Мойшэ Кульбак. Сустрэча ў Смаргоні
Між іншым, Мойшэ Кульбак нарадзіўся ў Смаргоні. У 1896 годзе. Тут прайшлі яго дзіцячыя гады. Дзе канкрэтна стаяла хата будучага літаратара, пакуль невядома. Але Сяргей Шупа, перакладчык твораў Кульбака, лічыць, што гэта яшчэ можна ўстанавіць. І варта гэтым заняцца.
Тым не менш для Сяргея Шупы нашмат важней - прывезці Кульбака ў Смаргонь. Дакладней, яго творы, якія не так даўно былі перакладзены на беларускую мову з ідышу. Каб чыталі смаргонцы, каб ведалі, які літаратурны талент выгадавала смаргонская зямля.
Першы твор Мойшэ Кульбака - песня «Штэрндл» («Зорачка») - быў апублікаваны ў 1916 годзе ў Вільні. У 1920 годзе выйшаў першы паэтычны зборнік, праз год яшчэ два - у Берліне і Варшаве. У 1924 годзе раман “Месія з роду Эфраіма” быў выдадзены ў Берліне. У 1926 - у варшаўскім выдавецтве пабачыў свет другі раман аўтара “Панядзелак”.
У Вільні Кульбака ведалі не толькі як пісьменніка і настаўніка. Ён часта выступаў з лекцыямі і артыкуламі пра яўрэйскую літаратуру, ставіў спектаклі. Быў абраны старшынёй заснаванага ў 1927 годзе Сусветнага яўрэйскага ПЭН-клуба. У Мінск яго выпраўлялі як класіка.
А савецкі Мінск прыняў насцярожана. Пра берлінскі і варшаўскі раманы асабліва не ўспаміналі: яны не ўпісваліся ў літаратурныя рамкі дазволенага. Паэтычная творчасць звялася да мінімуму - за дзевяць гадоў былі напісаны чатыры вершы, сатырычная і ў значнай ступені аўтабіяграфічная паэма “Дзісенскі Чайлд-Гаролд”. Самы значны твор Кульбака мінскага перыяду – раман “Зелменяне”.
У верасні 1937 года пісьменніка арыштавалі. Яго расстралялі ў Чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка разам са 120 іншымі прадстаўнікамі беларускай палітычнай, навуковай і культурнай эліты Беларусі (у 1956 годзе быў афіцыйна рэабілітаваны).
Творы Кульбака ў Савецкім Саюзе тады сталі забараняць, кнігі - знішчаць. Ад пажараў вайны і савецкіх ліквідацыйных акцый уцалелі лічаныя асобнікі.
У 1947 годзе ў Іерусаліме адной кнігай з’явіўся пераклад на іўрыт абодвух раманаў. У 1950 годзе раманы перавыдалі на ідышы – гэта апошняя іх публікацыя на мове арыгіналу.
У 1976 годзе на англійскай мове выйшаў раман “Месія…”, пазней – на французскай, нямецкай і польскай мовах. Раман “Панядзелак” быў выдадзены на англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай мовах, асобныя ўрыўкі – на польскай. Пра Кульбака загаварылі, як пра сусветную літаратурную велічыню.
Яго раманы на беларускую мову пераклаў Сяргей Шупа. У 2018 годзе пабачыла свет кніга “Панядзелак”, у 2019 годзе – “Месія з роду Эфраіма”. Менавіта іх перакладчык прэзентаваў у Смаргоні і вельмі цікава апавядаў пра асобу таленавітага творцы.
Усе жадаючыя маглі набыць асобнікі. Хто не зрабіў гэтага - мае магчымасць звярнуцца ў раённую бібліятэку: выдавец Весна Касэрэс перадала туды некалькі кніг Мойшэ Кульбака.
У імпрэзе прынялі ўдзел вядомыя беларускія літаратары Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Таня Скарынкіна, перакладчык Ігар Крэбс. Госці расказалі пра свае творчыя здабыткі, прачыталі свае творы і пераклады.
Ігар КРЭБС
Юлія ЦІМАФЕЕВА і Альгерд БАХАРЭВІЧ
Сяргей ШУПА
Кульбак вярнуўся ў Смаргонь. Ёсць надзея – назаўсёды.
Ігар КРЭБС, Таня СКАРЫНКІНА, Юлія ЦІМАФЕЕВА, Альгерд БАХАРЭВІЧ, Весна КАСЭРЭС, Сяргей ШУПА
Дарэчы. Кузьма Чорны вельмі цёпла адзываўся пра Кульбака як пра разумнага, вясёлага, шчырага чалавека. Кульбак быў знаёмы з Купалам і Коласам, пераводзіў іх вершы. Мікола Хведаровіч ва ўспамінах згадваў, што часта сустракаўся з Мойшэ Кульбакам. Любіў з ім пагаварыць. Кульбак быў вясёлым, умеў цікава расказаць. Не раз Хведаровіч быў сведкам, як Купала, Колас, Чорны сядзелі з Кульбакам на канапе ў Доме пісьменніка і ўважліва яго слухалі.
Фота аўтара.