Да гасцей фэсту звярнуўся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік: “Прыемна вітаць вас у Кушлянах – у гэтым утульным і маляўнічым месцы. Францішак Багушэвіч – яскравая фігура ў гісторыі нашай краіны. Спадзяюся, што гэты фестываль узбагаціць наша духоўнае жыццё, што кожны з нас тут знойдзе таямніцу Францішка Багушэвіча, якая будзе даспадобы”.


Сёлета Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна са Смаргонскім райвыканкамам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі распачалі новую традыцыю – арганізавалі творчы конкурс “Усім будзе чутна: ад краю да краю” па дзвюх намінацыях: “Літаратурная творчасць” і “Выяўленчае мастацтва”. Падчас імпрэзы ў Кушлянах былі падведзены яго вынікі. Узнагароды “пачынаючай пішучай браціі” ўручыў пісьменнік Віктар Шніп. Сярод узнагароджаных – смаргонцы: Вікторыя Кармілец (РЦТДМ, за пераклад у вершаванай форме празаічнага твора Францішка Багушэвіча “Палясоўчык”), Данііл Карасевіч (СШ №5, эсэ “Да Багушэвіча ў Кушляны”), Ілья Забрамскі (гімназія), Аліна Захарэвіч (“СШ №7), Аляксандра Пасажэннікава (СШ №1).



Узнагароды з рук Сяргея Усіка атрымалі юныя мастакі: Алеся Жук (Смаргонскі яслі-сад – пачатковая школа), Марына Казакевіч (Сінькоўскі яслі-сад – СШ), Соф’я Міхайлава (СШ №3), Лізавета Скараходава (РЦТДМ).




Удзельнікаў свята вітала і начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва. На сцэну выйшлі літаратары Віктар Шніп і Іна Фралова.
“Прыязджаю ў Кушляны практычна на ўсе святы, калі раптам прапускаю, адчуваю сябе хворым… - прызнаўся ў інтэрв’ю Віктар Шніп. - Кушлянскае свята збірае заўсёды шмат людзей, бо гэта свята паэзіі. Людзі цягнуцца да культуры, а яна ў нас багатая. Францішак Багушэвіч нарадзіўся амаль 200 год таму, а тое, што ён зрабіў, жыве і будзе жыць дзякуючы нам, беларусам, якія высока цэняць яго творчасць”.




Цікавую праграму падрыхтавалі для гасцей фэсту смаргонскія бібліятэкары. Працавала кніжная выстава “Абаронца праўды Францішак Багушэвіч”, лялечны тэатр “Праменьчык” паказаў пастаноўку па матывах аповесці Васіля Хомчанкі “Пры апазнанні – затрымаць”, удзельнікі “адкрытага мікрафону” чыталі любімыя творы Багушэвіча…




У межах “Кушлянскага фэсту” быў арганізаваны першы фестываль інструментальнай народнай музыкі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу”. Удзел у ім прынялі пяць калектываў: гурт “Анягож” з Мінска, узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” і народны ансамбль народнай музыкі “Явар” са Смаргоні, узорны фальклорны калектыў “Нальшчаначка” з Жодзішак і гурт “Кушлянская капэла”.










Як вядома, у снежні мінулага года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Смаргонскія найгрышы». У складзе рады была Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКІМ, якая займаецца пытаннямі аховы нематэрыяльнай спадчыны. Алена Тадэвушаўна прыехала і на “Кушлянскі фэст”. “Цудоўна, што элемент выканальніцкага мастацтва «Смаргонскія найгрышы» атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта стала падставай для правядзення шэрагу імпрэзаў, у тым ліку і сённяшняга фестывалю. Я рада, што ён адбыўся. Правесці яго ў межах “Кушлянскага фэсту” – выдатная ідэя. Гэта цудоўны пачатак . У будучым, я ўпэўнена, да вас далучацца музыкі з розных куткоў Беларусі, - адзначылаАлена Каліноўская. - Гэтым фестывалем мы вяртаем жывую прыгожую атмасферу свята, прыгожай камунікацыі з музычнымі і з танцавальнымі сродкамі. Такім чынам, мы аднаўляем не толькі музыку, але і пэўную культуру нашага беларускага традыцыйнага адпачынку”.



Этнапраект Патрыцыі Свіцінай з фальклорнай праграмай традыцыйных беларускіх песень, танцаў і гульняў стаў прыгожым завяршэннем “Кушлянскага фэсту”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.