“Ён наш, ён сярод нас!”

 

“Ён наш, ён сярод нас!”

Общество
20.08.2020
1651

Прачытала літаральна некалькі старонак кнігі “Віленскі трыпціх” Збігнева Жакевіча – і адразу зразумела: мая кніга. Як чытача, мяне заўсёды найперш прываблівае мова твора. Вобразную мову Збігнева Жакевіча  ўспрымаю як адзін з узораў літаратурнага майстэрства.

Трылогія “з’явілася на свет” па-польску і была выдадзена ў Гданьску, дзе з 1960-х гадоў мінулага стагоддзя давялося жыць яе аўтару. Дзякуючы самаадданай працы перакладчыцы Таццяны Кляшчонак, мы сёння маем магчымасць прачытаць яе па-беларуску. Кніга выйшла з друку зусім нядаўна, у маі гэтага года.

кл.jpg

Таццяна КЛЯШЧОНАК з кнігай “Віленскі трыпціх”. На вокладцы – партрэт пісьменніка  Збігнева Жакевіча. Прэзентацыя кнігі плануецца восенню ў Смаргоні і іншых гарадах.



Новае імя для беларускага чытача

“Адкрыў” польскага пісьменніка Збігнева Жакевіча для Смаргоншчыны яшчэ ў 1990-я гады смаргонскі краязнаўца Уладзімір Прыхач. Ён першы пачаў з ім ліставацца і вельмі хацеў, каб пра таленавітага земляка даведаліся ў Беларусі, - зазначае Таццяна Іванаўна. – А ад Адама Мальдзіса, які ў 2000 годзе пазнаёміў нас, смаргонцаў, з польскім пісьменнікам, я атрымала бласлаўленне на маю перакладчыцкую дзейнасць”.

 Збігнеў Жакевіч пакінуў Беларусь яшчэ калі быў 14-гадовым юнаком. З чыгуначнай станцыи Смаргонь разам з адной толькі маці адправіўся ў Польшчу ў 1946 годзе. Але любоў да Беларусі не толькі захаваў у сваім сэрцы, але і шчыра, па-мастацку пра яе расказаў у “Віленскім трыпціху”. Твор прысвечаны гадам, якія пісьменнік пражыў у Беларусі. Яго дзяцінства падаецца вачыма дзіцяці, але ўспаміны суправаджаюцца сталымі разважаннямі пра ўласны лёс, пра змены, якія адбыліся пасля прыходу савецкай улады. Кніга апалітычная, прасякнутая гістарычнымі ведамі і глыбокай дабрынёй.

У трох аповесцях “Віленскага трыпціха” паслядоўна апісваюцца падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Ашмянскага павета - адметнага куточка былой Віленшчыны - з 1938 па 1946 гады. Пра гэты складаны і цяжкі перыяд дасюль мала напісана і беларускімі пісьменнікамі, і дакументалістамі, таму сведчанні Збігнева Жакевіча маюць для нас вялікую каштоўнасць. Варта ўзгадаць, што Ашмянскі павет на той час уключаў у сябе частку Маладзечанскага раёна, Смаргоншчыну і Ашмяншчыну. Будучы пісьменнік нарадзіўся ў Маладзечне, яго бацька, Юзаф Жакевіч, быў дарадцам і ўпраўляючым маёнткамі  графа Здзіслава Тышкевіча ў Ізабеліне пад Маладзечнам. Маці Зоф’я - дачкой дробнага землеўладальніка Аганоўскага з-пад Крэва. Роднымі мясцінамі для Збігнева Жакевіча быў маёнтак дзеда паблізу Паніззя, а таксама  Крэва і  Ленкаўшчына Маладзечанскага раёна, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка ў час ваеннага ліхалецця. У кнізе чытач знойдзе апісанне Крэўскага замка, залескай сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага падчас вайны, гістарычных помнікаў Лоска, Беніцы, Маладзечна.

Улічваючы той факт, што гэта не дакументальны твор, то ў ім чытач не знойдзе назвы вёскі Паніззе – у Жакевіча гэта Ніжаны. Залессе ён называе Станцыяй, а Маладзечна – Малайцовам. А вось назву Крэва ён пакінуў у яе спрадвечным выглядзе.

У кнізе багата апісанняў мясцовых пачастункаў, звычаяў, гаспадарчых заняткаў дробных землеўладальнікаў, прыроды. Адлюстравана беларуская гаворка, прыслоўі, вершы, анекдоты і песні, але найбольш – адносіны паміж мясцовымі жыхарамі.

Гімн любові да Айчыны

Другая аповесць трылогіі “Род Абачаў” напісана ў жанры гімнічнай прозы, якая ўяўляе сабой сплаў мелодыкі, рытму і слова, дзе немагчыма памяняць месцамі ніводнага выразу.  Гэта непаўторны гімн любові да Айчыны. Дарэчы, адзін вядомы нямецкі перакладчык, узяўшыся перакладаць на нямецкую мову “Род Абачаў”, неўзабаве спыніў сваю працу менавіта па прычыне таго, што не змог перадаць меладычныя асаблівасці твора.

“А вось на беларускую мову перакласці ўдалося, і гэта сімвалічна! Унікальныя творы Жакевіча патрэбны перша за ўсё на яго радзіме, дзе нават старыя дрэвы “смуткуюць па нас на векі вякоў”! – кажа Таццяна Іванаўна. - Думаю, што гэта сталася магчымым у першую чаргу ў выніку вялікага структурнага падабенства польскай і беларускай моў, агульнасці гістарычных і культурніцкіх тэрмінаў”.

Трыпціх можна назваць і своеасаблівай кнігай па псіхалогіі сямейных узаемаадносін, бо аўтар моцна паглыбіўся ў складаныя сямейныя адносіны дзядулі і бабулі, бацькоў.

Дарэчы, творчасць Збігнева Жакевіча прызналі і высока ацанілі пры жыцці. Ён – уладальнік многіх ганаровых узнагарод, у тым ліку і дзяржаўных, сярод якіх – Залаты Крыж Заслугі, Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы. Афіцыйныя крыніцы пра яго пішуць: “Збігнеў Жакевіч – выдатны польскі пісьменнік, публіцыст, русіцыст, гісторык рускай літаратуры, даследчык творчасці Фёдара Дастаеўскага і Івана Буніна. Аўтар больш за 200 твораў для дзяцей і дарослых”. Жыў з сям’ёй  у Гданьску і шмат гадоў выкладаў гісторыю рускай літаратуры ў Гданьскім універсітэце. У памяць пра яго на кафедры рускай філалогіі перыядычна праводзяцца так званыя “Жакевічаўскія чытанні”, якія завяршаюцца выданнем асобнага нумара ўніверсітэцкай газеты і зборніка выступленняў. Адзін такі нумар газеты трапіў і ў Смаргонь, ён адлюстроўвае “Чытанні” 2017 года.

Памёр пісьменнік у 2010. У той год Таццяне Іванаўне трапіў у рукі “Віленскі трыпціх”. І неўзабаве пачалася праца…” Гэтую кнігу нельга было не перакласці і не паказаць нашым людзям тую сілу сыноўняй любові да Радзімы і да прыгожага мастацкага слова” – кажа перакладчыца.

Летась Таццяна Кляшчонак, нарэшце, пабачылася з дзецьмі Збігнева Жакевіча - дачкой Зоф’яй і сынам Мацеем. “Сустрэліся, быццам родныя, быццам заўсёды зналіся. Мяне здзівіла, наколькі знешне яны падобныя да нашых мясцовых людзей, - усміхаецца Таццяна Іванаўна. - Нас аб’яднала агульная радасць ад таго, што неўзабаве з’явіцца кніга, што беларусы адкрыюць для сябе імя яшчэ аднаго таленавітага земляка”.

Вялікая праца над кнігай зроблена, але няўрымслівая Таццяна Іванаўна не перастае працаваць. Перакладае артыкулы пра мемуарыстку Габрыелю Пузыну з Дабраўлян, біяграфіі продкаў М. К. Агінскага. “Незадоўга да смерці Збігнеў Жакевіч напісаў кнігу “Гданьская Смаргонь” – пра пасляваенных перасяленцаў-рэпатрыянтаў з нашых мясцін, - падводзіць рысу пад нашай размовай Таццяна Кляшчонак. - Пра гэта ніхто яшчэ не пісаў. Я б хацела яе перакласці хаця б для сябе…”

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.