Урачыстая лінейка з нагоды пачатку новага навучальнага года прайшла ў Сольскай СШ
На ўрачыстую лінейку ў Сольскую СШ сабраліся вучні, бацькі, настаўнікі, ганаровыя госці - старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч, дырэктар КСУП “АграСолы” Вольга Лук’яненка, старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл Мірскі, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Наталля Лабейка.
У суправаджэнні 11-класнікаў на школьным двары з’явіліся першакласнікі. Іх, прыгожа апранутых, з вялікімі букетамі кветак прывялі ў школу бацькі. Яны стаялі за пастроенымі ў шарэнгу сваімі сынамі і дочкамі. Вучні сярэдніх і старэйшых класаў трымаліся па-даросламу спакойна і важна.
Да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства звярнуўся дырэктар школы Павел Савіцкі. Ён павіншаваў бацькоў, настаўнікаў і вучняў з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў сонечнага настрою, а вучням яшчэ і прагі да ведаў.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч, звяртаючыся да вучняў, адзначыў, што яны павінны добра вучыцца, слухацца сваіх бацькоў і настаўнікаў. Апошнім спатрэбяцца цярпенне і ўдача.
З жаданнем ісці ў школу, мець цікавасць да вучобы, быць задаволенымі вынікамі сваёй працы, каб педагогі і бацькі маглі ганарыцца – такія пажаданні выказала вучням прадстаўнік упраўлення адукацыі райвыканкама Наталля Лабейка.
Старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл Мірскі пажадаў вучням, каб яны прадоўжылі слаўныя традыцыі школы, памножалі іх, а педагогам - свой прафесіяналізм увасобіць у жыццё, бацькам - цярпення і кантролю за дзецьмі.
Здароўя на цэлы навучальны год, добра вучыцца пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам дырэктар КСУП “АграСолы” Вольга Лук’яненка. “Бо разумныя людзі патрэбны ўсюды: і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, і ва ўрадзе”, – падкрэсліла яна.
Дырэктар Сольскай школы мастацтваў Кацярына Сінкевіч пасля віншавання з пачаткам навучальнага года запрасіла вучняў агульнаадукацыйнай школы ў спецыялізаваную школу, дзе вучаць спевам, танцам, маляванню і г. д.
Кожны навучальны год пачынаецца з рытуалу першага званка. І на гэты раз ён абудзіў школьны двор. Званок трымала ў руцэ першакласніца Кацярына Дукса, а нёс яе на сваім плячы вучань 11 класа Іван Жаўнерка.
Потым вучні накіраваліся ў класы на першы ўрок ведаў пад назвай: “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі”, прысвечаны Году малой радзімы.
Выступае дырэктар Сольскай СШ Павел САВІЦКІ
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.