Падарожжа па родным краі на бібліятаксі
“Гэта цудоўны вынік работы бібліятэкара Кацярыны Варанішчы і супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, якія дапамагалі Кацярыне Васільеўне аформіць конкурсную работу, - зазначыла дырэктар Смаргонскай раённай бібліятэкі Святлана Афанасьева. - На працягу 2020 – 2022 гадоў бібліятэка-клуб у Сасноўцы працавала ў межах краязнаўчага бібліягіда “Кола гісторыі, ці вандроўкі па родным краі”. Тут быў створаны фальклорна-этнаграфічны пакой “Бабулін кут” – экспанаты перадалі сюды мясцовыя жыхары. Спачатку гэта быў невялікі краязнаўчы куток, у якім размясціліся таксама матэрыялы па гісторыі мясцовых калгасаў “Сцяг Перамогі” і “Светлы шлях”, старыя фотаздымкі і артыкулы з газет, інфармацыя пра мясцовыя народныя традыцыі, песенны фальклор і абрады. Рарытэтным экзэмплярам стала кінастужка пра калгас “Сцяг Перамогі”, створаная ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Яе захаваў і перадаў для карыстання мясцовы жыхар, былы работнік калгаса Валерый Рай.
Сёння фальклорна-этнаграфічны пакой “Бабулін кут” – утульная беларуская сялянская хата з мэбляй і гаспадарчымі прадметамі, якімі некалі карысталіся вяскоўцы ў сваім штодзённым жыцці. Для папулярызацыі пакою была распрацавана і прадстаўлена ў віртуальнай прасторы анлайн-віктарына “Скарбы бабулінага куфра”.
Пра будаўніцтва і развіццё вёскі Сасноўкі Кацярына Варанішча правяла цэлае даследаванне: вывучыла кніжныя крыніцы, перыядычныя выданні, афіцыйныя дакументы з раённых архіваў і музеяў, правяла апытанне старажылаў і абагульненне сямейных архіваў аднавяскоўцаў. У выніку – сабраны матэрыял і экспанаты сталі асновай для распрацоўкі краязнаўчага электроннага даведніка “Вытокі свае вывучаем”.
На падставе сабраных матэрыялаў падчас правядзення мабілографа “Таямніцы навакольных вёсак” створаны віртуальны паскрыптум-дайджэст “Дзённік Сасноўскага падарожніка”.
"Пастаянная і сістэмная работа над арганізацыяй шматаспектнага доступу да краязнаўчай інфармацыі паспрыяла далейшаму развіццю работы бібліятэкі-клуба, - удакладніла Святлана Афанасьева. - Распрацавана квэст-экскурсія “Аднойчы ў Сасноўцы…” і QR-гульня “Прагулкі з бабулінай шкатулкі”. Стварэнне мабільных рэсурсаў: анлайн-віктарын, квэстаў, дайджэстаў прыцягвае людзей рознага ўзросту і садзейнічае павышэнню прэстыжу ўстановы, як цэнтра грамадскага жыцця мясцовай супольнасці”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота Антона ВАРАНІШЧЫ.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!