Анатоль БЯЛЯЎСКІ: «Мастакам, як і дзецям, усё цікава»

 

Анатоль БЯЛЯЎСКІ: «Мастакам, як і дзецям, усё цікава»

Культура
09.12.2024
772

Нас запрасіў у госці творца. Яго майстэрня знаходзіцца ў Асмалоўцы – у «ціхім цэнтры» Мінска, дзе гісторыя, здаецца, застыла. Мы падымаемся на верхні паверх «сталінкі», што месціцца ў доме на вуліцы Кісялёва, і трапляем туды, дзе жыве Яго Вялікасць Мастацтва.

З пачатку сваёй творчай дзейнасці член саюза мастакоў Беларусі, які працуе ва ўсіх жанрах станкавага жывапісу, Анатоль БЯЛЯЎСКІ напісаў больш за 2 тысячы карцін. Анатоль Іванавіч – наш зямляк, нарадзіўся ў Дзенавішках, а дзяцінства і юнацтва правёў у Вішневе. Нярэдка ў яго работах гучыць ода малой радзіме – яе прыродзе і людзям. За кубачкам гарбаты мы вядзём бяседу…

IMG_8698.JPG

IMG_8574.JPG

«ПРЫРОДА – НАЙЦІКАВЕЙШАЯ КНІГА…»

– Ваш тата Іван Бяляўскі, дырэктар школы з больш чым 40-гадовым стажам, быў, на мой погляд, самародкам з народа: валодаў некалькімі замежнымі мовамі, цудоўна маляваў, пісаў вершы. Нягледзячы на сталы ўзрост, меў неймаверную смагу да новых ведаў, на дзявятым дзясятку асвоіў інтэрнэт і даволі актыўна ім карыстаўся. Яго цікавасць да жыцця і таленты перадаліся дзецям: дачка Вольга (у замужжы – Андрушчанка) з маладосці піша вершы, а Вы сталі мастаком.

– У бацькі сапраўды было шмат талентаў. Ён пісаў цудоўныя акварэлі, імі аздабляў свае шматлікія альбомы з вершамі. На жаль, ніводны з іх не захаваўся. Калі я вучыўся ў школе, таксама пісаў вершы, але хутка «завязаў» з гэтай справай, а сястра і дагэтуль прадаўжае пісаць, нядаўна выдала зборнік вершаў. У 80-гадовым узросце бацька таксама выдаў кнігу.

Цікавасць да малявання мне сапраўды перадалася па генах. Прычым, і ад маці таксама:яна цудоўна вязала розныя рэчы, вышывала вялікія прыгожыя дываны, удала падбіраючы адценні нітак. Гэта ж таксама ў пэўным сэнсе жывапіс.

– У японскіх школах ёсць абавязковыя ўрокі любавання хараством прыроды: дзеці паступова вучацца бачыць прыгажосць розных з’яў прыроды, а потым пераходзяць да спасціжэння прыгажосці ў мастацтве – жывапісе, літаратуры… Для Вас такія ўрокі, напэўна, праводзіў бацька, прычым не толькі падчас вучэбнага працэсу?

– Так і было. За тым, як змяняецца прырода, мы з ім разам назіралі не толькі днём, але і ноччу. Памятаю: месяц, дарожку ад возера, пералівы вадаёма… Убачанае мне здавалася сапраўднай казкай.

– «Прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя надпісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце?» – пісаў Якуб Колас у аповесці «У палескай глушы». Безумоўна, Ваш тата, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, ведаў творы класіка і рухаў у жыццё перакананні пісьменніка.

– Прырода – гэта сапраўды адкрытая кніга. Напэўна, таму маімі першымі работамі і сталі пейзажы. Пазней пачаў ствараць партрэты – дзядулі і таты.

IMG_8674.JPG

IMG_8679.JPG

– У які момант Вы зразумелі, што хочаце стаць прафесійным мастаком?

– Вельмі рана. У шостым класе скончыліся ўрокі малявання, і я сам у сябе спытаў:«Што мне рабіць далей?». Адказ знайшоўся адразу: маляваць, я буду мастаком.

– Што сказалі на гэта бацькі? Не сталі адгаворваць?

– Не. Бацькі ва ўсім мяне падтрымлівалі. Я ім за гэта вельмі ўдзячны… Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – акадэмія мастацтваў), на аддзяленне прамграфікі, паступіў з другога разу. Вучыўся ў цудоўнага педагога – нашага земляка Эдуарда Жакевіча, ён родам са Смаргоні.

– Ведаю, што на Вас, як на творцу, вялікі ўплыў зрабіла Лілія Трохалева – яшчэ адна таленавітая смаргонка.

– Лілія Уладзіміраўна найперш мне паказала, як трэба адносіцца да жыцця, да прафесіі, да любімай справы. У яе майстэрні я ўпершыню ўбачыў сапраўдныя жывапісныя работы. У іх адчувалася шмат старання. Пазней я зразумеў, што гэта чыстае, не камерцыйнае старанне. Для Ліліі Трохалевай галоўным было дабіцца жадаемага выніку, і яна імкнулася да гэтага напоўніцу. У яе не было дыплома мастака, але яна шмат займалася самаадукацыяй. Была надзвычай таленавітым творцам і шчырым, добрым чалавекам.

Памятаю, яна мне дарыла пэндзлікі, палатно. Пасля бацькі яна была маім другім настаўнікам па маляванні.

«САМЫ ЛЕПШЫ ЧАС – ТОЙ, ЯКІ Я ПРАВЁЎ У МАЙСТЭРНІ»

IMG_8563.JPG

IMG_8570.JPG

IMG_8605.JPG

IMG_8658.JPG

– Сярод Вашых работ – найбольш пейзажаў, шмат партрэтаў, менш – нацюрмортаў. Ёсць і абстракцыя, і глыбокая філасофія. А што найбольш падабаецца ствараць?

– Усё! Напэўна, самая складаная і самая цікавая справа – напісаць партрэт, бо для гэтага важна ведаць не толькі анатомію канкрэтнага чалавека, але і яго псіхалогію. Неабходна спазнаць «свайго героя», а для гэтага патрэбен час.

IMG_8577.JPG

IMG_8551.JPG

IMG_8554.JPG

IMG_8555.JPG

IMG_8623.JPG

IMG_8635.JPG

– У Вас ёсць цудоўныя партрэты родных, блізкіх і сяброў. На палотнах – шмат вядомых твараў Беларусі: балерына Кацярына Алейнік, чэмпіён Алімпійскіх гульняў, фрыстайліст Аляксей Грышын, вучоны-матэматык Сяргей Абламейка, паэт і публіцыст Анатоль Аўруцін… А каго з вядомых людзей хацелі б напісаць, але яшчэ не зрабілі гэтага?

– Аднойчы на імпрэзе ў Смаргоні я пазнаёміўся з дырыжорам Віктарам Роўдай. Яго вобраз быў такі выразны, артыстычны. Прапанаваў стварыць яго патрэт – маэстра згадзіўся. Мы дамовіліся сустрэцца, але не атрымалася: хутка Віктар Уладзіміравіч памёр.

Даўно маю жаданне намаляваць партрэт Ліліі Трохалевай. Дагэтуль трымаю у памяці яе вобраз, ёсць дакументальныя запісы з удзелам мастачкі…

IMG_8618.JPG

– Ці шмат на Вашых палотнах вугалкоў Смаргоншыны?

– Вельмі шмат. Роднае Вішнева маляваў не менш за сто разоў! Крэўскі замак, Жодзішкі і ваколіцы, касцёл у Нястанішках, рака Вілія. Безумоўна, Смаргонь. Для смаргонскага касцёла ствараў абраз Святога Міхаіла Арханёла. Дарэчы, карціна з выявай Спаса-Праабражэнскага храма захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Кітаі.

IMG_8607.JPG

IMG_8609.JPG

IMG_8633.JPG

IMG_9389.JPG

– «Каб натхняцца, трэба працаваць. Натхненне не прыходзіць да гультаёў», – сцвярджаў заслужаны  дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Церабун. А што Вы скажаце на гэты конт?

– Я таксама не сяджу і не чакаю натхнення як манны нябеснай. Прыйшоў у майстэрню – і адразу з ім сустрэўся. Ты і палатно – праца пачынаецца. Астатняе няважна. Самы лепшы час – той, які я правёў у майстэрні. Галоўнае для мяне – займацца любімай справай. Калі яна прыносіць грошы – то і наогул выдатна!

– Як з’яўляюцца ідэі для сюжэтаў?

– Яны прыходзяць ад таго, што чалавека хвалюе. Калі чалавек згубіў цікавасць, гэта ўжо стары чалавек. Мастакам, як і дзецям, усё цікава, таму ідэі стаяць у чарзе. Паспець бы ўвасобіць іх у жыццё!

– Па якіх крытэрыях Вы ацэньваеце сваю работу?

– Найперш яна павінна падабацца мне. Трэба прыкласці ўсе намаганні і зрабіць яе такой, якой сам жадаеш.

– Пасля заканчэння ў 1984 годзе тэатральнамастацкага інстытута Вы працавалі ў асаблівым канструктарскім бюро «Імпульс» – распісвалі дзіцячыя сады, школы, бальніцы, санаторыі, іншыя ўстановы. Безумоўна, знаходзілі час маляваць для душы. А ў апошнія дзесяцігоддзі дзе «пакінулі» свае роспісы?

– Гадоў пятнаццаць таму сапраўдным адкрыццём для мяне стала беларускае Палессе. Не толькі на палотнах, але і на сценах музея прыроды ў Ляскавічах можна ўбачыць мае роспісы, а таксама іншых беларускіх мастакоў.

– За даволі працяглы адрэзак творчай дзейнасці (сёлета – 40 год, як Вы атрымалі дыплом мастака) прайшло нямала выстаў з Вашым удзелам. Прычым пляцоўкамі для экспанавання работ служылі не толькі Палац мастацтваў, розныя музеі, але і сталічны планетарый, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Расійкі цэнтр навукі і культуры ў Мінску… Кожная выстава для Вас – гэта што?

– Найперш – гэта свята. Выдатна, калі ў майстра з’яўляецца магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю з іншымі людзьмі.

– Ёсць такое паняцце, як выхаванне творчасцю. На Ваш погляд, калі б як мага больш людзей цікавіліся мастацтвам, свет стаў бы больш чалавечным? Магчыма, і войн удалося б пазбегнуць?

– У мастацтва сапраўды галоўная функцыя – зрабіць  чалавека дабрэйшым, больш пазітыўным. Яно сапраўды мае велізарную сілу. Яго варта спасцігаць.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з архіва Вольгі АНДРУШЧАНКІ

Статьи по теме: