Усім здаўна вядома, што лета – гэта час адпачынку, доўгачаканая і любімая пара года як дзяцей ,так і дарослых. Хтосьці загарае на спякотным сонейку, купаецца ў цёплых рачных хвалях, а хтосьці да сёмага поту працуе на агародзе з мэтай атрыманння добрага ўраджаю або зранку і да змяркання прападае ў лесе, збіраючы ягады і грыбы. Чалавек мае права наладзіць свой адпачынак так, як яму даспадобы.
Адпачынак з карысцю
А вось вучні 8 класа Жодзішкаўскай сярэдняй школы вырашылі летам адпачыць з карысцю. З 15 чэрвеня па 9 ліпеня ў школе працаваў лагер працы і адпачынку “Тынэйджар” ([англ. teenager - падлетак] - юнак або дзяўчына ва ўзросце ад 13 да 19 гадоў). Сем падлеткаў на аснове дагавору па арганізацыі дзейнасці лагера працы і адпачынку працавалі ў філіяле “Жодзішкі” УПП “Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў”: фарбавалі водаэмульсіённай фарбай плот на збожжасховішчы ў в. Сыраваткі. Час працы для іх быў вызначаны: з 9.30 да 13.30. За дадзены від працы кіраўніцтва філіяла “Жодзішкі” выплаціла ім грашовыя сродкі згодна акта выканання работ і расцэнак, якія дзейнічаюць.
У лагеры працы і адпачынку для дзяцей было наладжана трохразовае харчаванне. Усе падлеткі падчас працы былі забяспечаны маскамі, рабочымі пальчаткамі, антысептыкам, піццявой вадой. Штодзень перад пачаткам рабочага дня з імі праводзіўся інструктаж па тэхніцы бяспекі.
А ў другой палове дня падлеткаў чакалі цікавыя мерапрыемствы: гульня-падарожжа “Кактэйль захапленняў”, ярмарка ідэй і прапаноў “Хто, калі не я?”, фестываль інсцэніраванай песні “Песні маёй Радзімы” і шмат іншых. Прымаючы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, дзеці змаглі паказаць сябе з розных бакоў: яны і выдатныя акцёры, і таленавітыя мастакі, і сапраўдныя спартсмены, а самае галоўнае, што яны шчырыя, адкрытыя і зацікаўленыя ва ўсіх пачынаннях.
За час адпачынку ў лагеры падлеткі змаглі яшчэ больш з’яднацца. За гэтыя васямнаццаць дзён яны сталі адной дружнай і працавітай сям’ёй, якая ўмее не толькі працаваць да поту, але і адпачываць у ахвоту.
Выхавальнік лагера працы і адпачынку Таццяна Высоцкая.