Кантралёр з трывожнай кнопкай

 

Кантралёр з трывожнай кнопкай

Общество
28.10.2019
1368
У Смаргонскім аддзеле Дэпартамента аховы працуюць 87 вартаўнікоў і тры начальнікі ўчасткаў. Ахоўваемыя аб’екты знаходзяцца па ўсім раёне. У горадзе – прамысловыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы. У сельскай мясцовасці вартаўнікі ахоўваюць музеі,нафтабазу, іншыя важныя аб’екты.

Аляксандра Новаш працуе ў гарадскім аддзеле аховы больш за 10 гадоў кантралёрам. На кантрольна-прапускным пункце прадпрыемства ажыццяўляе прапускны рэжым. Сочыць за аўтамашынамі, якія рухаюцца праз КПП, людзьмі. У першую чаргу для таго, каб папярэдзіць крадзяжы, іншыя правапарушэнні, каб на тэрыторыю завода не трапіў нехта чужы. Калі хто хоча прайсці па нейкай справе, то імя і прозвішча гэтага чалавека ўзгадняецца з заводскай адміністрацыяй, яго даныя запісваюцца ў журнал і выдаецца пропуск.

На гэты раз Аляксандра Аляксандраўна дзяжурыла на кантрольна-прапускным пункце камбіната хлебапрадуктаў. Але ў графіку ёсць і іншыя перапрацоўчыя прадпрыемствы горада. Самы складаны аб’ект для ахоўнікаў – малаказавод. Там праз КПП праязджае вялікая колькасць грузавых аўтамашын. Іх трэба агледзець, прадукцыю зверыць з данымі таварна-транспарных накладных. Таму днём дзяжураць два работнікі аховы, а ноччу, калі стане спакойна, - адзін.

У жанчыны, вартаўніка і кантралёра няма столькі сілы, колькі ёсць у мужчыны. На дапамогу прыходзіць трывожная кнопка, якой забяспечаны гэтыя супрацоўнікі. Адзін націск – і праз некалькі хвілін на месца здарэння прымчыцца нарад з гарадскога аддзела аховы.

“На ўчастку аховы, дзе нясе службу Аляксандра Новаш, сёлета было многа затрыманняў, - кажа старшы інспектар групы міліцэйскай і ваенізаванай вартаўнічай аховы Віктар Кісялевіч. – Участак складаецца з 7 аб’ектаў, а кіруе ім начальнік участка аховы Андрэй Зянкевіч. Калісьці ён служыў міліцыянерам ва ўзводзе аховы, потым перайшоў на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі. А калі выйшаў на пенсію – стаў ахоўнікам”.

IMG_8158.JPG

Віктар КІСЯЛЕВІЧ і Аляксандра НОВАШ абмяркоўваюць службовыя пытанні


Вартаўнічую ахову пастаянна правяраюць адказныя службовыя асобы. Ёсць тэхнічная сістэма кантролю. І калі вартаўнік своечасова не адзначыцца, то неадкладна на пост выязджае міліцэйскі нарад.

Больш за 10 гадоў працуе вартаўніком у Смаргонскім аддзеле Дэпартамента аховы Вера Вайцюль. У вольныя хвіліны яна піша вершы, а яшчэ ўдзельнічае ў аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод ахоўнікаў. Творчыя работы гэтай жанчыны неаднаразова былі адзначаны дыпломамі розных узроўняў. Вось і сёлета Вера Вайцюль узнагароджана дыпломам 1 ступені за артыкул і вершы, прысвечаныя Году малой радзімы і службе аховы.

"Ахова заўсёды ў сэрцы маім,

калі пераможна

гучыць родны гімн,

калі маршыруе

святочны парад,

калі заступаю ў чарговы нарад".

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: