Выстава Васіля Бурава адкрылася ў Залескім музеі-сядзібе імя М.К. Агінскага
Васіль Бураў нарадзіўся ў Пухавіцкім раёне. Скончыў факультэт станковага жывапісу і графікі Маскоўскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго працоўная дзейнасць была звязана з цяжкай фізічнай працай, а ў вольны час мастак тварыў.
У яго творчым “заплечніку” – больш за 700 работ. Васіль Бураў працаваў ва ўсіх жанрах: партрэт, нацюрморт, пейзаж, іканапіс… У кожнай рабоце – свая гісторыя. Найперш карціны прывабліваюць яркім каларытам, а калі ўглядаешся – бачыш нешта глыбокае, філасофскае, што прымушае задумацца…
Не адразу я разгадала сэнс работы “У наступным жыцці”. Здавалася б, проста пейзаж, буйным планам - галінка з лісточкамі, пакрытымі інеем. Але калі прыгледзелася, то ў абрысах лістоў заўважыла профілі мужчыны і жанчыны, якія глядзяць у розныя бакі. І я зірнула на карціну па-іншаму. Пачала адкрываць для сябе новыя, схаваныя ад няўважлівага вока сэнсы.
А вось разгадку работы “Не лёс” знайшла адразу: муж і жонка – ужо былыя. Не здолелі ўтрымаць сваё каханне. Пераварушылі брудную бялізну, развесілі яе на вяроўку, якая падзяліла іх сумеснае жыццё. Мужчына са сваімі праблемамі застаўся на адным баку, жанчына – на другім. Паветранымі шарыкамі разляцеліся ў розных накірунках іх заручальныя пярсцёнкі.
У кожнага творчага чалавека тэарэтычна павінна быць муза. Кожны ўяўляе яе па-свойму. Мастак прапанаваў свой варыянт – жанчыну, якая, нібы на струнах, грае на промнях сонца. Неверагодны вобраз!
Тэму вечнага жыцця мастак раскрыў у рабоце “Memento mori”. Васіль Бураў лічыць, што кожны чалавек павінен помніць пра смерць, дакладней пра тое, што будзе пасля яе. У цэнтры кампазіцыі – рука Усявышняга з напамінам пра тое, што трэба жыць, выконваючы 10 хрысціянскіх запаветаў. Толькі ў гэтым выпадку можна разлічваць на вечнае жыццё. У вобразе анёла-ахоўніка пры жыцці мы бачым вочы хірурга (частка твару закрыта маскай).
Але пакуль я не пачула тлумачэнне мастака, палічыла, што работа створана зусім нядаўна – як адказ на пандэмію каронавіруса. Медыцынскі работнік у масцы апошнім часам, у маім уяўленнні, – барацьбіт з сусветна вядомай заразай. Аказалася, карціна напісана ў 2006 годзе, але, на мой погляд, асабліва актуальнай яна стала цяпер.
Залескаму музею-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага Васіль Бураў падарыў карціну “Паланэз Агінскага”, якую ён стварыў ў 2014 годзе. Што цікава: у той жа год музей-сядзіба адкрылася пасля рэканструкцыі. Мастак прызнаўся, што яшчэ ў дзяцінстве ён палюбіў паланэз “Развітанне з Радзімай”. Пачуў яго ў фільме, дзе галоўны герой - хлопчык - выконвае твор на скрыпцы. “З малых гадоў я помню гэты паланэз, які выконваецца менавіта на гэтым інструменце”, - удакладніў Васіль Бураў. Вось тады я зразумела, чаму аўтару паланэза мастак даў у рукі скрыпку.
Першая персанальная выстава Васіля Бурава прайшла прыкладна дзесяць гадоў таму. У Залессі – 47 па ліку. Працаваць яна будзе да 1 мая.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.