бібліятэцы, і ў іншых цікавых месцах. Сябры клуба ладзілі вечарыны паэзіі, сустрэчы з пісьменнікамі. У школу прыязджалі народны пісьменнік Янка Брыль, паэт Уладзімір Някляеў, беларускі фалькларыст, літаратуразнаўца, літаратар, доктар філалагічных навук Арсень Ліс, гісторык, археолаг, фалькларыст, літаратуразнаўца Генадзь Каханоўскі…
Янка БРЫЛЬ на сустрэчы з вучнямі ў СШ №1. Канец 80-х гадоў ХХ стагоддзя
Арсень ЛІС на сустрэчы з вучнямі ў СШ №1. Канец 80-х гадоў ХХ стагоддзя
“Алена Віктараўна можа ганарыцца тым, што сярод выпускнікоў школы многія сталі выкладчыкамі роднай мовы і літаратуры, здзейснілі свае іншыя запаветныя мары. І яны пішуць сваёй настаўніцы пісьмы на беларускай мове з Масквы, Ленінграда, Ноўгарада, дзе не чуюць роднай мовы. А любяць яе па-сапраўднаму”, - расказвае Тарэса Кумішча ў газеце “Светлы шлях”.
Алена РУДКО і яе выхаванцы
Леанід Рыгоравіч паказвае вялікі стос пісьмаў да Алены Рудко ад Фёдара Янкоўскага, заснавальніка навуковай школы беларускай фразеалогіі, прафесара кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педінстытута. “Дачушка”, - менавіта так ён звяртаўся ў сваіх лістах да былой студэнткі. Іх сяброўскія адносіны, заснаваныя на глыбокім пазнанні роднай мовы, захаваліся да смерці “маэстра”.
Сярод сяброў настаўніцы быў і Міхаіл Ляпеха, захавальнік сядзібы Францішка Багушэвіча. “Ці не гэта сяброўства ў пэўнай ступені дапамагло Алене Віктараўне напісаць брашуру “Францішак Багушэвіч”, - цытую газетны матэрыял Леанарды Аляшэвіч, таксама былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. - А як рыхтавалася аўтарка да адкрыцця музея ў Кушлянах! Не змагла пабыць на свяце, дзе хутка разышлася сярод удзельнікаў урачыстасці яе кніжачка, на жаль, без аўтографа. На маю просьбу даць аўтограф адказала: “Выйду з бальніцы – тады…”. Не выйшла…”.
Алену Рудко запрашалі выступіць на беларускім тэлебачанні, але таксама не атрымалася. Цяжкая, доўгая хвароба прыпыніла яе жыццё. Жанчыне было толькі 48 гадоў. 50-гадовы юбілей настаўніцы адзначалі ў яе роднай СШ №1. Сярод запрошаных гасцей – знаёмыя ўсе твары: у Смаргонь прыехалі вядомыя пісьменнікі, літаратуразнаўцы, фалькларысты… Людзі, якія былі з Аленай Віктараўнай на адной хвалі.
Алена Рудко вельмі любіла васількі. Яна памерла ў жніўні, калі гэтыя кветкі сваімі сінімі вочкамі выглядалі са спелага жыта. Памятаю, што ў дзень пахавання на яе магіле, сярод мора ружаў і гваздзік, я заўважыла прыгожы букет васількоў…
“Васільком у спелым жыце” назвала Алену Віктараўну яе сяброўка і калега Вольга Андрушчанка ў адным са сваіх “светлашляхаўскіх” нарысаў.
Галіна АНТОНАВА.
Фота з архіва Леаніда РУДКО.