Цяпер, знаходзячыся шмат часу дома, ёсць магчымасць чытаць кнігі. Некаторыя перачытваю па некалькі разоў. Асабліва творы Мікалая Чэргінца. Да іх хочацца вяртацца зноў і зноў. Да слёз крануў раман “Операция кровь”. Упершыню гэта кніга ўбачыла свет у 2013 годзе.
Людзі, шануйце мір!
У рамане раскрываюцца драконаўскія парадкі гітлераўцаў на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны. Фашысты стваралі лагеры, у якіх утрымлівалі дзяцей ад 6 да 12 гадоў. У іх бралі кроў для патрэб нямецкай арміі, а целы памерлых закапвалі ў канаву ці спальвалі. Без слёз чытаць такі твор немагчыма.
Першыя творы аўтара“Четвертый след”, “Тревожная служба”, “Следствие продолжается”, “Служба дни и ночи”, “Сыновья” вельмі каштоўныя ў нашыя дні. У некаторых кнігах ідзе аповед пра подзвігі ўрачоў. Сёння гэта тэма вельмі актуальная.
У нашу вёску Баярск рэгулярна прыязджае бібліятэка на калёсах. Тут можна ўзяць шмат цікавых кніг, у тым ліку і навінак. Але творы М. Чэргінца – гэта класіка, якая вяртае чытача ў гады страшных пакут дарослых і дзяцей. Раманы пісьменніка паказваюць трагедыю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Страшна падумаць, што было б з намі сёння, са мной, калі б не гераізм беларускага народа. Раю ўсім прачытаць творы М. Чэргінца. Цяпер, калі ў людзей няма магчымасці сустракацца, дзяліцца радасцямі і перажываннямі, застаецца адно на маю думку – чытаць, чытаць, чытаць.
Алена СТРАХ,
в. Баярск.