Таццянін дзень
Сваё маленькае ўтульнае шчасце Таццяна Шунько знайшла на невялічкай старэнькай ферме ў Сяльцы. Трапіла сюды выпадкова: пасля замужжа засталася жыць у роднай вёсцы, трэба было недзе працаваць, прапанавалі месца даяркі на ферме, пайшла. Думала, на год, на два, але затрымалася надоўга. Дзень за днём, год за годам... Не заўважыла, як і дзесяць праляцелі.
Работа даярак у тыя часы была не мёд. Кароў даілі не два разы на дзень, як цяпер, а тры. Кожнай рагулі даяркі ўручную прыносілі салому, цягалі цяжкія вёдры з пітвом. Цялятніцы на ферме не было, і дагляд за маленькімі цяляткамі быў таксама на сумленні даярак. Шмат часу і сіл забірала праца. А між тым і дома неабходна было паспяваць: падрасталі дзве дачушкі, муж ад святла да цямна працаваў механізатарам, і таму памочнік у хатніх справах з яго быў вельмі слабы. Нялёгка прыходзілася Таццяне, але яна на свой лёс не наракала.
- І ў думках не было некаму на нешта скардзіцца, - разважае Таццяна. - Цяжка было, але рабілі. І нават я не шкадавала, што ўладкавалася даяркай, з цягам часу ўвогуле палюбіла сваю работу.
Амаль дзесяць гадоў адпрацавала Таццяна Шунько аператарам машыннага даення. Аднойчы пасля дойкі былы старшыня калгаса Анатоль Шафарэнка паклікаў яе на размову. Таццяна захвалявалася, але кіраўнік гаспадаркі пахваліў жанчыну за працу і прапанаваў пасаду загадчыцы фермы. Маўляў, цяперашняя загадчыца ідзе на заслужаны адпачынак, замяніць яе няма кім, папрацуйце хаця б некаторы час. Таццяна не згаджалася. Перажывала не за сябе, а за тое, што можа не апраўдаць давер старшыні.
- Пэўны час я была супраць, але падумала, што раз старшыня гаспадаркі сказаў, што трэба, значыць трэба, - тлумачыць Таццяна.
Спецыяльнай адукацыі жанчына не мела, але за плячыма быў дастатковы вопыт, каб хутка ўнікнуць і ва ўсім разабрацца. Праз некаторы час Таццяна наогул забылася, што згаджалася на пасаду часова. Так і засталася.
Сёлета спаўняецца роўна 20 гадоў як 21-гадовая Таццяна ўладкавалася на сялецкую ферму аператарам машыннага даення. Палову гэтага тэрміну яна працуе тут загадчыцай. Калектыў фермы - 15 чалавек: аператары машыннага даення, слесары, жывёлаводы, стораж. Усе работнікі тутэйшыя, з Сяльца. Таццяна кожны дзень на працы. Калі трэба куды-небудзь адлучыцца, сярод працаўнікоў у загадчыцы ёсць “правая рука”, каб даверыць справы. Але Таццяна прызнаецца, што ўсё любіць кантраляваць сама і пры неабходнасці можа замяніць многіх работнікаў.
- За дзесяць гадоў бывала рознае: не выйшла, напрыклад, цялятніца на працу, іду і сама кармлю, паю і падсцілаю цялят. А як інакш? Работу ж рабіць усё роўна трэба, - расказвае жанчына.
Сённе на ферме ў Сяльцы ўтрымліваецца 210 кароў і 65 цялят. У сярэднім за суткі ферма здае каля 2100 кг малака. Дояць вышэйшы гатунак. Але Таццяна марыць выйсці на "экстру".
- Разумею, што на звычайнай ферме нялёгка атрымаць малако гатунку "экстра", але ж на некаторых фермах яго атрымліваюць. Значыць, і для нас гэта рэальна. Пакуль што не ведаю, дзе дапускаем памылку, магчыма, штосьці робім не зусім так, - Таццяна не саромеецца быць самакрытычнай. - А мне шчыра хочацца атрымліваць малако высокай якасці, каб дапамагчы сваёй гаспадарцы атрымаць большы прыбытак, мець лепшыя паказчыкі.
Таццяна нарадзілася, вырасла і ўсё жыццё пражыла ў Сяльцы. Была замужам, але муж у маладым узросце загінуў. Жанчына адна гадавала дачушак. Цяпер абедзве студэнткі.
Мая суразмоўца з сумам расказвае пра тое, што амаль уся моладзь з вёскі выехала ў горад. А так хацелася б, каб у родны калгас прыходзілі працаваць маладыя.
- Сёлета мая старэйшая дачушка заканчвае Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і прыязджае да нас у КСУП “Сінькі” на працу аграномам. Вельмі рада, што дачушка вяртаецца ў вёску, - дзеліцца патаемнымі пачуццямі Таццяна.
На ферму ў Сялец мы завіталі ў той дзень, калі Таццяна адзначала свае імяніны. На развітанне яшчэ раз павіншавалі яе з Днём Таццяны, пажадалі жаночага шчасця, і каб сёлета гэта цудоўная жанчынка знайшла моцнае мужчынскае плячо.
- Пажадайце мне, лепш, каб мы сёлета пачалі даіць “экстру”, - яркія іскры надзеі бліснулі ў вачах Таццяны.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.