Справаздачны канцэрт адбыўся ў Лылойцях
Прысутныя землякі, ды і члены журы таксама, з удзячнасцю апладзіравалі кожнаму выступоўцу, шчыра смяяліся, даведваючыся пра лылойцінскі фітнес, суседскія разборкі, пазнаючы ў героях прадстаўленых мініяцюр і баек сваіх аднавяскоўцаў.
У марозны студзеньскі вечар вядучыя Наталля Тапуць і Галіна Свірская стварылі непаўторную атмасферу летняй вёскі. Вёскі, напоўненай вясёлымі дзіцячымі галасамі, птушыным шчабятаннем, гудзеннем пчолак над квітнеючым садам, душэўнымі спевамі і трапнымі жартамі. Дапамагалі ім у гэтай цудадзейнай справе мясцовыя аматары песеннай творчасці і іншых сцэнічных жанраў: Міхаіл Гладушка, Анастасія Сінкевіч, Галіна Корвель, Марта Плоская і самая юная артыстка Крысціна Гугневіч, вакальныя гурты.
Галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Марыя Клуйша па завяршэнні імпрэзы выказала падзяку і нераўнадушным жыхарам Лылойцяў, што завіталі на канцэрт, і самадзейным выканаўцам, якія падарылі цудоўныя імгненні ўсім прысутным. Марыя Канстанцінаўна адзначыла дасціпнасць і густ, а таксама шляхетнасць праграммы, харошы ўзровень асобных нумароў. Асабліва адзначыла эстэтыку і змястоўнасць разгорнутай фотавыставы па выніках краязнаўчых доследаў аматараў даўніны.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.