Наталля МІХАЙЛАВА: “Прафесія выбрала мяне”

 

Наталля МІХАЙЛАВА: “Прафесія выбрала мяне”

Общество
20.11.2020
2513

Як і любая іншая работа, прафесія ўрача-педыятра мае свае плюсы і мінусы. Загадчыца Смаргонскай дзіцячай паліклінікі Наталля Міхайлава лічыць, што галоўны плюс менавіта дзіцячага доктара – пазітыўны настрой пацыентаў на выздараўленне. За выключэннем рэдкіх і вельмі складаных выпадкаў, хваробы дзяцей лягчэй лечацца з-за настрою на выздараўленне, ад чаго і медыцынскія работнікі атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый і значную дозу пазітыву.

IMG_3524.JPG

35 гадоў у педыятрыі – такі працоўны стаж Наталлі Мікалаеўны Міхайлавай. Цяжка запомніць усіх дзетак, якія прайшлі праз яе рукі. Хаця многіх яна ўспамінае з добрай усмешкай у вачах. Вось так прадстаўлялася ёй калісьці Ксюша: “Я – Ксенія, дванаццаць кілаграмаў чыстага золата!” А Настачка, пагладжваючы сябе па жывоціку, сцвярджала, што яна “к’ясавіца”. З урачом часцяком вітаюцца ў горадзе невядомыя прыгожыя маладыя людзі, а доктар толькі здагадваецца, што гэта, верагодней за ўсё, яе былыя пацыенты.

Наталля Мікалаеўна ўпэўнена, што, каб лячыць дзетак, патрэбна прызванне. Для яе выказванне “бескарыслівая любоў да дзяцей” - не проста словы. Мала быць спецыялістам у сваёй прафесіі, патрэбна асабліва чулае сэрца, уменне чуць і разумець не толькі бацькоў сваіх пацыентаў, але і іх немаўлятак. Напрыклад, па характару плачу разумець стан дзіцяці. Са свайго вопыту жанчына ведае, што дзіцячы плач адрозневаецца нават у дзетак розных рас. Быў у яе маленькі палестынскі пацыент, які наогул не плакаў, а толькі пакрэхтваў. Даводзілася лячыць немаўлят арабскага і кубінскага паходжання. Аказваецца, малыя плачуць зусім па-рознаму. Каб адчуць інтанацыі, дзякуючы якім можна вызначыць стан дзіцяці, трэба быць не паліглотам, а крыху медыумам.

А яшчэ Наталля Міхайлава пераканана, што для паспяховай работы педыятрам неабходны такія якасці, як неверагодная працаздольнасць, камунікабельнасць і пачуццё каманды. Калектыў дзіцячай паліклінікі, з улікам медработнікаў устаноў адукацыі, налічвае сёння 65 чалавек. Сярод іх 9 урачоў-педыятраў. Усе супрацоўнікі гэтай сферы аховы здароўя, па сцвярджэнні кіраўніка, адукаваныя, вопытныя, добрасумленныя спецыялісты. Узаемазамяняльнасць, карпаратыўная салідарнасць, адданасць прафесіі дазволілі калектыву дзіцячай паліклінікі па выніках мінулага года заняць першае месца сярод устаноў ЦРБ.

IMG_3536.JPG

У складанай эпідэміялагічнай сітуацыі спецыялісты дзіцячай паліклінікі з гонарам выконваюць свой прафесійны абавязак, не звяртаючы ўвагі на стомленасць, падвоеную нагрузку, небяспеку для ўласнага здароўя. Любоў да прафесіі, да дзяцей і жаданне дапамагаць тым, хто мае патрэбу, даюць сілы і вяртаюцца сардэчнай людской удзячнасцю. Многім сёння давялося адмовіцца ад сваіх мар, але жыве надзея, што ўсё нармалізуецца і тады Наталля Мікалаеўна разам з мужам адправяцца ў чарговае падарожжа, магчыма і самалётам. Такая ў іх сямейная традыцыя, бо калісьці ў студэнцкую пару якраз у самалёце і пазнаёміліся. Як цяпер жартуюць іх сыны - шлюб бацькі здзейснілі на нябёсах. А пакуль найвялікшай радасцю для Наталлі Міхайлавай з’яўляюцца дзве яе ўнучачкі. Меньшанькай Ганначцы толькі два месяцы, але дзяўчынка ўжо спрабуе спяваць, і гэта ў яе цудоўна атрымліваецца пад маміну калыханку. Першае відэа спеваў у бабулі на смартфоне (на фота).

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

Статьи по теме:

28.10.24