Адкрыта, шчыра аб надзённым

 

Адкрыта, шчыра аб надзённым

Общество
05.03.2020
1230
27-28 лютага ў Мінску прайшоў VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У ліку ўдзельнікаў гэтага маштабнага форуму быў і старшыня Смаргонскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч. Па вяртанні дамоў ён падзяліўся сваімі ўражаннямі.

Перад асноўным днём з’езда дэлегаты папрацавалі ў розных секцыях. Былі разгледжаны пытанні, якія хвалююць Федэрацыю прафсаюзаў. Гэта дастойная зарплата работнікаў, напаўненне калектыўных дагавораў сацыяльнымі гарантыямі, прававая абарона працаўнікоў, ахова працы, сацыяльна арыентаваная рэструктурызацыя прадпрыемстваў, пенсійнае забеспячэнне і г. д.

“У першы дзень мы маглі добра пагутарыць паміж сабой, - сказаў Вікенцій Найдзіч.- Дэлегаты з розных абласцей дзяліліся як станоўчымі напрацоўкамі, так і праблемамі. Назаўтра была магчымасць усё гэта агучыць праз мікрафон у вялікай зале, дзе сабраліся дэлегаты. Брэстчане і віцебчане сярод іншых пытанняў звярнулі ўвагу на тое, што нямала людзей гіне на вытворчасці з-за п’янства. А ўсё таму, што няма кантролю з боку некаторых наймальнікаў.

Прэзідэнт нашай краіны, які прыняў удзел у з’ездзе прафсаюзаў, даручыў пракуратуры разабрацца ва ўсіх гэтых выпадках. Кіраўнік Беларусі жорстка выказаўся наконт затрымання заработнай платы на некаторых прадпрыемствах Віцебскай вобласці, звярнуў увагу на правільнасць налічэння зарплаты бюджэтнікам напачатку гэтага года. Некаторыя работнікі атрымалі менш, чым было абяцана.

У Адміністрацыю Прэзідэнта паступіла 400 скаргаў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вярнуць людзям недалічаныя грошы. Ва ўсіх гэтых непрыемных выпадках павінны разабрацца пракуратура і Камітэт дзяржкантролю.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Камітэту дзяржаўнага  кантролю нашай краіны правесці маніторынг цэнаў і потым далажыць яму, у якіх рэгіёнах яны большыя, у якіх – меншыя, каб прыняць адпаведнае рашэнне.

Ішла гаворка і пра стварэнне пярвічных прафсаюзных арганізацый на прадпрыемствах недзяржаўнай формы ўласнасці. Прыватнікам не трэба баяцца прафсаюзных “пярвічак”. Яны – дапамога наймальнікам. Ад кіраўніка пяройдуць прафсаюзу пытанні аховы працы, культурна-масавая, спартыўная работа, шэфства над маладымі спецыялістамі, настаўніцтва, разам з адміністрацыяй будуць вырашацца розныя надзённыя праблемы.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч адзначыў, што Прэзідэнт задаволены сумеснай работай прафсаюзаў і пракуратуры па прыёме грамадзян. Падчас працы ў такім тандэме многія пытанні, з якімі звяртаюцца людзі, вырашаюцца неадкладна. Кіраўнік краіны ў цэлым выказаў задавальненне дзейнасцю прафсаюзаў, самай буйной грамадскай арганізацыі, якая абараняе інтарэсы працоўных, і ўручыў ФПБ Ганаровы дзяржаўны сцяг.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.