“Ты душа Беларусі – наша родная мова”: сустрэча з журналістам “Светлага шляху”

 

“Ты душа Беларусі – наша родная мова”: сустрэча з журналістам “Светлага шляху”

Культура
23.09.2022
4292
Навучэнцы Смаргонскага каледжа сустрэліся з журналістам “Светлага шляху” Галінай Антонавай. Сустрэча, якая адбылася ў межах святкавання Тыдня роднай мовы, праходзіла ў фармаце інтэрв’ю і мела назву “Задай сваё пытанне журналісту”.

“Як Вы прыйшлі ў журналістыку? Якімі якасцямі павінен валодаць журналіст?” – на гэтыя і іншыя пытанні госця сустрэчы пастаралася адказаць падрабязна і шчыра.

IMG_1096.JPG

Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы з сувенірамі ад “Светлага шляху”.

Галіна Антонава прыгадала сваё школьнае жыццё, сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Станіславу Станіславаўну Баркоўскую, якая прывіла любоў да роднай мовы і культуры і па сутнасці вызначыла прафесійны шлях Галіны Францішкаўны.

“Мова – гэта першааснова беларусаў, характар народа, яго памяць, гісторыя, яго розум і вопыт. Мова звязвае з папярэднімі пакаленнямі, іх духоўнымі набыткамі. Таму не дзіва, што глыбокія матэрыялы я пішу на роднай мове. Кнігі пра вядомых людзей Смаргоншчыны выдаю менавіта па-беларуску. Гэта маё перакананне”, - адзначыла Галіна Антонава.

Тэму любові роднай мовы працягнула і Ніна Міськевіч, настаўніца гісторыі, кіраўнік краязнаўчага музея Смаргонскага політэхнічнага каледжа. Ніна Якаўлеўна прызналася: “Я прайшла даволі доўгі шлях, калі была такая “руская-руская” (вучылася ў рускамоўнай школе, заняткі ва ўніверсітэце таксама вяліся па-руску), але  аднойчы мне стала сорамна перад самой сабой за тое, што не ведаю роднай мовы. Пасля гэтага пачала вывучаць яе – слухаць беларускую гаворку, чытаць па-беларуску, а потым і сама загаварыла. Я лічу, родная мова – гэта тая энергія жыцця, якая дадзена нам вышэйшымі сіламі”.

Размова прайшла ў нязмушанай атмасферы. Найбольш актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі сувеніры ад “Светлага шляху”.

IMG_1082.JPG

Галіна АНТОНАВА (у цэнтры) з навучэнцамі політэхнічнага каледжа.

Ніна Міськевіч пастаянна ладзіць у каледжы краязнаўчыя гасцёўні, знаёміць навучэнцаў з цікавымі людзьмі Смаргоншчыны. Ніна Якаўлеўна зазначыла: “Я ўпэўнена, што такія сустрэчы добра ўплываюць на маладых людзей. Непасрэдныя зносіны з цікавым субяседнікам – тое, што застаецца ў іх сэрцах, у душах, гэта неацанімы ўклад у развіццё маладой асобы”.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.