Год якасці – наш год
Усе мы пастаянна жадаем павышэння якасці нашага асабістага і грамадскага жыцця. Аднак, калі задумацца: зроблены на фабрыцы тавар, прадукт – нават вельмі якасны, не заўсёды ў сваім першапачатковым абліччы трапляе да спажыўца. Нярэдка ў краме мы купляем адсырэлае пячэнне, сасіскі з душком, заплеснявелую каўбасу, сапсаваныя яблыкі. А то і наогул купляем пратэрміраваныя прадукты. Нават у аптэцы мне нядаўна прапанавалі мазь, «жыць» якой заставалася толькі адзін месяц, зроблена яна была ў 2021 годзе.
3 другога боку, словазлучэнне «зроблена ў Беларусі» пацвярджае прыстойную якасць, натуральнасць кампанентаў. Зафіксаваны нават многія выпадкі, калі ў СНД прадаваліся іншародныя прадукты пад слоганам «зроблена ў Беларусі». А ў гарадах Расіі жыхары нават просяць прадаўцоў больш прывозіць беларускага.
Мы самі падчас вінаватыя, бо забываем пра своечасовую дыспансерызацыю, здаровае харчаванне, сапраўды культурны вольны час. Душы многіх сёння паралізаваныя: з-за сваіх планшэтаў мы перасталі заўважаць тых, хто побач... Якасны адпачынак – гэтаму таксама трэба навучыцца!
Што тычыцца прысуджэння новай узнагароды, то можна з упэўненасцю сказаць, што за яе давядзецца сур’ёзна пазмагацца. Статус для Дзяржаўнага знака якасці абяцаюць ужо сёння самы высокі. У ліку намінантаў могуць быць як буйныя прадпрыемствы з багатай гісторыяй, так і маладыя, з новай прадукцыяй.
Лічу, Год якасці можа стаць сапраўдным залогам поспеху сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Зразумела, што кожны з нас адначасова з’яўляецца не толькі спажыўцом, але і стваральнікам якасці. Ад таго, наколькі якасным будзе наша ўсеагульнае і прыватнае стаўленне да працы, да таго, што і як мы будзем ажыццяўляць на сваім працоўным месцы, залежыць канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў, паслуг, а значыць – узровень дабрабыту краіны ў цэлым і кожнага з нас.
Мы прыйшлі да такой сітуацыі, калі трэба падымацца на прыступкі ўсё вышэй і вышэй. Нас ціснуць з усіх бакоў, лягчэй не будзе, гэта аб’ектыўна. Нам ні ў якім разе нельга спыняцца: калі спынімся, пачнецца тармажэнне, загніванне, як у нашай гісторыі ўжо было. Падкрэслю: якасць – найважнейшы прыярытэт у палітыцы нашай краіны. Дасягненне высокай якасці беларускай прадукцыі – вызначальны фактар паспяховага прасоўвання айчынных тавараў на знешні рынак, а значыць – умацаванне нацыянальнай эканомікі, нацыянальнай бяспекі. Мяне як грамадзяніна Беларусі радуе, што пастаянна расце экспарт беларускіх тавараў і паслуг, павялічваецца пазнавальнасць нашага нацыянальнага брэнда «зроблена ў Беларусі», які прадстаўлены больш чым у 160 краінах. Пастаянна расце і геаграфія нашых паставак.
Пра многае кажуць і лічбы статыстыкі. Пра якасць жыцця ў Беларусі сведчыць, напрыклад, і тая колькасць турыстаў, што наведваюць нашу Сінявокую: летась у нас пабывала звыш 1,6 млн чалавек са 173 краін.
Запатрабаваныя сярод замежнікаў не толькі славутасці нашай Бацькаўшчыны: да нас едуць лячыцца (у 2023 годзе 123 тыс. грамадзянам са 149 краін аказаны медыцынскія паслугі), вучыцца (25 тыс. студэнтаў з больш чым 100 краін атрымліваюць у нас адукацыю).
Дзяліцца дасягненнямі айчыннай эканомікі мы гатовы з усімі, хто бачыць у Беларусі партнёра. Кожны павінен разумець простую ісціну – добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў з’яўляецца ключавой умовай дасягнення агульнага поспеху, павышэння матывацыі працы. Неабходна стымуляваць арганізацыі, каб яны павышалі якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, работ і паслуг. Мы павінны ўсвядоміць, што дабрабыт краіны, ад якога залежыць і асабістая задаволенасць якасцю жыцця, перш за ўсё, забяспечваецца эфектыўнасцю вучобы, працы, службы кожнага з нас.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!