Справа кожнага з нас

 

Справа кожнага з нас

Общество
24.09.2019
1096
Штогод людзі ўсёй зямлі адзначаюць 21 верасня Міжнародны дзень міру.

Яснае сонца, блакітнае неба, вясёлыя дзеці, працавітыя дарослыя… Жыццё ідзе сваім ходам … Але для многіх людзей у сучасным свеце мір не рэальнасць, а мара, да якой яны імкнуцца. Таму гэты дзень – гэта яшчэ адна нагода нагадаць пра ідэалы міру сярод усіх краін і народаў.

Для вучняў 5-6 класаў сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні было праведзена пазакласнае мерапрыемства “Мы за мір ва ўсім свеце”. Дзеці зазірнулі ў гісторыю ўзнікнення гэтага дня. Генеральная Асамблея ААН аб’явіла Міжнародны дзень міру ў 1981 годзе і прапанавала яго святкаваць у трэці аўторак верасня. А з 2002 года гэты дзень сталі адзначаць менавіта 21 верасня.

Удзельнікі даведаліся пра пасланнікаў міру. Гэта вядомыя дзеячы мастацтва, літаратуры, навукі, музыкі і спорта, якія добраахвотна прысвячаюць свой час, талент і энергію справе прыцягнення сусветнай увагі да працы ААН. Майкл Дуглас, Леанарда ды Капрыа, Лан Лан, Малала Юсуфзай …– пасланнікі міру, якія ўносілі і ўносяць свой уклад у развіццё мірных адносін у свеце.

Не пакінуў нікога раўнадушным лёс хворай дзяўчынкі з Хірасімы, якая зведала наступствы ўзрыву ядзернай бомбы. Мужная, цярплівая Садако Сасакі вельмі хацела жыць, паспеўшы зрабіць толькі 644 жураўлікі… Яе вобраз стаў сімвалам непрыняцця ядзернай вайны, сімвалам пратэсту супраць яе.

Вобраз дзесяцігадовай Саманты Сміт, якая выступала супраць войнаў, таксама пакінуў след у дзіцячай душы. Вось вытрымка з яе пісьма:”Бог стварыў свет, каб мы жылі разам і клапаціліся пра яго, а не заваёўвалі яго. Калі ласка, давайце зробім, як ён хоча, і кожны будзе шчаслівы”.

Кожны ўдзельнік мерапрыемства зразумеў, што мір – гэта не проста адсутнасць вайны. Ён павінен быць не толькі на ўсёй зямлі, але ў кожным доме, у кожнай сям’і, у кожнай чалавечай душы. Таму гэта справа кожнага з нас. У канцы мерапрыемства кожны атрымаў выяву голуба – сімвал міру.

IMG_20190921_094901.jpg

Людміла ПАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 5 “Б” класа сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні.