– Вігілію – вечар, які папярэднічае Калядам, звычайна мы праводзім у сямейным коле. Часцей за ўсё збіраеся ў маёй мамы. Па традыцыі за стол садзімся з першым прыцемкам, калі на небе з’яўляецца першая зорка. Перад гэтым абавязкова чытаем Евангелле – фрагмент пра нараджэнне Ісуса Хрыста. Запальваем свечку як сімвал Яго прысутнасці сярод нас, – зазначае Таццяна.
– Абавязкова пад абрус кладзецца сена. Гэта напамін аб тым, што Ісус Хрыстос нарадзіўся ў нястачы – у яслях для жывёлы. За сталом пакідаем адно пустое месца для выпадковага госця. Таму што ў вігілійны вечар ніхто не павінен заставацца адзін, – дадае Дзяніс. – Затым мы молімся, просім прабачэнне адзін у аднаго, выказваем пажаданні і дзелімся аплаткам. На стале ў нас заўсёды 12 посных страў – па колькасьці апосталаў Ісуса. Затым усёй сям’ёй ідзем у касцёл на Святую Імшу Пастэрку.