Лоцман у краіну ведаў і ў віртуальны свет
Таццяна Ілюковіч.
Настаўнік, выкладчык, педагог, ментар – гэта ўсё словы-сінонімы. Але іх семантыка мае пэўныя адрозненні. Так, напрыклад, не кожны настаўнік ёсць педагог, не кожны выкладчык – ментар. Для таго, хто не ў курсе: ментар у сучаснай трактоўцы – эксперт у сваёй галіне, які дапамагае менш вопытнаму чалавеку развіць карысныя якасці і пазбегнуць тыповых памылак. А ці можна назваць ментарам маладога спецыяліста, які толькі пачынае сам набірацца вопыту? Мяркую, што такія настаўнікі, як Таццяна Ілюковіч адпавядаюць гэтаму званню, бо паралельна з асваеннем педагагічных ведаў дасягнула пэўных вышынь у камп’ютарнай лінгвістыцы.
Як мне падабаецца гэта моладзь з гарачымі сэрцамі, вачамі, што свецяцца энтузіязмам, са светлым розумам! Маючы грунтоўныя веды і вялікае жаданне шчодра дзяліцца імі, гэтыя юнакі і дзяўчаты гатовы даводзіць да вучняў самае каштоўнае – інтэлектуальныя скарбы.
Свой выбар прафесіі Таццяна Ілюковіч зрабіла свядома. Адзінае, што выклікала ваганні – гэта выбар паміж настаўнікам музыкі і выкладчыкам замежнай мовы. Дзяўчына таксама займалася ў музычнай школе па класу скрыпкі. Досыць паспяхова
ўдзельнічала ў прадметных алімпіядах па англійскай мове. У гэтым ёй дапамагала настаўніца замежнай мовы Таццяна Міхайлаўна Конанава. Яна стала прыкладам для многіх сваіх вучняў, таму што не проста выкладала прадмет, а ўмела знайсці індывідуальны падыход да кожнага, была сапраўдным сябрам і дарадчыкам. Па шчырым прызнанні Таццяны, англійская мова ёй напачатку давалася нялёгка. Дапамагала мама, якая дзеля свайго дзіцяці асвойвала новую для яе замежную мову, бо калісьці ў школе вучыла нямецкую. Матывацыі надавала і тое, што для асваення інфармацыйных тэхналогій у сучасным свеце немагчыма без валодання хоць базавымі ведамі “інгліш”. А маладое пакаленне не ўяўляе свайго жыцця без інтэрнэту.
Сёння малады педагог Таццяна Сяргееўна Ілюковіч мае не толькі дыплом настаўніка замежнай мовы. Яна аўтар 12 навуковых публікацый у разнастайных зборніках, выступала на навуковых канферэнцыях у Беларусі і ў Расіі. У сваёй дыпломнай рабоце яна сумясціла замежныя мовы (англійскую і нямецкую) са спецыялізацыяй “Камп’ютар і лінгвістыка”. Падчас вучобы ва ўніверсітэце дзяўчына захапілася тэмай супрацьстаяння булінгу ў сацыяльных сетках. Разумеючы, што ў сучасным свеце не абысціся без сацыяльных сетак і інтэрнэту, будучая настаўніца шукала і знайшла магчымасць абараніць дзяцей ад негатыўнага боку сацсетак, напрыклад, ад траўлі. Яна распрацавала спецыяльную праграму, якая аўтаматычна выяўляе і блакуе ў англамоўных твітах кібербулінг.
На маё пытанне, ці не крыўдна ёй з такім інтэлектуальным багажом вяртацца на сваю малую
радзіму, Таццяна Ілюковіч упэўнена адказвае, што вельмі рада працаваць у Смаргоні, а займацца далей навуковай дзейнасцю гэта не перашкаджае. Дзяўчына марыць вывучыць яшчэ адну мову – польскую, а магчыма, і карэйскую, бо захапляецца карэйскай культурай. Яшчэ яна любіць спорт і, бясспрэчна, любіць дзяцей, для якіх гатова стаць і педагогам, і ментарам.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.