“Для любога вялікага чалавека ёсць месца, адкуль усё пачыналася. Для вучонага-фалькларыста, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменніка Арсеня Ліса – гэта Смаргоншчына. Таму мы вырашылі правесці навукова-практычную канферэнцыю “Шляхамі Арсеня Ліса” не ў Акадэміі навук, а менавіта на радзіме гэтага выбітнага чалавека.
Навуковец. Асветнік. Настаўнік. У гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася вечарыны, прысвечаная 90-годдзю Арсеня Ліса
Для нас было важна прыехаць сюды, адчуць тую атмасферу, у якой вырас Арсень Сяргеевіч, наведаць яго магілу”, - адзначыла ва ўступным слове Таццяна Валодзіна, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
Навукова-практычная канферэнцыя, якую можна назваць вечарынай памяці, адбылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Таццяна Васільеўна адзначыла, што да 90-гадовага юбілею Арсеня Ліса выйшлі публікацыі ў штогодніку “Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні”, ён быў цалкам прысвечаны юбілею і фотаздымак Арсеня Сяргеевіча быў размешчаны на вокладцы. Але пра такую асобу хочацца гаварыць не толькі як пра навукоўца, настаўніка, але і як пра чалавека.
Нарадзіўся Арсень Ліс 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава. Сярэднюю школу скончыў у Смаргоні, паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам, метадыстам, рэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Народнапаэтычная творчасць Заходняй Беларусі (1919 – 1939)». Першая публікацыя Арсеня Ліса была прысвечана мастаку Паўлу Южыку, які таксама быў родам з Вётхава і з’яўляўся сынам садоўніка аранжарэі князя Агінскага.
Арсень Ліс даследаваў гісторыю культуры, літаратуры, навукі, вяртаў імёны забытых рупліўцаў творчай спадчыны Беларусі, пра якіх актыўна публікаваў артыкулы на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. Плённа збіраў і вывучаў каляндарна-абрадавы фальклор і пакінуў пранікнёныя аповеды пра іх носьбітаў.
“Арсень Сяргеевіч – гэта будзіцель Беларусі, беларускай культуры на гістарычнай прасторы. Пра столькіх людзей ён напісаў! І так бліскуча! – адзначыў яшчэ адзін удзельнік канферэнцыі Міхась Скобла, паэт і літаратар. - Памятаю, як у юнацтве з захапленнем чытаў яго кнігу пра мастака Язэпа Драздовіча. Гэту кнігу дагэтуль бяру ў рукі і перачытваю. Так глыбока вывучыць тэму, а потым падрабязна і з любоў пра гэта напісаць, мала хто можа. У сваіх кнігах ён паказваў маштаб асобы, пра якую пісаў”.
Навуковы супрацоўнік Юрый Пацюпа, які працаваў з Арсенем Лісам, так выказаўся пра свайго старэйшага калегу: “Ён – асветнік. Мысліў вялікімі маштабамі нацыянальнага жыцця. І сваю дзейнасць размяркоўваў, і для іншых вызначаў кірунак.
Да яго можна прымяніць выраз “мяккая сіла”. Гэта быў вельмі моцны, валявы чалавек, надзвычай культурны, сваёй “мяккай сілай” перамагаў самыя жорсткія супрацівы”.
Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, старшы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі гаварыла пра Арсеня Ліса, як пра паэта і даследчыка беларускай літаратуры. “Гэта незабыўная яркая Асоба нашага часу, напоўненая святлом усіх зорак Беларусі, якімі ён дзяліўся з кожных, каго сустракаў на жыццёвым і творчым шляху. Для мяне ён быў прыкладам працавітасці, сціпласці, рэалізацыяй напоўніцу тых дароў, талентаў, якія атрымаў ад Бога, а потым развіваў, каб стаць тым рупліўцам у вінаградніку Беларусі, яе культуры, гісторыі, распазнаўшы ў гэтым сваё жыццёвае пакліканне”, - так ахарактарызавала ўраджэнца Смаргоншчыны Ірына Эрнстаўна .
У навукова-практычнай канферэнцыі ўдзельнічалі і іншыя навукоўцы: кандыдаты гістарычных навук Зміцер Скварчэўскі, Юрый Внуковіч і Сяргей Грунтоў, кандыдат мастацтвазнаўства Жанна Жыхарка, кандыдат філалагічных навук Яніна Грыневіч. Ад імя смаргонцаў выступілі метадыст раённага Цэнтра культуры Наталля Чудакоўская і педагог Эдзіта Бранцэвіч.
Ад сябе хочацца дадаць, што ў скарбонцы знаходак Арсеня Ліса ёсць важныя для нас, жыхароў Смаргоншыны. Найперш тое, што менавіта Арсень Сяргеевіч знайшоў у зборніку дакументаў па гісторыі Віленскай епархіі першае пісьмовае ўпамінанне пра Смаргонь, што датуецца кастрычнікам 1503 года. Неўзабаве горад адзначаў сваё 500-годзе. У якасці ганаровага госця быў запрошаны і Арсень Ліс. Тады ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад свята: “Я адчуў прыток добрай энергіі. Я сядзеў побач з Мар’янам Дуксам і прызнаўся яму: “Падобнае відовішча чалавеку пажылому прыдае энергіі і, можа, прыбаўляе лішні год жыцця”.
Пасля таго Арсень Ліс пражыў яшчэ амаль пятнаццаць гадоў. Ён пайшоў у лепшы свет напрыканцы мая 2018 года. Яго пахавалі на могілках у Залессі.
Але прадаўжае жыць тое, што хочацца напісаць вялікімі літарамі – Памяць. Добрая, шчымлівая, удзячная.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.