Як і шмат гадоў таму, на сцэне гучыць “Прывітальная”, “Ясная зара” і “Паланэз”. А яшчэ новыя аўтарскія кампазіцыі – “Победа”, “Святочная”, “Ластаўкі пад вакном”, “Беларусь на планете такая одна”…
“Залатыя струны творчасці”. Народны ансамбль песні і танца імя Агінскага адзначае 60-годдзе
Менавіта сёння адзначае свой юбілей знакаміты, адзін са старэйшых у раёне калектыў, які прыносіць эстэтычную асалоду ўсім, хто яго чуе і бачыць. “Гледзячы на гэтых маладых, прыгожых, таленавітых людзей, цяжка паверыць, што калектыў сёння адзначае свае 60-годдзе. Цудоўная лічба. За якой стаяць шматгадовая гісторыя, безліч цікавых імпрэз, мора шчырых апладысментаў, сапраўдныя чалавечыя пачуцці і мары. І сёння гэты адметны калектыў на свята рады падарыць сваім прыхільнікам майстэрства і талент, мастацкія здабыткі і радасць творчасці”, - адзначыла ва ўступным слове вядучая.
Канцэртныя нумары чаргаваліся са словамі віншаванняў. На сцэну выйшлі былая загадчыца аддзела культуры райвыканкама Соф’я Лазар, якая стаяла ля вытокаў стварэння калектыву і больш за 30 гадоў была яго ўдзельніцай.
Павіншавалі юбіляраў начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Галдыцкая, дырэктар раённага Цэнтра культуры Галіна Крацянок, дырэктар музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміла Градзіцкая, смаргонскія святары Анатоль Рэзановіч і Артур Ляшнеўскі.
Таццяна Ражэва ўручыла ансамблю Падзячны ліст адміністрацыі Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці, а яго кіраўніку Аляксандру Ляху – Ганаровую грамату абласнога ўпраўлення культуры, кіраўніку аркестравай групы ансамбля Валянціну Бортніку – ганаровую грамату аддзела культуры райвыканкама. Ірына Галдыцкая падрыхтавала граматы райсавета ветэранаў Аляксандру Ляху, Тамары Валчанковай, Валянціну Бортніку і Соф’і Лазар. Галіна Крацянок – узнагароду ад РЦК.
Настаяцель сабора Праабражэння Гасподняга Анатоль Рэзановіч уручыў калектыву Архіерэйскую грамату, а Аляксандру Ляху – Епархіяльны медаль Лідскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы “Прападобнага мучаніка Галакціёна Лідскага”.
Свае музычныя нумары прысвяцілі юбілярам народны ансамбль народнай песні “Хутарок” і народная эстрадная студыя “Міраж”.
Падчас імпрэзы былі названы імёны людзей, якія шмат зрабілі для калектыву. Працяглы час кіруе ансамблем Аляксандр Лях. І хоць трыццаць гадоў жыве ў Мінску, але ўвесь гэты час штотыдзень прыязджае ў Смаргонь на рэпетыцыі.
Другі кіраўнік – Тамара Валчанкова, цудоўная вакалістка, яшчэ незамужняй дзяўчынай пачынала ў ансамблі. Пасля доўгага перапынку вярнулася ў калектыў і вось ужо 25 гадоў застаецца вернай яму. Валянцін Бортнік плённа прадаўжае работу, распачатую Мікалаем Ходашам у якасці кіраўніка аркестравай групы.
Душой калектыву, яго словам з’яўляецца сціплая, ітэлегентная, удумлівая Валянціна Бажыдай. Нядаўна з’явіўся новы кіраўнік танцавальнай групы. Маладая, амбіцыёзная, крэатыўная Івона Рацько, якая годна прадаўжае танцавальныя традыцыі сваіх папярэднікаў.
Завяршылася імпрэза новай кампазіцыяй “Живи и процветай, родная Беларусь”, якую стварылі Аляксандр Лях і смаргонец Мікалай Цітавец.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара