З жыцця маленькіх мурашак, альбо пра дзіцячую цікаўнасць

 

З жыцця маленькіх мурашак, альбо пра дзіцячую цікаўнасць

Общество
01.12.2020
998
Тварыць – значыць мысліць. Пад такім дэвізам у Залескіх яслях-садзе – сярэдняй школе прайшоў Тыдзень пачатковых класаў. Кожны дзень прысвячаўся пэўнаму прадмету і быў падобным на жыццё дбайных мурашоў. Запамінальнымі і займальнымі былі не толькі ўрокі, мерапрыемствы пасля заняткаў, але і перапынкі.

Тыдзень_3_цв.jpg

У панядзелак мы сябравалі з нашай мілагучнай і багатай роднай мовай. Вельмі старанна рыхтаваліся малодшыя школьнікі да конкурсу праектаў “Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца”. Яны стваралі альбомы з малюнкамі, кніжкі-малышкі, лэпбукі, у якіх размяшчалі знойдзеныя прыказкі аб Радзіме, сям’і, працы, а таксама ўласныя апавяданні і казкі.

Па краіне Займальнай матэматыкі падарожнічалі ў аўторак. Захапіла ўсіх гульня-спаборніцтва “Вылічы і расфарбуй”. Дзецям трэба было праявіць кемлівасць, паказаць добрыя ўменні ў вусных вылічэннях, акуратнасць у рабоце.

Тыдзень_2_цв.jpg

Ужо некалькі гадоў запар выкарыстоўваем такую займальную форму, якая вельмі падабаецца нашым вучням. Гэта гульні-квэсты. З іх дапамогай ствараем умовы для эмацыянальных зносін дзяцей у гульнёвых сітуацыях, фарміруем навыкі ўзаемадзеяння. На гэты раз у сераду мы накіраваліся разам з піратамі на пошукі скарбаў. Удзельнічалі каманды “Непатапляемыя”, “Баракуда” і “Марскія вожыкі”. Дзякуючы каманднаму духу, зладжанай працы кожнага ўдзельніка, усе паспяхова адшукалі скарб.

У такой маштабнай і важнай справе як правядзенне Тыдня пачатковых класаў не абысціся без саюзнікаў і аднадумцаў. Імі, у першую чаргу, з’яўляюцца бацькі нашых навучэнцаў. Яны – галоўныя дарадцы і памочнікі, аказваюць матэрыяльную дапамогу, маральную падтрымку, самі арганізуюць і праводзяць мерапрыемствы. У чацвер, самы творчы дзень для вучняў першага і другога класаў, прайшоў бацькоўскі майстар-клас “Юныя фларысты”. Ідэі, якія маленькія вынаходнікі ўвасобілі ў сваіх работах, былі вельмі крэатыўнымі. Разам з бацькамі ў творчым тандэме ўдалося сумясціць фларыстычныя матывы з навагодняй тэматыкай. Атрымаліся арыгінальныя падарункі да самага чароўнага і жаданага свята.

Далучэнню малодшых школьнікаў да вывучэння краязнаўчага матэрыялу, фарміраванню ўяўленняў аб прадпранімальніцкай дзейнасці спрыяе цесная сувязь з нашымі партнёрамі: супрацоўнікамі аддзела культуры традыцыйнай спадчыныРаённы Дом рамёстваў”. Вучні трэцяга і чацвёртага класаў на гэты раз атрымалі магчымасць даследаваць новыя экспанаты, паўдзельнічаць у рэкламе вырабаў. Саламяны капялюш надаваў упэўненасці і мужнасці нашым хлопчыкам, а карона з саломкі вельмі пасавала да мілых тварыкаў дзяўчынак. Мініяцюрныя сувеніры з паперы, тканіны, саломкі, здавалася, ажываюць у дзіцячых руках. Трэба сказаць, што малодшыя школьнікі не ўпершыню наведваюць Дом рамёстваў. І кожная такая сустрэча дорыць новыя прыемныя ўражанні ад пачутага, убачанага і зробленага ўласнымі рукамі. Вось і на гэты раз майстры прапанавалі нам некалькі майстар-класаў. Ніхто не пайшоў дамоў без падарунка, і для кожнага ён стаў асабліва каштоўным.

Сваю невычарпальную творчасць змаглі праявіць і бацькі ў сумесных з дзецьмі працах,  прадстаўленых на выставе “Навагодні сувенір”. Па вопыце мінулых гадоў такія работы маюць практычнае прымяненне. Так, змайстраваных у мінулым годзе казачных герояў, мы вырашылі падарыць выхаванцам дзіцячага садка. Сёлета атрымаліся цудоўныя сувеніры і падарункі да свята Новага года.

Тыдзень_1_цв.jpg

Часта бывае так, што дзіцячае захапленне становіцца стартам для справы ўсяго жыцця. Таму ў рамках Тыдня пачатковых класаў мы арганізоўваем персанальныя выставы творчых работ вучняў. У гэтым годзе аўтарам выставы “Мае першыя крокі ў мастацтве” стала Аліса Мацюк, вучаніца трэцяга класа. Гэтая рознабакова развітая дзяўчынка з’яўляецца прызёрам многіх музычных конкурсаў, у тым ліку і нашага школьнага “Еўрабачання”. Зусім нядаўна Аліса адкрыла ў сабе талент да малявання.

Пятніца ў нашых маленькіх непаседлівых мурашак удалася надзвычай актыўнай. Для некаторых вынікам дня стала перамога ў спаборніцтвах, медалі і слава. Аднак вучні зразумелі, што эстафеты, гульні, спартыўныя спаборніцвы праводзіліся не толькі дзеля забавы і славы, а, у першую чаргу, для ўмацавання іх здароўя.

Субота была напоўнена сюрпрызамі і нечаканасцямі. Спачатку ў нашым “пачатковым мурашніку” адбыўся бібліятэчны экатур “З любоўю да роднай прыроды”. Дзеці раскрывалі таямніцу за таямніцаю, шчыра здзіўляліся новым фактам. Напрыканцы мерапрыемства яны мелі магчымасць прадставіць свае экалагічныя плакаты “Давай зберажом!”

Сапраўдным сюрпрызам у гэты дзень стала сустрэча з перакладчыцай, знаўцам фінскай культуры і гісторыі, каардынатарам праектаў аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Рэспубліцы Беларусь Вольгай Рызмаковай. Нашы госці пачаставалі вучняў салодкамі прысмакамі. Хочацца шчыра падзякаваць арганізатарам за такое цудоўнае свята. Разам з дзецьмі акунуліся ў дзяцінства і мы, педагогі.

Нашы дапытлівыя чамучкі і дбайныя мурашкі праявілі высокую актыўнасць і шчырую зацікаўленасць. На працягу Тыдня ўдзельнічалі ў мерапрыемствах і зараблялі балы. На нашу думку, кожная крупіначка дзіцячай самастойнасці і творчасці павінна быць своечасова заўважана і адзначана. На школьнай лінейцы былі падведзены вынікі Тыдня пачатковых класаў. Сярод удзельнікаў ёсць пераможцы. Аднак без падарунка не застаўся ніхто. Спонсарскую дапамогу аказалі бацькі. Ім таксама выказваем шчырую падзяку.

Тыдзень пачатковых класаў скончыўся. Аднак стрымаць дзіцячую цікаўнасць немагчыма. Нашы суботнія госці таксама гэта заўважылі і прапанавалі ў працяг нашай сустрэчы правесці конкурс малюнкаў “У даліне мумі-троляў”.

Таццяна ГРЫШКЕВІЧ,

настаўніца пачатковых класаў

ВПК “Залескі яслі-сада – сярэдняя школа”.