Упэўнена: у кожнай сям’і ёсць рэч, якая асабліва дарагая сэрцу. Яна тоіць у сабе асаблівую энергетыку, цікавую гісторыю. Вось, напрыклад, такую.
Распачынаем новы праект “Сямейны скарб”
Аднойчы ў рэдакцыю прыйшла наша чытачка Галіна Яроўская, якая жыве ў Сасноўцы. Галіна Міхайлаўна ведала маю зацікаўленасць да даўніны, таму прынесла паказаць сваю сямейную рэліквію – пакрывала (посцілку), якое яна разам з сёстрамі і мамай саткала напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў вёсцы Заблоцце. Калі жанчына развярнула пакрывала – я ахнула: пры электрычным асвятленні яно літаральна пералівалася (на жаль, фотаздымак не перадае ўсёй прыгажосці гэтай рэчы).
Цікавая гэта посцілка тым, што ткалі яе шоўкам па лёне. “Шоўк” у Беларусь з далёкага Мурманска прывёз сваяк, які працаваў на Поўначы рыбаком. Дакладней, гэта былі катушкі шаўковых нітак, з якіх плялі рыбацкія сеткі. Знаходлівыя заблоцкія жанчыны не разгубіліся. Разабралі нітку на 6-7 танюсенькіх нітак, памалявалі ў сіні колер і “ўплялі” ў посцілку. Ткаць такое пакрывала было надзвычай няпроста. У гэтым працэсе былі задзейнічаны ўсе чатыры жанчыны: маці, Алена Мурашка, была галоўнай ткачыхай, а тры дачкі дапамагалі.
З гадамі посцілка, якую Галіна прынесла ў пасаг, калі выйшла замуж, выдатна захавалася. Бясцэнны скарб.
А колькі такіх бясцэнных скарбаў захоўваецца ў сем’ях жыхароў Смаргоншчыны?! То чаму б не расказаць пра іх? Мы звяртаемся да чытачоў газеты “Светлы шлях”: далучайцеся! Званіце па тэлефоне 3-84-19, пішыце (г. Смаргонь, вул. Савецкая, 29, рэдакцыя газеты “Светлы шлях”). Расказвайце пра тыя неверагодныя рэчы (гэта могуць быць не толькі прадметы быту, але і фотаздымкі, дакументы і шмат чаго іншага), якія захоўваюцца ў вас дома ці на дачы. Мы гатовы прыехаць да вас, запісаць вашу гісторыю, сфатаграфаваць сямейную рэліквію.
Наш новы праект “Сямейны скарб” – гэта аповед пра культурную спадчыну, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Спадзяёмся, што ён будзе цікавы для шырокага кола чытачоў.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.