ЭКАдвор – старт і матывацыя

 

ЭКАдвор – старт і матывацыя

Общество
18.09.2020
1788

Больш як 10 гадоў Смаргонская гімназія рэалізуе адукацыйны праект “Зялёныя школы”. На мэце праекта выхаванне ашчаднага стаўлення да прыроды, павышэнне ўзроўню інфармавання моладзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. З 2014 года гімназія мае статус “Зялёная школа”.

IMG_1378.JPG

Становіцца добрай традыцыяй правядзенне ў межах Дней энергіі PR-акцыі “Школьны ЭКАдвор”. Летась мерапрыемства праводзілася віртуальна. Сёлета на тэрыторыі ўстановы адукацыі разгарнулі сваю работу некалькі станцый па галоўных кірунках адукацыйнага праекта, дзе ўвага ўдзельнікаў акцэнтавалася на існуючых экалагічных праблемах і на іх ўзаемасувязі з асабістымі паводзінамі кожнага.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 5-6 класаў, для якіх падарожжа па экалагічных станцыях стала своеасаблівым уваходжаннем у адукацыйны праект. З пачаткоўцамі працавала каманда настаўнікаў біялогіі, хіміі, геаграфіі, а таксама ўдзельнікі экалагічнага клуба “Віта”, вучні хіміка-біялагічных класаў. Выкладчыкі і старшакласнікі ў гульнёвай інтэрактыўнай форме расказалі пра важнасць энергазберажэння, водазберажэння, сартавання адходаў, захавання біялагічнай разнастайнасці. Удзельнікі PR-акцыі вывучалі расліны на так званым дзікім лузе, назіралі за птушкамі, а на школьнай метэастанцыі з дапамогай спецыяльнага прыбора рабілі замеры якасці паветра ў раёне гімназіі.

Як распавяла настаўніца біялогіі Ірына Клявец, для вучняў пятых і шостых класаў удзел у мерапрыемствах Дня энергіі павінен стаць матывацыяй для далейшай самастойнай работы. Кожны зможа працаваць і надалей па згаданых кірунках адукацыйнага праекта “Зялёная школа”, напрыклад, рабіць хатні аўдыт расходаў электраэнергіі, правільнага сартавання адходаў, удзельнічаць у замерах чысціні паветра. Такая дзейнасць некаму можа дапамагчы ў абранні будучай прафесіі, а ўвогуле, паспрыяе выхаванню прыстойнага, экалагічна адукаванага чалавека.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.