След продкаў Нетаньяху ў Крэве

 

След продкаў Нетаньяху ў Крэве

Общество
22.11.2020
2022

Інфармацыі пра жыццё крэўскай яўрэйскай грамады ў нас вельмі мала. Між тым, прадстаўнікі гэтага народа раней складалі значную частку насельніцтва мястэчка. Цяжка ўзнавіць і час з’яўлення яўрэйскага народа ў нашых краях, прасачыць гісторыю іх далейшага знаходжання тут. Трапляюцца, праўда, супярэчлівыя статыстычныя звесткі пра іх колькасць у розныя часы, скупая інфармацыя пра мясцовых яўрэяў-прадпрымальнікаў і іншых асоб, якія дасягнулі пэўных поспехаў у той ці іншай сферы дзейнасці.

идыш3.jpg

Адзін з яўрэйскіх дамоў у цэнтры Крэва (да нашых дзён не захаваўся). Адметнасцю такіх пабудоў, якія спалучалі ў сабе адначасова жыллё і гандлёвую кропку, з’яўляліся дзверы, што выходзілі адразу на местачковую вуліцу ці плошчу.


Хацелася б ведаць больш і пра крэўскую сінагогу, і пра яўрэйскую школу, і пра іх могілкі, што знаходзяцца недалёка ад Юравай гары. Толькі нейкім цудам не кранула гэтых могілкаў Першая сусветная вайна, у той час як ад праваслаўных і каталіцкіх пасля яе амаль нічога не засталося. Наогул, на тэрыторыі Смаргонскага раёна гэта адзіныя з яўрэйскіх могілкаў, якія захаваліся.

Да якога перыяду адносяцца найстарэйшыя захаванні на крэўскіх яўрэйскіх могілках – высветліць цяжка, але па стану некаторых надмагільных камянёў можна дапусціць, што ім не адна сотня гадоў. Надпісы на плітах, перакладзеныя спецыялістамі па ідыш, даносяць да нас цэлыя гісторыі: “Цві-Гірш, сын рэбе Менахема, згарэў заўчасна ў 27 год у 1803 годзе”; “Авігдор, сын рабіна Зееў-Вольфа і Леі, забіты бязвінна ў 1812 годзе” ; “Іцхак, сын рэбе Нахмана, загінуў у час пажару ў 1840 годзе”.

Сярод прозвішчаў, нанесеных на надмагіллі, трапляюцца і адметна яўрэйскія, і ўтвораныя на славянскі манер: Берман, Брудна, Багданоўскі, Дыліён, Лапук, Ліпковіч, Перавозскі, Руднік, Саладуха, Шкоп, Якабзон... Тут знайшлі свой апошні прытулак бацькі і больш далёкія продкі нашага земляка, вядомага яўрэйскага прапаведніка Натана Мілэйкоўскага, які ў сваю чаргу быў дзядулем яшчэ адной не менш вядомай асобы – прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху.

КРЭВА идыш.jpg

Разваліны крэўскай сінагогі ў час Першай сусветнай вайны.


Асаблівы ўздым у жыцці яўрэйскага народа ў нашым краі назіраўся ў міжваенныя гады ХХ стагоддзя. Даволі прыгнечаныя ў царскія часы, цяпер яны атрымалі больш магчымасцей для ўладкавання свайго жыцця і грамадскай дзейнасці. Трэба зазначыць, што ачуняць ад ліхалецця Першай сусветнай вайны больш хуткімі тэмпамі гэтаму народа дапамаглі разнастайныя замежныя яўрэйскія дабрачынныя арганізацыі накшталт “Джойнта”. Выехаўшы ў даваенны час за мяжу, многія з прадстаўнікоў гэтага народу дасягнулі там пэўных поспехаў і былі ў стане аказаць дапамогу супляменнікам з Усходняй Еўропы, якія трапілі ў бяду. Спачатку дапамога заключалася ў дастаўцы і размеркаванні сярод насельніцтва прадуктаў харчавання, вопраткі, медыцынскіх прэпаратаў і будаўнічых матэрыялаў. Пазней яўрэям пачалі вылучаць сродкі і матэрыялы для арганізацыі і развіцця прадпрымальніцтва. Вырашаць іх фінансавыя справы дапамагаў Яўрэйскі банк, філіял якога быў і ў Крэве.

У тагачасным мястэчку дзейнічала каля двух дзясяткаў прыватных яўрэйскіх лавак, якія гандлявалі таварамі штодзённага попыту. Апроч іх былі і спецыялізаваныя крамы, дзе прадавалі што-небудзь адно: мяса ці хлеб, гаспадарчыя тавары ці тканіны, тытунь ці алкагольныя вырабы. Былі ў Крэве і два рэстараны. Адзін з іх размяшчаўся ў двухпавярховай карчме, што стаяла на Рынкавым пляцы насупраць касцёла, і, як і ўся карчма, належаў яўрэю Левіну. Як і ў ранейшыя часы, мястэчка Крэва было месцам правядзення шматлюдных кірмашоў. Верхаводзілі тут, у асноўным, таксама прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці.

Прадпрымальніцтва, якое заахвочвалася дзяржавай і дабрачыннымі арганізацыямі, зусім не абмяжоўвалася гандлем. У Крэве, напрыклад, было мноства іншых дробных прыватных прадпрыемстваў. Тут займаліся цяслярствам, кавальствам, апрацоўкай скуры, хлебапячэннем. У мястэчку працавала некалькі атэлье рознага кшталту: швейныя, абутковыя і іншыя. Калі хто хацеў захаваць для нашчадкаў сваё аблічча альбо памятку пра якую-небудзь сямейную ўрачыстасць - мог звярнуцца ў фотаатэлье Якабсона і Левіна.

Важнае значэнне меў крэўскі паравы млын, які належаў яўрэю Гурвічу. Млын быў аснашчаны швейцарскім паравым рухавіком, і за год тут выпускалася больш за шэсць тысяч цэнтнераў мукі. Магутнасць рухавіка дазваляла не толькі малоць муку і вырабляць крупы, але і пілаваць дошкі, валіць шэрсць, выпрацоўваць электраэнергію. Паток жадаючых пакарыстацца паслугамі крэўскага млына ніколі не спыняўся.

Адукацыяй дзяцей з сем’яў крэўскіх яўрэяў займалася іх нацыянальная школа. Рэлігійныя службы праводзіліся ў сінагозе, рэшткі якой захаваліся да нашага часу.

идыш2.jpg

Швейная майстэрня Нэхамы Жак у Крэве.


Пра адзін з эпізодаў тагачаснага жыцця крэўскіх яўрэяў даведваемся з кароценькага паведамлення ў газеце “Kurjer Wileński” за 1 жніўня 1928 г. Там гаворыцца, што яўрэйскае насельніцтва Крэва доўгі час рыхтавалася да ўрачыстасці асвячэння торы, якую падараваў мясцовай сінагозе рабін Шымон Шкоп, вядомы яўрэйскі грамадскі дзеяч, арганізатар рэлігійнай адукацыі. Урачыстасць была запланавана якраз на дзень выхаду газеты з гэтай інфармацыяй. Рэпартажаў пра саму падзею расшукаць, на жаль, не ўдалося.

Затое зусім выпадкова ў “Фэйсбуку” на старонцы Машэ Зака з Ізраілю я знайшоў здымак, які, як мне тады падалося нейкім шостым пачуццём, мог ілюстраваць падзею, згаданую ў газеце. Звязаўшыся з уладальнікам здымка, я зразумеў, што пачуццё мяне не падвяло: фатаграфія была сапраўды зроблена ў дзень той урачыстасці.

Даведаўся крыху і пра лёс сваякоў самога Машэ Зака. Яго бабуля па бацькоўскай лініі Нэхама Жак (у польскіх дакументах даваеннай пары гэтае прозвішча падаецца менавіта так) была швачкай. Імя жанчыны значыцца ў спісе крэўскіх прадпрымальнікаў у польскім міжваенным статыстычным даведніку “Spis miejscowosci”.  Дзядуля Мардэхай у час вайны стаў ахвярай Халакосту. Сын Нэхамы Леанард, бацька Машэ, трапіўшы ў гета, здолеў адтуль уцячы. Апошнія гады вайны ён змагаўся разам з беларусамі ў партызанскім атрадзе. Пасля апынуўся за мяжой.

Пра нялёгкае жыццё крэўскіх яўрэяў у час Другой сусветнай вайны памятаюць многія мясцовыя жыхары старэйшага ўзросту. Па іх словах, ужо 25 чэрвеня 1941 г., падчас першай акцыі нацыстаў па запалохванню насельніцтва, сярод расстраляных жыхароў Крэва былі прадстаўнікі і гэтага народа.

Ужо з першых дзён акупацыі яўрэйскае насельніцтва адчула на сабе небывалы ўціск з боку захопнікаў. Ён быў у шмат разоў больш адчувальным, чым у адносінах да іншых. Усім яўрэям, а іх на пачатак вайны ў Крэве налічвалася некалькі соцень, было загадана нашыць на вопратку спецыяльныя апазнавальныя знакі жоўтага колеру ў выглядзе зоркі Давіда. Такія ж знакі павінны былі быць і на іх дамах. Яўрэям забаранялася мець зносіны з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей, наведваць рынак, пакідаць мястэчка без дазволу. Акрамя мноства іншых абмежаванняў, на іх была ўскладзена яшчэ і цяжкая працоўная павіннасць. Мужчын, пачынаючы з дванаццацігадовых хлапчукоў, штодня ганялі на лесанарыхтоўкі і на рамонт дарог у бок Мілідаўшчыны і Папелевічаў. Жанчыны павінны былі займацца мыццём салдацкай бялізны і прыборкай памяшканняў, занятых немцамі. Тыя размясціліся ў лепшых яўрэйскіх дамах у цэнтры мястэчка, папярэдне выселіўшы з іх гаспадароў. Занялі немцы пад сваё жыллё на нейкі час нават сінагогу.

Восенню ўсіх яўрэяў сагналі ў гета. Яно знаходзілася ў цэнтры мястэчка, паміж Рынкавым пляцам і замкам. Тэрыторыю гета, абгароджаную калючым дротам, таксама нельга было пакідаць без дазволу. Выжываць даводзілася ў голадзе, холадзе і цеснаце: акрамя мясцовых яўрэяў у гета сялілі і тых, хто прыбываў з іншых мясцін. Антысанітарныя ўмовы жыцця прыводзілі да распаўсюджвання інфекцыйных хвароб.

Тыя, хто працавалі за межамі гета, ажыццяўлялі з мясцовымі сялянамі абмен рэчаў са сваёй маёмасці на ежу. Пры гэтым яны моцна рызыкавалі, бо падобныя здзелкі забараняліся.

идыш 11.jpg

Фатаграфаванне ў час урачыстасцей з нагоды асвячэння Торы ў крэўскай сінагозе. 1 жніўня 1928 г.


У студзені 1942 года немцы сабралі групу мужчын-яўрэяў і некуды вывелі з мястэчка. Больш гэтыя людзі сюды не вярнуліся.

Маюцца статыстычныя дадзеныя, паводле якіх на канец лета 1942 г. у крэўскім гета пражывалі 447 асоб, з іх 143 (102 мужчыны і 41 жанчына) прыцягваліся да разнастайных работ: 68 мужчын і 25 жанчын былі ў падпарадкаванні вермахта, 10 мужчын займаліся прыбіраннем вуліц, 8 - працавалі рамеснікамі, 2 - пекарамі. Дзве жанчыны і двое мужчын былі заняты працамі ў малачарні. Трое чалавек з гэтага спісу складалі ахову гета, трое з’яўляліся членамі юдэнрату – адміністрацыйнага органа яўрэйскага самакіравання ў гета. Былі таксама жанчына-медсястра і жанчына-цырульнік.

У пачатку кастрычніка 1942 года крэўскіх яўрэяў пераправілі ў гета ў Ашмяны. 21 кастрычніка многіх з іх расстралялі ля хутара Зялёнка, які знаходзіўся недалёка ад вёскі Талмінава. Ахвярамі злачыннага забойства сталі тады каля сямі соцень яўрэяў з Ашмянаў, Смаргоні, Гальшанаў і Крэва. На гэтым месцы пасля вайны паставілі помнік.

Калі ў сакавіку 1943 года ашмянскае гета было ліквідавана, яго насельнікаў, у тым ліку і крэўскіх яўрэяў, адправілі ў віленскае або размеркавалі па працоўных лагерах па ўсёй Літве (у прыватнасці – у Жэжмарай). Многіх жа пазбавілі жыцця ў Панарах пад Вільняй.

Адзінкам удалося ўцячы з гета яшчэ ў Крэве і Ашмянах і далучыцца да партызанаў, як тое было з бацькам Машэ Зака. Некаторыя, перажыўшы ўсе жахі канцлагераў, дачакаліся вызвалення.

Пасля вайны ў мястэчку пражывала толькі некалькі яўрэйскіх сем’яў. Хутка іх зусім не стала: хто пакінуў гэты свет, хто адправіўся шукаць лепшай долі ў іншыя мясціны. У спадчыну ад гэтага народа, акрамя могілкаў, развалін сінагогі і некалькіх адметных дамкоў у цэнтры Крэва, засталіся многія людскія звычкі і традыцыі. Адбілася іх колішняя прысутнасць і ў некаторых асаблівасцях мясцовай гаворкі.

Аляксандр КАМІНСКІ.