Паэтычнымі радкамі верша Уладзіміра Караткевіча пачалася класная гадзіна ў 5 “В” класе сярэдняй школы №1. Класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы Алена Цялега назвала тэму ўрока радком з гэтага ж верша – “Бацькаўшчына светлая мая”.
Мэта класнай гадзіны – патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне вучняў, удасканаленне іх ведаў пра родны край і родную мову. Напачатку ўрока настаўніца пагаварыла з дзецьмі пра малую радзіму. Усе вучні добра ведаюць, што 2018 - 2020 гады ў Беларусі аб’яўлены гадамі малой радзімы. Дзеці з задавальненнем расказвалі пра тое месца, дзе яны нарадзіліся і зрабілі свае першыя крокі. Не менш эмоцый выклікалі ў школьнікаў пытанні пра нашу вялікую Радзіму – Беларусь. Некаторыя вучні расказалі, што падчас летніх канікул ім давялося пабываць у музеях і паглыбіць свае веды пра беларускую гісторыю і культуру.
Беларуская мова – прыгожая, мілагучная, пявучая… Так хлопчыкі і дзяўчынкі характарызавалі родную мову. На жаль, у паўсядзённым жыцці дзеці нячаста чуюць чыстую беларускую гаворку, але яны з задавальненнем вучаць вершы па-беларуску, спяваюць песні. Незадоўга да правядзення класнай гадзіны школьнікі вучылі верш Петруся Броўкі “Калі ласка”. Вучні ахвотна прыгадалі яго яшчэ раз.