Пераемнікі культурнай спадчыны

 

Пераемнікі культурнай спадчыны

Общество
07.10.2024
591

20 гадоў на сцэне выступае ўзорны фальклорны гурт «Нальшчаначка» з Жодзішкаўскай СШ. Калектыў з’яўляецца асноўным пераемнікам багатай песеннай спадчыны. Дзеці з задавальненнем спяваюць беларускія песні, танцуюць побытовыя танцы, удзельнічаюць у абрадах.

Ініцыявалі стварэнне калектыву самі дзеці. Жадаючых займацца творчасцю было заўсёды шмат.

– Ідэйным натхняльнікам вывучэння народных песень і танцаў была Людміла Кісялёва, жанчына, якая цудоўна танцавала і вучыла гэтаму іншых. Людміла Мар’янаўна запаліла іскру творчасці і ў ва мне, – расказала кіраўнік «Нальшчаначкі» Кацярына Дудзінская. – Рэпертуар падбіралі разам з кіраўніком народнага ансамбля песні «Вечарынка» Аленай Давыдзенкавай. З цягам часу пачалі вывучаць і спяваць песні свайго рэгіёна.

У рэпертуары гурта беларускія народныя песні Смаргоншчыны. Ёсць песні, запісаныя ад бабулі Кацярыны Віктараўны, Алены Касевіч, носьбіткі народных песень з вёскі Стымоні.

Творчы калектыў не абмяжоўваецца вывучэннем і выкананнем народных песень і танцаў. Удзельнікі «Нальшчаначкі» актыўна вывучаюць абрады сваёй мясцовасці, прымаюць удзел у навукова -практычных канферэнцыях, што дазваляе прааналізаваць фальклорную спадчыну.

У калектыве 45 таленавітых дзяцей рознага ўзросту. Самаму малодшаму – чатыры гады. Ёсць нават дынастыі. Гэта дзеткі з сем’яў Садоўскіх, Чартовічаў, Рогачаў, Цымбалаў і іншых.

Юныя артысты выступалі не толькі на пляцоўках нашай краіны. Апладысменты ім дарылі ў Расіі. Прыгожая беларуская песня гучала ў выкананні «Нальшчаначкі» ў Літве, Швецыі, Латвіі, Францыі, Польшчы і іншых краінах. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Творчы патэнцыял яго расце, адкрываючы новыя перспектывы для ўдзельнікаў.

У верасні на абласным фестывалі традыцыйных культур «Скарбы Гродзеншчыны» фальклорны гурт «Нальшчаначка» Жодзішкаўскай СШ у намінацыі «Лепшы дзіцячы фальклорны калектыў» атрымаў дыплом 1 ступені. У снежні бягучага года юныя артысты прымуць удзел у міжнародным конкурсе ў Маскве.

изображение_viber_2024-10-07_14-19-25-725.jpg

Галіна КОЗЕЛ

Фота з архіва Кацярыны ДУДЗІНСКАЙ

Статьи по теме: