Шырыня душы чалавечай – каштоўнасць нашых дзён

 

Шырыня душы чалавечай – каштоўнасць нашых дзён

Люди Сморгонщины
02.02.2024
732
Добры, чулы, разважлівы, вельмі памяркоўны і мудры, свой чалавек… Валерый Рыгоравіч ЦЯРЭШКА 29 гадоў займае пасаду дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Смаргонскім раёне. І такія словы аб ім гучалі з вуснаў яго работнікаў.

IMG_2611.JPG

Для многіх дзіўна, напэўна. Не кожны кіраўнік можа пахваліцца тым, што калегі кажуць на яго адрас:

– Яго не баішся, але вельмі паважаеш. Хвалюешся толькі, каб выка­наць даручэнне так, як трэба. Думаеш не пра сябе, а каб яго не падвесці.

Вялікі аўтарытэт і павага не набываюцца адным днём. Гэта шматгадовая руплівая праца, поўная самаадданасці справе, а яшчэ – чалавечнасці.

Валерый Рыгоравіч у 1987 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя    В. У. Куйбышава па спецыяльнасці “планаванне народнай гаспадаркі”. Пасля заканчэння займаў пасаду старэйшага інжынера-эканаміста аддзела Смаргонскага райвыканкама па комплексным эканамічным і сацыяльным развіцці раёна.

Лёс змяніў жыццёвы накірунак Валерыя Рыгоравіча. І вось ужо 33 гады ён працуе ў сістэме Белдзяржстраха. За шматгадовую плённую працу не раз быў узнагароджаны ганаровымі граматамі райвыканкама, падзякамі і граматамі Белдзяржстраха. У 2023 годзе фотапартрэт Валерыя Рыгоравіча быў занесены на Дошку гонару цэнтральнага апарата Белдзяржстраха ў  г. Мінску.

– Чалавек – душа калектыву. Мы за ім, як за каменнай сцяной, – менавіта так характарызуе свайго кіраўніка адна з работніц Ірына Алянцей. – Ніколі не чула, каб ­хоць крыху ён павысіў голас або страціў самавалоданне. Заўсёды выслухае, параіць, як лепш зрабіць. Да чужой бяды ставіцца, як да сваёй. Ён карыстаецца такой павагай і аўтарытэтам,  якіх можна пажадаць кожнаму.

Дзверы ў Белдзяржстрах адчынены значна раней, чым арганізацыя афіцыйна пачынае працаваць. Валерый Рыгоравіч заўсёды прыходзіць першым, каб сустрэць сваіх работнікаў, пацікавіцца пра іх жыццё і здароўе.

На самыя цяжкія здарэнні (напрыклад, бура ці пажар) са спецыялістам выязджае і дырэктар. Вядома, калі здараецца няшчасце, людзям хочацца з кім-небудзь падзяліцца сваёй бядой. Валерый Рыгоравіч заўсёды ўважліва слухае, дае парады і не пакідае без увагі ні ­адзін выпадак.

Ён не толькі добры кіраўнік, але і надзейная апора для сваіх родных. З жонкай Вольгай Мікалаеўнай выхавалі сына і дачку. А ў мінулым годзе дружная сям’я папоўнілася маленькай унучкай Агнэшкай.

Адным з любімых заняткаў у вольны час для Валерыя Рыгоравіча з’яўляецца наведванне дачнага ўчастка. Невялікі, але вельмі ўтульны домік, дагледжаны двор, уласны агарод – ва ўсім адчуваецца працавітая рука сапраўднага гаспадара.

Па фотаздымку таксама можна многае сказаць пра чалавека, нават калі з ім асабіста не знаёмы. Пільны позірк, у якім чытаюцца мудрасць і жыццёвы вопыт. Нічым непрыхаваныя шчырасць і адкры­тасць. А ў блакітных вачах – столькі дабрыні, ветлівасці і спагады да людзей! Ці не талент гэта і вялікае шчасце – ­быць сапраўдным Чалавекам і несці сваю чалавечнасць праз усё жыццё?..

      Наталля РУСАК  

Фота Аксаны ГЕЙБОВІЧ

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

Статьи по теме: