Гісторыя пра тое, калі ў жыцці цікавіць не толькі мікстура, але і музыка, кіно, літаратура

 

Гісторыя пра тое, калі ў жыцці цікавіць не толькі мікстура, але і музыка, кіно, літаратура

Общество
21.07.2019
1935
Вера Чапёлкіна добра памятае, што яе бацькі, дзядуля і бабуля любілі чытаць, сачылі за палітыкай. Адным словам, былі людзьмі хаця і простымі, але адукаванымі. У дзядулі, які жыў у вёсцы, захоўваліся падшыўкі газет за многа гадоў.

У чатырохгадовым узросце і Вера ўжо магла бегла чытаць газетныя тэксты. Таму ў першым класе настаўніца часта садзіла дзяўчынку за стол, каб яна што-небудзь чытала вучням, а сама ў гэты час правярала сшыткі.

Веры даваліся добра ўсе школьныя прадметы. А яшчэ дзяўчынка вельмі любіла людзей, спачувала і суперажывала, хацела быць ім карыснай. Таму вырашыла паступаць у медыцынскі інстытут. Вера Чапёлкіна скончыла школу з залатым медалём, таму ёй, каб паступіць, неабходна было паспяхова здаць у медінстытуце толькі адзін профільны экзамен.

Інстытут, дзе быў адзіны ў Беларусі фармацэўтычны факультэт, знаходзіўся ў Віцебску. Да яго з роднай Бярозы Брэсцкай вобласці дзяўчына дабралася гадзін за 12 на цягніку. Яна здала першы экзамен (хімію) на выдатна і стала студэнткай. У далёкім 1971 годзе Вера Чапёлкіна прыехала на працу ў Смаргонь. Яна можа і не выбрала б гэты горад, але крыху раней сюды размеркавалі ўрачом яе мужа Георгія Чапёлкіна (у быту яго называлі Юрыем), які пазней стаў выдатным хірургам, быў наватарам, укараняў у хірургію розныя навінкі, рабіў складаныя аперацыі, 27 гадоў загадваў хірургічным аддзяленнем цэнтральнай раённай бальніцы.

Працоўную дзейнасць Вера Чапёлкіна пачала правізарам-аналітыкам у цэнтральнай раённай аптэцы. Тады не было столькі гатовых лякарстваў, як цяпер, таму вельмі многа іх выраблялася ў аптэцы – для патрэбаў бальніцы, сельскіх ФАПаў. Акрамя гэтага гатаваліся розныя мікстуры, парашкі, кроплі для вачэй, а таксама медыцынскія сродкі для малых дзетак і нованароджаных. І правізар-аналітык павінен быў правяраць якасць і сумяшчальнасць лякарстваў, каб пры іх вырабе былі выкарыстаны ўсе складальнікі.

Потым Вера Сцяпанаўна загадвала аддзелам, была намеснікам загадчыка і загадчыкам аптэкі. Кіраваць аптэчным калектывам яе прызначылі ў 1996 годзе. Пасля распаду Савецкага Саюза гэта быў складаны час: катастрафічна не хапала лякарстваў. Склад фармацыі, які знаходзіцца ў Гродне, забяспечваў аптэкі неабходным менш чым напалову, астатняе кіраўніцтву аптэк прыходзілася шукаць і дакупліваць самім. У тым ліку і ў камерцыйных структурах.

Цэнтральная раённая аптэка хаця і мае статус дзяржаўнай, але з’яўляецца не бюджэтнай, а камерцыйнай арганізацыяй. І ў той нялёгкі час яна мела ўласны разліковы рахунак і павінна была рабіць усё самастойна. Аднак грошы яшчэ трэба было зарабіць. Іншым разам прыходзілася браць крэдыты: зарплата работнікам, пакупка спецадзення, рамонт будынкаў і пабудоў, нарыхтоўка паліва на зіму для сельскіх аптэк…

IMG_8923.JPG

Ветэран працы Вера ЧАПЁЛКІНА (справа) гутарыць са студэнтамі-практыкантамі Алінай КОХАН і Мікітам ЦІХАНОВІЧАМ


Калі была кіраўніком цэнтральнай раённай аптэкі, Вера Чапёлкіна нават прадала грузавы аўтамабіль, які выкарыстоўваўся для дастаўкі лякарстваў, бо ён спажываў вельмі многа бензіну. Купіла легкавую “Волгу”. Цэнтральнай раённай аптэцы Вера Сцяпанаўна аддала 39 гадоў свайго жыцця. І цяпер тут працуе на чвэрць стаўкі правізарам-інфарматарам, дзеліцца сваім вопытам з маладымі работнікамі. Аптэчная справа ёй падабаецца і яна яе не памяняла б на іншую. Але не толькі працай жыве гэта жанчына. Яна захапляецца музыкай, літаратурай, гісторыяй, любіць жывёл і птушак і, безумоўна ж, людзей. Таму не дарэмна Веру Чапёлкіну выбралі старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі цэнтральнай раённай аптэкі.

Па бацькоўскай дарозе пайшла і дачка Чапёлкіных Наталля. Хаця, як адзначыла маці, ніхто яе не скіроўваў да медыцыны. Яшчэ калі дзяўчына вучылася ў школе, там былі   створаны групы вытворчага навучання па спецыяльнасцях: швеі, лабаранты, медсёстры. Яна выбрала апошнюю.

Пасля заканчэння медыцынскай навучальнай установы Наталля адпрацавала некалькі гадоў у Смаргоні, а потым пераехала ў Мінск. Цяпер яна загадвае гастраэнтаралагічным аддзяленнем у 10 гарадской клінічнай бальніцы, мае сям’ю. Таму Вера Сцяпанаўна задаволена, што ў дачкі ўсё склалася вельмі добра.

Напрыканцы гэтага тыдня ў Веры Чапёлкінай светлы жыццёвы юбілей. Кветкі, падарункі, цёплыя словы. Віноўніцу ўрачыстасці павіншуюць калегі па працы, родныя, блізкія, сябры, знаёмыя. А іх у жанчыны нямала, паколькі яна чалавек з адкрытай душой.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: