Я – малады настаўнік

 

Я – малады настаўнік

Общество
29.05.2020
841

Я – малады спецыяліст. У 2018 годзе прыйшла працаваць у сярэдняю школу №5. Гэту школу я сама скончыла, а праз некалькі гадоў, у якасці настаўніка вярнулася сюды. Хочацца падзяліцца ўражаннямі аб працы ў школе.

Ва ўніверсітэце я атрымала вялікі запас тэарэтычных ведаў, якія мне хацелася адразу прымяніць на практыцы. Але ў жыцці ўсё па-іншаму. Сустракаюцца розныя дзеці. У кожнага свой узровень валодання мовай, свае інтарэсы і пажаданні.

Самае складанае – гэта знайсці кантакт з дзецьмі. Мне здаецца, з імі трэба ўмець сябраваць, і тады яны самі адкрыюцца табе і пойдуць за табой. Вельмі важна стварыць добразычлівую атмасферу на ўроку, на перапынку і падчас правядзення пазакласнай работы. Вопытныя педагогі казалі: з дзецьмі трэба раіцца, умець іх слухаць і разумець.

Існуе велізарная колькасць формаў і метадаў работы на ўроку. Але неабходна знайсці тое, што падыходзіць толькі табе. У нас наладжана ўзаеманаведванне ўрокаў замежнай мовы. Калі прысутнічаю на занятках сваіх калег, шмат чаму вучуся. Мне цікавыя новыя тэхналогіі. А яшчэ я пазнаёмілася з незвычайнымі інтэрактыўнымі формамі і метадамі працы. Лічу, што на ўроку настаўнік і вучні -  раўнапраўныя партнёры, і таму для мяне важна наладзіць добрыя зносіны з дзецьмі.

А яшчэ я лічу, што трэба быць цікавым для вучня. Вялікі педагог В. А. Сухамлінскі казаў: “Урок - гэта люстэрка агульнай і педагагічнай культуры настаўніка, мерка яго інтэлектуальнага багацця, паказчык яго далягляду і эрудыцыі”. Гэта маё настаўніцкае крэда. За два гады працы ў школе я зразумела самае галоўнае: маладому спецыялісту трэба быць гатовым да новых адкрыццяў, новаўвядзенняў, не шукаць лёгкіх шляхоў, імкнуцца пераймаць перадавы педагагічны вопыт.

У гэтым годзе многія выпускнікі нашай установы збіраюцца паступаць у педагагічныя ВНУ. На працягу 2 гадоў яны наведвалі факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і ўжо маюць уяўленне аб прафесіі настаўніка. Жадаю ўсім ўдалага паступлення. Верце ў сябе – і ў вас абавязкова ўсе атрымаецца.

В.Д. КУЛІКОЎСКАЯ,

настаўнік замежнай мовы ДУА“Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”.