Баль у Друцкіх-Любецкіх, гістарычны праменад, знаёмства з навукоўцамі і выдаўцамі… У Шчучыне прайшла прэзентацыя кнігі “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны”
Сімвалічна, што менавіта ў адроджаным палацы князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне адбылася прэзентацыя чарговай кнігі “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны”, выпушчанай выдавецтвам “Звязда” тыражом у 500 экзэмпляраў, перадае dzyannica.by. Пяты, заключны, том з гэтай серыі прысвечаны сядзібнай спадчыне Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў. Выданне базуецца на шматгадовых даследаваннях вядомага беларускага краязнаўцы, доктара біялагічных навук Анатоля Федарука.
-- Гэтага няўрымслівага чалавека, які абышоў і дасканала вывучыў усе сядзібы Беларусі, ведаў аб кожнай з іх унікальныя факты, на вялікі жаль, не стала ў мінулым годзе. Але яго справа жыве, -- зазначыла навуковец Вольга Папко.
Добрым словам успамінаюць Анатоля Тарасавіча і ў Шчучыне. У свой час ён ахвотна адгукнуўся на запрашэнне шчучынскіх педагогаў і гімназістаў прыняць удзел у навуковай канферэнцыі з нагоды 200-годдзя Юндзіла і прывёз с сабой яшчэ тузін аднадумцаў. Аб гэтым з удзячнасцю расказала выкладчыца гісторыі Алена Лісоўская і перадала для дачкі А.Т. Федарука фотаздымак з таго мерапрыемства.
У інтэр’ерах шчучынскага палаца, дзе цяпер таленавітыя педагогі ўзрошчваюць і развіваюць юныя дараванні, валадарыла прыўзнятая атмасфера -- як і належыць на Дні нараджэння яе вялікасці Кнігі. Цікавыя экспазіцыі разгарнулі раённая бібліятэка імя Цёткі, турыстычны цэнтр, Астрынская СШ імя Цёткі і інш. Дзіцячая школа мастацтваў прапанавала выставу работ юных мастакоў.
І вось ужо галоўныя падзеі пераносяцца ў залу, запоўненую зацікаўленымі ў адраджэнні і захаванні нацыянальнай спадчыны. Гэта прадстаўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, настаўнікі і вучні школ раёна, краязнаўцы, работнікі культуры, пісьменнікі, журналісты, проста нераўнадушныя людзі. Нечакана ўсіх удзельнікаў мерапрыемства запрашаюць на… баль. Выхаванцы і педагогі Палаца творчасці дзяцей і моладзі ўстроілі гістарычны праменад і пазнаёмілі гасцей са знакавымі ў гісторыі нашай старонкі постацямі – з тымі, хто хацеў бачыць свой народ адукаваным і шчаслівым. Ігнат Дамейка, Алаіза Пашкевіч, настаўнікі Камінскія – цэлая галерэя ў асобах і лёсах…
Мадэратар сустрэчы Жанна Мецько прадстаўляе ганаровых гасцей, сярод якіх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Лілія Кір’як, дырэктар і галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, дацэнт Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Папко, мастацкі афарміцель кнігі “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны” Барыс Бокша, краязнаўца Васіль Юрша, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Е.Ф. Карскага Марына Ігнатовіч і яе калегі з бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта, наш зямляк, пісьменнік Генрых Тарасевіч і іншыя.
Удзельнікаў мерапрыемства цёпла вітала старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, падкрэсліўшы ў сваёй прамове, што гэта вялікі гонар -- мець такую кнігу, пад вокладкай якой цэлы гістарычны пласт радзімазнаўства. Яна выказала словы падзякі выдаўцам і ўсім тым, хто прыклаў свае творчыя сілы, каб нарадзілася кніга “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны”.
Дарэчы, ў Шчучынскім раёне 38 аб’ектаў унесены ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, у тым ліку палацавыя комплексы Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне і князёў Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку, старажытныя сядзібы ў Вялікім Мажэйкаве і Галавічполі. У новай кнізе расказваецца аб 20 сядзібах на шчучынскай зямлі, прыводзяцца архіўныя даныя, распавядаецца аб уладальніках маёнткаў, дапаўняецца генеалагічнымі дрэвамі вядомых радаводаў, схемамі сядзіб, старадаўнімі і сучаснымі фотаздымкамі. Словам, гэта жывы падручнік для вывучэння спадчыны і напамін, што трэба зберагчы пакінутае продкамі.
Госці цікава расказвалі пра аўтара кнігі Анатоля Федарука, аб тым, як стваралася выданне, узгадвалі не раз і імя нашага земляка, вядомага навукоўца Сяргея Данскіх, які кансультаваў, дапамагаў, дзяліўся каштоўнымі звесткамі і фотаматэрыяламі. У дыялогу прынялі ўдзел і нашы гісторыкі – дырэктар Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага Уладзімір Васількевіч, настаўнікі Алена Лісоўская і Марыя Сядзельнік.
Свята атрымалася яркім і запамінальным. Усе жадаючыя мелі магчымасць не толькі набыць кнігу “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны”, але займець аўтограф яе стваральнікаў.