Блізкая суседка лепш за далёкую радню

 

Блізкая суседка лепш за далёкую радню

Общество
22.05.2020
1636

Зіновія БРОЎКА (справа) жыве ў Сяльцы праз дарогу ад Галіны ВЯРШКОВІЧ. Гледзячы на гэтых жанчын, разумееш: жаночая дружба існуе. Толькі не тая, пра якую анекдоты прыдумляюць. А моцная, сталая, мудрая. Дружба ў горы і радасці, правераная часам. І хай яна яшчэ доўга жыве.

“Вам сёння 90 ці 80 гадоў?” – адразу ўдакладніла, калі ўбачыла Зіновію Броўку, бо моцна здзівілася: я ехала да 90-гадовай юбіляркі, а перада мной – жанчына, на выгляд якой можна даць ад сілы 75. Рухавая, бадзёрая, аптымістычная. І з твару малажавая. Такія людзі адразу падымаюць настрой. Гледзячы на іх, перастаеш баяцца старасці.

У гонар царыцы Зіновіі?

“У Вас такое рэдкае імя. Ці не ў гонар Зіновіі, царыцы Пальміры, якая жыла ў ІІІ стагоддзі, Вас назвалі?” – пытаюся. Жанчына ў адказ смяецца і расказвае гісторыю пра тое, што да 45 гадоў не ведала свайго сапраўднага імя.

“Мяне заўсёды звалі Зіна, Зіна Францаўна, - удакладняе мая суразмоўца. – А калі пачалі рабіць пашпарты, да 1974 года іх у калгаснікаў не было, я дастала “метрыкі” і прачытала, што маё імя гучыць крыху інакш, чым я прывыкла”.

Зіновія Броўка ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Сялец Сінькоўскага сельсавета. У сям’і было чацвёра дзяцей, Зіна – старэйшая. Маладзейшыя ўжо ўсе памерлі, а Зіновія Францаўна жартуе: “Мая бабуля пражыла 107 гадоў, можа, і я столькі змагу”.

У жыцці нашай гераіні было нямала цяжкіх, горкіх момантаў. Пахавала ўсіх трох сыноў. З малых гадоў шмат працавала. У школу хадзіць не давялося, прызнаецца, што літары ведае, але чытае з цяжкасцю. “Не было калі хадзіць у тую школу: спачатку вайна, а пасля вайны я ўжо была амаль дзеўкай. Якая навука? – задае практычна рытарычнае пытанне Зіновія Францаўна. - Бацькі аддалі мяне на службу да заможнага вяскоўца Барана, два гады пасвіла ў яго кароў. Пасля яго прызналі “ворагам народа” і пасадзілі, а жонку з дзецьмі некуды ў Расію вывезлі.

У 50-х гадах калгасы сталі арганізоўваць – і я адразу пайшла туды праца ваць. Спачатку звеннявой, потым болей за дваццаць гадоў – даяркай. 25 кароў па тры разы на дзень уручную даіць даводзілася. Гэта пазней апаратамі даіць пачалі. Шмат лягчэй стала.

А даўней… І дзеці дапамагаць прыходзілі. Мае хлопцы добра кароў даіць

навучыліся. І дома шмат гадоў мы па дзве каровы трымалі. Як пенсію назначылі, то з даярак я пайшла, але калгас не кінула. Дзялку буракоў заўсёды брала, трэба ж было на сена зарабляць. Я кароўку збыла, як мне ўжо за 80 гадоў стала”.

І ткачыха, і паварыха

Мой позірк спыніўся на прыгожым саматканым дыване, якім была засцелена канапа. Аказалася, доўгі час Зіновія Францаўна ткала дываны не толькі для сябе, але і на продаж. Трэба было дом будаваць, дзяцей на ногі ставіць. А яшчэ яна была вядомай у вёсцы паварыхай. Вяселлі, правады, хрэсьбіны, пахаванні на працягу сарака гадоў не абыходзіліся без вясковай кухаркі. Калі толькі паспявала?

“Аднойчы я нават бацюшку Сароку пажартавала: мяне на могілкі не пусцяць за тое, што ўсіх туды адпраўляю.

Дзе тады мяне пахаваюць? А ён мне ў адказ: “З паўдарогі будуць пераймаць і дадому адпраўляць, бо людзям надта патрэбная”. Затое, мусіць, і дагэтуль жыву”.

Двойчы на тыдзень да Зіновіі Францаўны прыходзіць сацработнік. “Але яна і сама яшчэ шмат што робіць. Можа нават градку ўскапаць. І агарод садзіць, і поліць. Гаспадарку – курачак, сабаку і ката – глядзіць,” – робіць удакладненне сацработнік Любоў Войтка.

“Але ж калі параўноўваць, як раней жыла, то цяпер я ў гультрэсце. Тады адна думка была: каб выспацца. А цяпер – на ўсім гатовым. Аўталаўка вунь у самы падворак прадукты прывозіць. Унук зараз прыедзе, каля хаты абкосіць. Сацработніцу харошую маю. Пенсію атрымліваю. Ніякіх праблем, - мая гераіня зноў заліваецца смехам і прадаўжае, - а сяброўку во якую маю. З 1957 года ўжо дружым і ніколі не пасварыліся”.

IMG_3388.JPG

IMG_3382.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.