Да Дня роднай мовы ў рознаўзроставай групе інтэграванага навучання і выхавання Асінаўшчызненскай пачатковай школы прайшла гульня-падарожжа “Вобразная, вольная, пявучая мова беларуская мая”.
Гульня-падарожжа па краіне Беларускай мовы прайшла ў Асінаўшчызненскай пачатковай школе
Перад выхаванцамі паўстала задача – адгадаць тое, што павінен любіць і шанаваць кожны беларус. Для таго, каб справіцца з заданнем, хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў падарожжа па краіне Беларускай мовы. За выкананне задання на кожнай станцыі дзеці атрымлівалі падказкі.
На станцыі Беларускай выхаванцам трэба было сярод карцінак знайсці тыя, на якіх намалявана тое, што называў выхавальнік.
На станцыі Вясёлкавай трэба было назваць па-беларуску ўсе колеры вясёлкі.
На трэцім прыпынку, станцыі Прыроднай, выхаванцы гулялі ў гульню “Перадавай, бяры і называй”, падчас якой успомнілі на беларускай мове прадстаўнікоў беларускай прыроды.
На станцыі Паэтычнай дашкольнікі слухалі прыгожыя вершы беларускіх паэтаў.
На Загадкавай маленькія беларусы з цікавасцю адгадвалі беларускія загадкі.
Сабраўшы ўсе падказкі, дзеці змаглі адгадаць тое, што хавалася за пытальнікам. Гэта быў сімвал Беларусі – васілёк .
Гульня-падарожжа была вельмі пазнавальнай для дашкольнікаў, дала магчымасць адчуць прыгажосць і непаўторнасць беларускай мовы.
Алёна Біслюк,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Асінаўшчызненскай пачатковай школы