“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”

 

“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”

Культура
05.01.2023
4602
Гісторыка-культурная спадчына Беларусі - сапраўдны скарб, а яго захаванне – найбольш эфектыўны сродак нацыянальнага развіцця. У Смаргонскім раёне 38 аб’ектаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх - 21 помнік архітэктуры, 13 помнікаў археалогіі, 3 помнікі гісторыі, 1 элемент нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Музычна-інструментальная традыцыя (Смаргонскія найгрышы) Смаргонскага раёна”.

У раёне кожны год распрацоўваюцца і зацвярджаюцца мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. З уласнікамі каштоўнасцей вядзецца мэтанакіраваная работа па пытаннях аховы спадчыны. У чэрвені 2022 года прайшло пасяджэнне райвыканкама, на якім разглядалася пытанне “Аб выкананні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Смаргонскім раёне”. Адным з кірункаў, якія разглядаліся ў рамках пасяджэння, - пытанне распрацоўкі праектаў зон аховы на гісторыка-культурныя каштоўнасці. За 2022 год уласнікі аб’ектаў спадчыны распрацавалі і накіравалі для зацвярджэння ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пяць праектаў зон аховы.

IMG_5000.jpg

IMG_5070.jpg

 На працягу 2022 года працягваліся рэстаўрацыйна-аднаўленчыя  працы ў Крэўскім замку і сядзібе М. К. Агінскага. У Крэве, дзякуючы неабыякавым людзям, з’явіўся новы ўнікальны турыстычны аб’ект – вежа-дазорца, што будзе спрыяць развіццю і папулярызацыі гістарычнага месца нашай Смаргоншчыны. Дзякуючы спонсарскай дапамозе праведзены рамонтна-рэстаўрацыйныя працы ў капліцы-пахавальні Качаноў у вёсцы Івашкаўцы і фамільным пахаванні Ходзькаў у аграгарадку Войстам.

IMG_6625.jpg

Актыўна папулярызаваўся элемент нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Смаргонскія найгрышы”. З’явіліся новыя ўдзельнікі ў калектывах-носьбітах элемента. “Смаргонскія найгрышы” гучалі на шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і святах.

 Таксама вялася работа па выяўленні новых аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. На Смаргоншыне падобных аб’ектаў шмат: гэта і руіны былой уніяцкай царквы ў Наваспаску, і каталіцкія капліцы ў Вішнеўскім накірунку, і гістарычныя забудовы Смаргоні. Падчас пасяджэння каардынацыйнага Савета па зберажэнні спадчыны быў зацверджаны перспектыўны спіс аб’ектаў культурнай спадчыны раёна на 2022 – 206 гады, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. А яны, як вядома, выступаюць галоўным крытэрыем непарыўнай сувязі пакаленняў, аб’ядноўваючы іх у гістарычным развіцці. Таму неабходна з вялікай любоўю ставіцца да свайго мінулага, да той спадчыны, якая засталася нам ад дзядоў і прадзедаў, рабіць усё для таго, каб захаваць яе і перадаць наступным пакаленням.

Наталля ЧУДАКОЎСКАЯ,

метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны ДУК “Смаргонскі раённы Цэнтр культуры”.